Яўген Сліж: “Ярмакі - месца сілы”

 

Яўген Сліж: “Ярмакі - месца сілы”

Галина АНТОНОВА
10.11.2022
1859

Я не бачыла вёску Ярмакі ў іншую пару года. Але нават у лістападзе, напэўна, у самы непрыгожы восеньскі  момант, калі дрэвы стаяць амаль голыя, калі яшчэ няма снегу, Ярмакі ўмудраюцца выглядаць прывабна.

Хто лепш, як не чалавек творчы, можа варта ацаніць гэта месца?  А калі прыходзіць адчуванне, што тут жыве дух тваіх продкаў, то гэты жывапісны куток становіцца асабліва дарагім. Бясцэнным!

У хаце, дзе пасяліўся Яўген Сліж, жылі яго бабуля і дзядуля па мацярынскай лініі, Яўгіння і Міхась Скопецы. Хаце сем дзясяткаў гадоў. Частка яе перавезена з Крэва, другая – дабудавана. Колькі яна ўжо пабачыла-перажыла! А колькі яшчэ перажыве… 

Некалі бабуля Яўгена гаварыла: “Прадавайце хату хоць за тысячу”. Але Яўген настойліва адмаўляўся: “Ні ў якім разе! Я прыеду сюды жыць!”. Наўрад бабуля ў гэта паверыла, але хату не прадала.

IMG_6155.JPG

IMG_6104.JPG

IMG_6032.JPG

IMG_6057.JPG

Шлях да творчасці

Яўген родам з Маладзечаншчыны, з Сасновага бору.  “Калі я быў школьнікам, любіў ляпіць з пластыліну, майстраваў з дрэва лукі, рагаткі і нават караблі, - успамінае мой суразмоўца. - Усе канікулы праводзіў у Ярмаках. Бабуля гэта месца называла “Ярмацкая тундра”. Дзе б я ні быў, увесь час у маёй памяці ўсплывалі велізарныя ярмацкія ліпы і клёны: ідзеш па вуліцы, як па тунэлі, з гары глядзіш – за багатай лістотай дрэў нават стрэх не відаць, толькі антэны тырчаць. Дубы, калі на іх узбіраешся і раскачваеш галінкі, становяцца  самалётамі ці караблямі.

Тут быў ідэальна роўны брук, які разбілі напрыканцы мінулага стагоддзя, калі пачалі рэзаць лес. А між іншым, па гэтым бруку столькі людзей і коней з вазамі прайшло. Па гасцінцы да Крэва, напрасткі, зусім блізка, каля шасці кіламетраў”.

виды.jpg

виды 1.jpg

Скончыў школу Яўген у Маладзечне, потым – Вілейскае ПВТ-48. Атрымаў спецыяльнасць разбяра па дрэве, тры гады адпрацаваў на Маладзечненскай мэблевай фабрыцы. Выразаў розныя элементы аздаблення да мэблі. Работнікі выконвалі і  іншыя заказы, напрыклад, рабілі царскія вароты ў саборы Успення Прасвятой Багародзіцы. Напрыканцы 1990-х на фабрыцы былі ледзь не самыя лепшыя заробкі ў горадзе.

Разьба па дрэве вельмі захапіла хлопца, ён пачаў выразаць невялікія скульптуры. Калі гэту зацікаўленасць убачыў старэйшы калега Віктар Чупрын, параіў хлопцу запісацца на заняткі па маляванні.

У Маладзечне на той час была выдатная мастацкая студыя пры Доме культуры. У ёй займаліся людзі рознага ўзросту. Яўген накіраваўся туды. Працаваў на фабрыцы, а пасля работы спяшаўся на заняткі. У атмасферу, дзе панавала Яе Вялікасць Творчасць.

