Санітарны цягнік №218 адпраўляецца…

 

Санітарны цягнік №218 адпраўляецца…

Галина АНТОНОВА
06.08.2023
1230
 Побач са станцыяй Залессе, каля чыгуначных пуцей, узвышаецца абеліск з цікавым лёсам. Гэта адзін з першых, магчыма нават самы першы ў нашым краі мураваны помнік, які ўшаноўвае памяць абаронцаў Радзімы. Размешчаны ён на месцы пахавання салдат рускай імператарскай арміі, загінуўшых у баях восенню 1915 года.

      У міжваенны час гэтым мемарыяльным месцам апекаваўся святар Міхневічскай царквы, удзельнік Першай сусветнай вайны, пастыр Другога баявога атрада эскадры паветраных караблёў “Ілля Мурамец”, кавалер Георгіеўскага медаля Апалінар Кансценчык. Працяглы час помнік, “апавіты” зараснікам, незаўважна ахоўваў месца апошняга спачыну салдат далёкай і прызабытай вайны.

Першапачатковая шыльда на помніку ў Залессі.jpg

Першапачатковая шыльда на помніку ў Залессі.

У 2004 годзе сучасныя “варвары” скралі першапачатковую металічную шыльду, але тэкст з яе захаваўся, бо раней быў сфатаграфаваны краязнаўцамі смаргонскай гімназіі. Калектыў рэдакцыі “Светлага шляху” падтрымаў ініцыятыву па ўзнаўленні надпісу на новай табліцы і звярнуўся з такой прапановай да кіраўніцтва Беларускай чыгункі. Чыгуначнікі адгукнуліся на высакародную справу і вясной 2005 года на месца былой шыльды прымацавалі новую. Добраўпарадкавалі тэрыторыю каля помніка, і сёння старанна даглядаюць гэта мемарыяльнае месца.

Помнік ахвярам ПСВ у Залессі.jpg

Помнік ахвярам ПСВ у Залессі.

З таго часу пачаўся пошук звестак пра пазначаны ў тэксце “Галаўны санітарны цягнік №218”, персанал якога такім годным чынам вырашыў ушанаваць памяць загінуўшых воінаў.

   Ваенна-санітарныя цягнікі прызначаліся для перавозкі параненых і хворых, былі рухомымі шпіталямі ў ваенны час. Іх фарміраваннем займалася акрамя ваеннага ведамства і адна з буйнейшых грамадскіх арганізацый – Усесаюзны земскі саюз дапамогі хворым і параненым (УЗС). Сярод усіх чыгуначных транспартаў УЗС санітарны цягнік з нумарам 218 вылучаўся гісторыяй свайго ўзнікнення і выключным характарам работы. Ён сфармаваўся 13 (26) лістапада 1914 года на паўночна-заходнім фронце як вузкакалейны цягнік. Быў прызначаны абслугоўваць эвакуацыю параненых, падвозячы іх да цягнікоў шырокай каляіны. Спачатку ён лічыўся толькі прыдаткам да цягніка №187 і меў назву №187-біс. Складаўся ўсяго з некалькіх вагонаў, якія курсіравалі паміж Граевам і Лыкам ва Усходняй Прусіі. Пазней цягнік, ужо добра абсталяваны, абслугоўваў з лютага 1915 года Асавец і заставаўся пры крэпасці да апошніх дзён яе існавання. У гэты перыяд ён выконваў даволі кароткія рэйсы з крэпасці Асавец да Беластоку, чым пацвярджаў назву “галаўны”, г. зн. разлічаны на работу выключна паблізу фронта дзеючай арміі ці нават на самой перадавой. Пры вялікай інтэнсіўнасці работы, з пачатку першага выхаду і да 1(14) верасня 1915 года, цягнік зрабіў 121 рэйс і перавёз 16 429 чалавек.

   З восені 1915 года цягнік знаходзіўся на смаргонскім участку фронту. На ім эвакуіравалі параненых, дастаўлялі загінуўшых для пахавання ў Залессе. У 1916 годзе яго персанал прымаў удзел у дапамозе атручаным удушлівымі газамі.

   Каб мець уяўленне пра склад цягніка і яго персанал, варта пазнаёміцца з дадзенымі на верасень 1915 года. Цягнік складаўся з 30 вагонаў і мог перавесці за адзін рэйс 297 чалавек. Для эвакуацыі прызначаліся вагон для афіцэраў, 6 вагонаў для лёгкапараненых і 15 цяплушак. Мелася таксама 8 службовых вагонаў, у лік якіх уваходзілі вагоны для перавязак, кухня, ледавік, сталовая, 2 вагоны адводзіліся пад склад харчоў і інвентара. Асабовы склад цягніка быў наступным: урач, упаўнаважаны, 6 сясцёр міласэрнасці, 29 санітараў, загадчык гаспадаркай, 3 асобы кухоннага персаналу і прыслугі.

   Старэйшым урачом санітарнага цягніка была Наталія Апосталаўна Бераза. На той час яна атрымала Георгіеўскі медаль за тое, што за 6 месяцаў безперапыннай дзейнасці ў абложанай крэпасці Асавец, пры ўмовах выключнай цяжкасці, пастаяннай небяспецы, самааддана выконвала свае абавязкі па лячэнні і вывазе параненых. Пазней урач 218 галаўнога санітарнага цягніка была ўдастоена Георгіеўскіх медалёў 3-й  і 2-й  ступені.

Павел Пятровіч Корхаў, кавалер Георгіеўскага медаля, быў упаўнаважаным галоўнага камітэта Усесаюзнага земскага саюза, загадчыкам гаспадаркі цягніка. Ён займаўся фарміраваннем каманды, адказваў за ўнутраны парадак і за ўсю работу рухомай медыцынскай установы. Лічыцца, што пры яго непасрэдным кіраўніцтве і ўдзеле быў пабудаваны абеліск ў Залессі.

   Гэты помнік ушаноўвае памяць ахвяраў і пакутнікаў сусветнай вайны, узгадвае трагічныя старонкі нашага мінулага. Адначасова, знаходзячыся каля яго, можна аддаць даніну памяці медыкам і дапаможнаму персаналу, якія прымалі ўдзел у Першай сусветнай вайне. Дзякуючы хуткай дапамозе гэтых самаахвярных людзей былі выратаваны шматлікія жыцці параненых і хворых.

Уладзімір ПРЫХАЧ.



Интересные и актуальные новости Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

 #Новости_Светлы_Шлях