Залатыя гады, залатое каханне

Залатыя гады, залатое каханне

Общество
15.03.2025
393
У прыгожым дыхтоўным доме ў вёсцы Асінаўцы жыве Каханне. Мудрае, праверанае часам і выпрабаваннямі, з сівізной у валасах. Залатое вяселле адзначылі Зыгмунд і Зінаіда ШУНЕВІЧЫ. У вачах «маладых»  выдатна чытаюцца глыбокія пачуцці: дабрыня, узаемапавага і падтрымка.

Зол св.jpg

Зінаіда і Зыгмунд Шуневічы

«Мы распісаліся на свята 8 Сакавіка ў Бялкоўшчынскім сельсавеце, а вяселле гулялі толькі ў красавіку. Дзень для роспісу спецыяльна не вызначалі, проста свабаднейшыя былі ў гэты час, – усміхаюцца залатыя юбіляры. – Пажаніліся мы нават па сённяшніх мерках пазнавата: абодвум – за 30 гадоў. Затое зрабілі ўсвядомлены выбар».

Папярэднічаў вяселлю, можна сказаць, службовы раман. Зінаіда на той час працавала ў стрыпунскім калгасе аграномам, а Зыгмунд – вадзіцелем у «Смаргонскай сельгастэхніцы», вазіў торф на поле. Малады аграном лічыла колькасць рэйсаў, падпісвала пуцёўкі вадзіцелю.

«Зыгмунд жыў тады з бацькамі ў Стымонях, адтуль да Стрыпун – кіламетраў шэсць. Пачаў на танцы ў нашу вёску прыходзіць. Мы сталі сябраваць, неўзабаве рашылі пажаніцца. Адпрацаваўшы сем гадоў у Стрыпунах, я перайшла на работу ў сельгастэхніку, дзе і адшчыравала да пенсіі», – удакладняе Зінаіда Мітрафанаўна.

У 1980 годзе Шуневічы перабраліся ў свой дом, дзе і жывуць дагэтуль. Сюды прыехалі павіншаваць іх з залатым вяселлем старшыня Каранёўскага сельвыканкама Святлана Гаспадарова і ўпраўляючая справамі Святлана Шыш, а таксама кіраўнік і салісты вакальнай групы «Крынічанька» з УТЦСАН «Цёплы дом».

Госці пацікавіліся ў Зыгмунда Аляксандравіча і Зінаіды Мітрафанаўны сакрэтам іх сямейнага даўгалецця. А «жаніх» і «нявеста» і не ўтойвалі нічога: «Паважаць і давяраць адно аднаму, не настойваць упарта на сваім, варта часам і саступіць, умець слухаць і чуць адно аднаго, дараваць і падтрымліваць у цяжкія хвіліны».

Напрыканцы размовы Зінаіда Мітрафанаўна мудра адзначыла: «Пакуль чалавек малады, шмат працуе, то, магчыма, не адчувае патрэбу ў тым, каб хтосьці быў побач. Але з гадамі так хочацца мець блізкага чалавека. Родная душа ў доме – гэта важна, бо ты ведаеш, дзеля каго жывеш».

Аляксандра ЦЫБОЎСКАЯ

Фота аўтара