“Памятаю, у 1999 годзе мы зладзілі плэнэр у Ярмаках. Было12 чалавек. Не толькі тыя, хто займаўся ў студыі, але і хто вучыўся ў акадэміі мастацтваў, ва ўніверсітэце культуры, у “Глебаўцы”. Два тыдні мы спалі на сене, у садзе на вогнішчы гатавалі ежу. І, безумоўна, малявалі. Не толькі ярмацкія краявіды. Выбіраліся ў суседнія вёскі, у тым ліку ў  Крэва, на замчышча. Вечарам бабуля з дзядулем распавядалі нам даўнейшыя гісторыі, - усміхаецца мой субяседнік. - Выкладаў у студыі вельмі цікавы мастак Анатоль Акулік, з якім мы і дагэтуль сябруем. Менавіта ён прапанаваў мне паступаць у “Глебаўку” (Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя А. К. Глебава – аўт.). Сумяшчаць заняткі з работай было няпроста. Я вырашыў звольніцца з фабрыкі. Бацькам быў незразумелы мой выбар: дзеля чаго трэба кідаць працу, якая прыносіць  добрыя грошы?”

Мастацтва скульптуры і… ушу

У 2000 годзе Яўген паступіў у “Глебаўку”. Вучыўся працаваць з дрэвам, металам, каменем. Скончыў і адразу накіраваўся ў Санкт-Пецярбургскую дзяржаўную мастацка-прамысловую акадэмія імя А. Л. Штыгліца.

глебовка.png

“Надзвычай насычаны час, - кажа Яўген. - Калі вучышся на мастака ці скульптара, то, па сутнасці, жывеш у майстэрні. Да таго ж з першага курса акадэміі пачаў працаваць. У асноўным, гэта былі рэстаўрацыйныя работы. Мы супрацоўнічалі з вядомым піцерскім рэстаўратарам Львом Шыфрынам, пад кіраўніцтвам якога ў Санкт-Пецярбургу было адноўлена некалькі мільёнаў квадратных метраў гістарычных будынкаў. Узнаўлялі фасадную скульптуру, ляпніну, працавалі на многіх аб’ектах, адзін з якія – Галоўнае Адміралцейства. Пасля вучобы застаўся ў Піцеры. Працаваў і тварыў, свае працы прадстаўляў на фестывалях па скульптуры.

Тут пачаў асвойваць і кавальскую справу. Займаўся гэтым у кузні Фёдара Пушкарова. Праца з металам і агнём… Сапраўдная магія”.

работа 1.jpg

работа.jpg

работа 2.jpg

У Санкт-Пецярбургу Яўген захапіўся яшчэ і… кітайскімі баявымі мастацтвамі – ушу. Калі вучыўся на другім курсе, патрапіў на заняткі да кітайскіх трэнераў – і зацягнула. “Неўзабаве з групай аднадумцаў я апынуўся ў Кітаі. Спыніўся ў правінцыі Шаньсі. Пашанцавала патрапіць у святую святых, да патрыярха стылю, якому на той час было 89 гадоў. Вельмі жвавенькі дзядок, з ясным розумам. Дому, у якім мы жылі, было гадоў 200. І лад жыцця з таго часу не змяніўся: гатавалі на вуглях, елі простую ежу. Пачынаючы з 2009 года я час ад часу выязджаў у Кітай спазнаваць мастацтва ушу. Удзельнічаў у спаборніцтвах і фестывалях. Быў на той час адзіным удзельнікам з Беларусі”, - зазначае суразмоўца.

Дарэчы, традыцыйнае ушу – асобны свет, які ўключае ў сябе, акрамя заняткаў па баявых мастацтвах, яшчэ і філасофію, этыкет, паводзіны і адносіны да ўсяго навокал і людзей.

Вялікая колькасць медалёў, якія Яўген прадэманстраваў, яскрава расказала пра поспех і вялікую колькасць спаборніцтваў, у якіх удзельнічаў мой суразмоўца.

IMG_6049.JPG

Адначасова ён знаёміўся з культурай краіны, спасцігаў кітайскую мову. У 2015 годзе, хлопец з Кітая, які таксама вучыўся ў Піцеры, запрасіў Яўгена ў Куньмін. Там хлопец працаваў у скульптурнай майстэрні, дзе гаспадар займаўся гальванікай.  “Куньмін – “горад вечнай вясны”, радзіма чаю і кветак. Самае экалагічна чыстае месца ў Кітаі. Пражыў там Яўген спачатку тры месяцы, а пасля яшчэ шэсць. 

тайхан.png

Хіба не рай?

