Дзюдо – від спорту, які не адпускае

 

Дзюдо – від спорту, які не адпускае

Спорт и туризм
28.10.2023
3194
Калісьці Захар Нагаеў упершыню прыйшоў у залу дзюдо, трымаючыся за татаву руку. А потым дрыжаў ад хвалявання перад першымі спаборніцтвамі. А яшчэ пазней цвёрда вырашыў “завязаць” з барацьбой. І яшчэ раз “завязаць”. І вось ён стаіць перад строем маленькіх дзюдаістаў і марыць, каб хтосьці з яго выхаванцаў стаў прафесійным спартсменам міжнароднага ўзроўню.

2Z3A9058.JPG

Свет дзюдо для маленькага Захара адкрыў першы трэнер Уладзімір Грышкевіч – узяў яго, маленькага, займацца не афіцыйна, за кампанію са старэйшымі хлопцамі. Убачыў яго хлапчуковую ўпартасць, настойлівасць, імкненне перамагаць. “Тады кімано нельга было проста купіць у магазіне, яго павінен быў выдаць трэнер, - успамінае Захар ­Нагаеў. – Я спачатку займаўся ў спартыўным касцюме. А потым Ула­дзімір Іванавіч адзеў мяне ў кімано. Во гэта шчасце было!” У дзевяць гадоў стаў займацца афіцыйна. А крыху пазней трэнер аб’явіў сваім хлопцам, што мяняе сферу дзейнасці. І гэта падалося проста катастрофай. Захар вырашыў, што ў залу больш ні нагой. “Я са школы ішоў і глядзеў па баках, каб не сустрэць іншых трэнераў, бо яны прапаноўвалі трэніравацца ў іх, - смяецца Захар Кірылавіч. – А потым мяне ўсё ж вылавілі, так я трапіў да Юрыя Гулецкага”.

Менавіта Юрый Гулецкі пазней прапанаваў Захару Нагаеву трэніраваць дзяцей разам з ім. Але да гэтага пачынаючы спартсмен ішоў яшчэ многа гадоў. У 14 паступіў у Рэспубліканскае вучылішча алімпійскага рэзерву. Здавалася б, перспектывы бліскучыя. Тым больш, што трэніраваў яго тады Дзяніс Кунцэвіч, які адзін час з’яўляўся галоўным трэнерам нацыянальнай зборнай. Але першая траўма і аперацыя на меніску, потым другая – і паўторная аперацыя… І прыйшлося сказаць трэнеру, што спартыўная кар’ера, на ­жаль, скончана.”Цяпер я разумею, чаму трэнеру гэтая навіна зусім не спадабалася, - разважае ­Захар Кірылавіч. – Калі трэніруеш дзіця, укладваешся ў яго поўнасцю, а яно раптам сыходзіць – гэта крыўдна”.

Некаторы час не ведаў, куды сябе прымяніць: столькі гадоў працаваў на спартыўную кар’еру. Паступіў у педагагічны ўніверсітэт. “Не скажу, што марыў аб трэнерскай рабоце, пазней перавёўся на завочнае, вярнуўся ў Смаргонь, - расказвае Захар Нагаеў. – Тут дапамагаў бацьку ў прадпрымальніцкай дзейнасці, пачаў хадзіць у трэнажорную залу і на трэніроўкі да Юрыя Гулецкага. А пасля той прапанаваў мне працаваць як выкладчык”. Малады чалавек падумаў тады: а чаму б і не? Ёсць ужо пэўны вопыт у спаборніцтвах і трэніроўках, хацелася б перадаць яго дзецям.

Захар Кірылавіч прызнаецца, што лягчэй працаваць з падлеткамі гадоў з 14. Малодшыя дзеці вельмі жывыя, цікавыя, але работа з імі вельмі цяжкая псіхалагічна. Яны не ў поўнай меры ўсведамляюць, для чаго прыходзяць у залу. Многа рэсурсу ў іх адбіраюць камп’ютарныя гуль­ні, сацсеткі. Яны пачынаюць трэніравацца ўжо ў некаторай ступені стомленымі. “Памятаю сваё дзяцінства: ні камп’ютара, ні тэлефона – у залу я проста ляцеў. А яшчэ як давядзецца з трэнерам вяртацца дамоў, то ўвогуле шчасце: цікава было з ім размаўляць нават пра самыя простыя рэчы”, - успамінае наш герой. Старэйшыя дзеці ­больш матываваныя. Займаючыся столькі гадоў дзюдо, яны ведаюць, для чаго. Тут ужо і бацькі не прымушаюць, і трэнеру не трэба шукаць асаб­лівы падыход: даеш заданне і можаш быць упэўнены, што яго выконваюць.

Самы адказны момант для любога трэнера – спаборніцтвы. Мала хто можа спакойна назіраць, як на татамі змагаецца твой ­выхаванец. Будзеш і падбадзёрваць, і падказваць, і хвалявацца больш, чым за сябе. “Ведаю, што мала хто з маіх дзяцей стане прафесійным спартсменам, - прызнаецца ­Захар Кірылавіч. – Але дзюдо дасць ім загартоўку, гнуткасць, магчымасць прадумваць наперад кожны рух і сілы для пераадолення свайго страху”.

2Z3A9060.JPG

2Z3A9025.JPG

Віялета ВОЙТКА.

Фота аўтара.


Интересные и актуальные новости Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

 #Новости_Светлы_Шлях



Статьи по теме: