Велічная постаць жанчыны-маці, да якой даверліва прытуліўся, абхапіўшы яе сваімі ручкамі, маленькі бездапаможны хлопчык. А за спінай – чорныя абгарэлыя бэлькі… На плітах Сцяны памяці словы: “Людзі, схіліце галовы перад памяццю жыхароў вёскі Дальва, нявінна загубленых 19 чэрвеня 1944 года”.
Урачыстае адкрыццё Мемарыяльнага комплексу “Дальва” адбылося пяцьдзясят гадоў таму – 15 ліпеня 1973 года. Ад гэтага часу можна пачынаць адлік творчай дзейнасці заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь, ганаровага грамадзяніна Смаргонскага раёна, скульптара Уладзіміра Церабуна – аўтара мемарыяла.