У Ярмаках хлопец бываў рэдкімі наездамі. Але ўсё больш задумваўся, што менавіта тут трэба пускаць свае карані. У 2017 годзе вырашыў у вёсцы прапісацца. Планаваў затрымацца, але восенню 2018 яго запрасілі ў Чжэнчжоу – выкладаць скульптуру ва Усходнім міжнародным мастацкім інстытуце. 

китайцы.png

Хто ведае, як бы склаўся далейшы лёс нашага героя, калі б не каранавірус. “Восенню 2019 года, яшчэ калі не гаварылі пра гэту хваробу ва ўвесь голас, мы на яе ўжо перахварэлі. Я таксама цяжка перанёс “карону”. Неўзабаве ў Кітаі пачаўся карантын – і я вярнуўся ў Ярмакі. Увесь 2020 год тут прасядзеў бязвылазна. Крыху займаўся творчасцю, а збольшага – даводзіў да ладу хату і двор, - успамінае Яўген. - Потым пачаў выходзіць у людзі. Вясной 2021 года ўдзельнічаў у фестывалі бронзавай скульптуры (конкурс для прафесійных скульптараў), які праходзіў у Астрашыцкім гарадку.  Стаў лаўрэатам. Усяго было 40 удзельнікаў, 3 месцы вызначаліся прызамі. Мой твор “Сон розуму нараджае пачвару” да прыза не дацягнуў, але яго купілі ў прыватную калекцыю. А зусім нядаўна на выставу ў Піцер адправіў сваю камбінаваную работу “Філосаф”, зробленую з мясцовага валуна і дрэва (са строй ліпы вецер зламаў галіну)”.

IMG_6064.JPG

IMG_6058.JPG

IMG_6077.JPG

Творчасць жыве ў доме Яўгена. Тут стаіць каркас на будучую скульптуру, далей – фармуецца скульптура… Займаецца мой субяседнік і кавальскай справай. На стале – нататнік з эскізамі каваных элементаў да вежы-дазорцы ў Крэве. Разам з сябрам Аляксеем Патапенкам, кавалём, які жыве ў Панары, выраблялі аздабленне да новага турыстычнага аб’екта.

IMG_6028.JPG

IMG_6025.JPG

IMG_6645.JPG

IMG_6663.JPG

IMG_9108.JPG

IMG_9112.JPG

Мой суразмоўца доўгі час знаходзіўся ў віры падзей, а ў Ярмаках так ціха. Пастаянна тут жывуць тры чалавекі: Яўген, яго 85-гадовая суседка – баба Стася і Канстанцін Дземідовіч, які ўзнаўляе аграсядзібу “Зорка Крэва” паблізу замка. Пяць хат выкарыстоўваецца пад лецішча.

IMG_6158.JPG

IMG_6113.JPG

IMG_6131.JPG

У Ярмаках захаваўся драўляны крыж, які стаіць з часоў Вялікай Айчыннай вайны. Бабуля распавядала Яўгену, што яго стварыла мясцовая моладзь за ноч. Дубовы крыж на перамогу выразалі хлопцы, а дзяўчаты саткалі ручнік, якім яго перавязалі.   

“Камусьці можа падацца, што мне тут сумна. А чаго мне сумаваць? – разважае творца. - Маю шмат планаў, у самых бліжэйшых – хачу зладзіць майстэрню. У мяне ёсць сябры, сабакі, інтэрнэт. А мастакі – такія людзі, якія заўсёды знойдуць сабе занятак. Урэшце рэшт, можна ўзяць меч, выйсці на падворак і пазаймацца.

Да таго ж – гэта месца выдатнае для натхнення, якое прыходзіць ад прыгажосці наваколля, ад прыроды, ад людзей. Зранку глянеш удалячынь – алені стаяць ці лось выйдзе з кустоў.   Зладзіш ранішнюю трэніроўку, заварыш кітайскага чаю, п’еш і глядзіш у вакно… Асабліва прыемна ўзімку. На вуліцы холадна, завіруха, а ты сядзіш у цяпле: печ топіцца, яловыя дровы патрэскваюць, назіраеш за птушкамі, што прылятаюць да кармушкі, якую сам зрабіў і павесіў… “

Хіба не рай? 

IMG_6145.JPG



Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара і з архіву Яўгена СЛІЖА.