На свяце гумару – “замежныя жаніхі” і крэўскія нявесты
Свята гумару “Крэўскія жарты”, якое праходзіць у аграгарадку пяты год запар, зноў сабрала гледачоў у Доме культуры. Распачалося свята з традыцыйнага рытуалу: старшыня Крэўскага сельсавета Віктар Дзятчык і галоўны спецыяліст аддзела культуры райвыканкама Ганна Ханевіч распілавалі бервяно пілой “Цешчын язык” – і імпрэза пачалася!
“Сёння за аснову мы ўзялі вяселле. Старыя людзі ўспамінаюць вядомы выраз: “Нявестаў з Крэва не бяруць, парасят – не купляюць”. Мы вырашылі абвергнуць гэта меркаванне. Як вы бачыце, усіх крэўскіх нявест замуж пабралі заморскія жаніхі”, - зазначыла рэжысёр Крэўскага ДК Алена Міхалькевіч, якая цудоўна сыграла ролю вядучай Агрэпіны Закадрышчанка на перадачы “Давай пажэнімся па-крэўску” і выдала замуж, бадай, апошнюю крэўскую нявесту.
Крэўскім артыстам ладзіць свята дапамагалі калегі з Бялкоўшчынскага, Залескага і Сінькоўскага Дамой культуры. Удзельнікі залескага тэтра мініацюр “Марыянеткі” таксама прапанавалі міні-пастаноўку на тэму жаніцьбы.
У фае ДК можна было пакруціць “Кола цудаў” і выйграць прыз, паласавацца ў крэўскай карчме мясцовымі прысмакамі, зрабіць фота разам са сватам і сваццяй, а таксама з Анёлам і Адзінарожкам.
Вікторыя з дачкой Лізаветай:
- Я родам з Крэва, але цяпер жыву ў Баранавічах, на малой радзіме бываю рэдка. Але заўсёды, як прыязджаю ў родны дом, прыходжу ў клуб на святы. Школьніцай пастаянна сюды хадзіла, удзельнічала ў розных мерапрыемствах. Па-ранейшаму тут весела, добра, у тым жа стылі, у тым жа духу. Крэва жыве актыўна.
Анастасія:
- Я жыву ў Мінску, а ў Крэва прыязджаю на дачу. На свяце гумару не ўпершыню. Тут вельмі весела, цікава. Сёння я злавіла букет нявесты, але замуж пакуль не збіраюся, мне толькі дзесяць гадоў.
Смотреть фото далее
Галіна АНТОНАВА.
Фота аўтара.