26 снежня стартавала Рэспубліканская дабрачынная акцыя “Ад усёй душы”. Яна ініцыянавана Прэзідэнтам і праходзіць ужо ў трэці раз.
Акцыя “Ад усёй душы” – праменьчык клопату і дабрыні
Валанцёры атрада “Добрае сэрца” Войстамскай базавай школы актыўна далучыліся да гэтай акцыі. Яны па старой добрай традыцыі завіталі ў госці да пастаяльцаў Войстамскай бальніцы сястрынскага догляду. Іх тут ужо чакалі. Вядома ж, валанцёры прыйшлі не з пустымі рукамі, а з падарункамі і святочнай праграмай.
Сустрэча прайшла ў цёплай добразычлівай атмасферы. Пастаяльцы горача віталі кожны творчы нумар: яны апладыравалі, прытанцоўвалі ў такт музыцы, падпявалі знаёмыя песні – проста атрымлівалі задавальненне. У канцы сустрэчы кожны з прысутных атрымаў салодкі падарунак, падрыхтаваны рукамі работнікаў школы. Вочы гэтых людзей, якія апынуліся ў няпростай жыццёвай сітуацыі, свяціліся радасцю і шчасцем. У адрас валанцёраў гучалі словы падзякі і віншаванні напярэдадні навагодніх свят.
Ад сустрэчы ўсе атрымалі зарад пазітыву і станоўчых эмоцый, а дваццаць пяць адзінокіх людзей яшчэ і кропельку ўвагі, душэўнай цеплыні і клопату.
Т.С. Аўтушка, настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Войстамская базавая школа”