Адкрыты конкурс мастакоў “Квітнеючыя берагі”

 

Адкрыты конкурс мастакоў “Квітнеючыя берагі”

Общество
31.12.2024
844

Спакойная прыгажосць нашай роднай зямлі, імклівыя хвалі рэк, што бруяцца паміж жывапісных берагоў, люстэркі азёр, старажытная архітэктура заўсёды натхнялі паэтаў, пісьменнікаў і мастакоў. ДУА “Жодзішкаўская дзіцячая школа мастацтваў” і аддзел культуры Смаргонскага раённага выканаўчага камітэта ўпершыню правялі адкрыты конкурс мастакоў “Квітнеючыя берагі”.

Мы запрасілі да ўдзелу таленавітых юных мастакоў узростам ад 7 да 16 гадоў з розных куткоў нашай краіны. Тэма конкурса цікавая і складаная адначасова – “Мой родны кут, як ты мне мілы!” – пейзаж, станковая кампазіцыя на аснове пленэрных работ. Гэта значыць, што мастакі ствараюць унікальны жывапісны ці графічны твор, выкарыстоўваючы эцюды з натуры, замалёўкі на пленэры, асабістыя ўражанні ад падарожжаў па родным краі.

Наш конкурс выклікаў вялікую цікавасць: мы атрымалі 101 заяўку на ўдзел!

Кампетэнтнае журы ў складзе старшыні журы Т. М. Ражэвай, начальніка  аддзела культуры Смаргонскага выканаўчага камітэта, С. У. Гароха, настаўніка ДУА “Смаргонская ДШМ імя М. К. Агінскага”, С. М. Дзенісенкі, настаўніка “Смаргонская ДШМ імя М.К. Агінскага” і А. В. Сосны, настаўніка ДУА “Жодзішкаўская ДШМ” падвяло вынікі конкурсу. У кожнай узроставай катэгорыі былі вызначаны ўладальнікі Гран-пры, лаўрэаты І, ІІ, ІІІ ступеней, а таксама дыпламанты І, ІІ, ІІІ ступеней. Адзначаны падзякамі педагогі юных удзельнікаў конкурсу.

Жодзішкаўскую ДШМ прадстаўлялі 7 навучэнцаў: Г. Кубліцкая (дыплом лаўрэата I ступені), В. Лешчанка (дыплом лаўрэата III ступені), А. Рудзяк (дыплом I ступені), А. Волкава (дыплом лаўрэата III ступені), У. Вароніна (дыплом лаўрэата I ступені), В. Рогач (дыплом лаўрэата I ступені) і С. Рудзяк (дыплом I ступені).

Нашым конкурсам зацікавілася Аляксандра Ралевіч – уладальніца аграэкасядзібы “Квітнеючыя берагі”, што месціцца ў аг. Жодзішкі. Нават калі яшчэ не былі падведзены вынікі, усе навучэнцы Жодзішкаўскай ДШМ, што бралі ўдзел у конкурсе, атрымалі прыемныя падарункі ад гаспадыні аграэкасядзібы.

Кожны з нас праслаўляе сваю малую і вялікую Радзіму па-свойму: адзін адраджае гістарычныя будынкі, іншы захоўвае нематэрыяльную спадчыну – песні, танцы, абрады, хтосьці прываблівае турыстаў гасціннасцю, смачнымі мясцовымі стравамі, утульнымі добраўпарадкаванымі гатэлямі і рэстаранамі… А мастакі праз прызму асабістага ўспрыяцця паказваюць някідкую, але такую мілую сэрцу прыгажосць краявідаў і людзей.

Мы спадзяёмся, што ў наступным годзе адкрыты конкурс мастакоў “Квітнеючыя берагі” будзе мець не толькі завочную форму ўдзелу, але і юныя таленты атрымаюць магчымасць папрацаваць на пленэры ў нашых жывапісных Жодзішках. Дарэчы, Аляксандра Ралевіч паабяцала падтрымліваць адкрыты конкурс мастакоў “Квітнеючыя берагі” і надалей.

Аляксандра СОСНА,

настаўніца ДУА “Жодзішкаўская ДШМ”

Статьи по теме: