Аэрастаты на вайне

 

Аэрастаты на вайне

Общество
22.10.2024
449

Французы іх называлі «сосіс», а салдаты рускай арміі – «каўбасамі». Аэрастаты выкарыстоўваліся для назірання за супернікам і карэкціроўкі артылерыйскай стральбы, з’яўляліся найвышэйшымі паветранымі вышкамі, з якіх было добра бачна размяшчэнне ворага.

аэра 1.jpg

На смаргонскай зямлі ўжо восенню 1915 года ў Залессі базіруецца адзін з першых прывязных змейкавых аэрастатаў. Падчас Вялікай вайны ў гэтай мясціне знаходзілася назіральная станцыя 23-й паветраплавальнай роты. Месцы стаянак гэтай станцыі былі паблізу ад чыгуначнай станцыі Залессе і фальварка Копанае балота. Другая назіральная станцыя гэтай роты размяшчалася ў лесе, што на поўнач ад вёскі Мікулеўшчыны. На другім баку ад Віліі назіранні за варожымі пазіцыямі вяла 19-я паветраплавальная рота са станцыямі, стаянкі якіх у розныя часы размяшчаліся паблізу ад вёсак Лемяшы, Ардзяя і Вётхава.

Паралельна вісела ў паветры падобная гірлянда аэрастатаў і з боку нямецкай арміі. Назіралі за рускімі пазіцыямі станцыі аэрастатаў у Пастарынях, Працутах, Казянятах, Мартышках (сучасныя Бярозы), Маркоўцах, Лычніках, Аславенятах, Стымонях, Панары.

У нашым краі руская армія выкарыстоўвала змейкавыя аэрастаты сістэмы Парсеваля, аб’ёмам 750 – 850 кубічных метраў. Складаўся аэрастат з абалонкі цыліндрычнай формы з закругленымі канцамі, у сярэдзіне якой знаходзіліся вадарод і балонет з паветрам для падтрымання першапачатковай формы абалонкі. Знізу быў прымацаваны рулявы мяшок, які надаваў аэрастату ўстойлівасць. Аэрастат звязваўся з зямлёй стальным канатам і з дапамогай лябёдкі мог падымацца на кіламетровую вышыню, але найлепшай для назірання лічылася вышыня ў 600 метраў.

Да балона з газам мацаваўся кошык, у якім звычайна знаходзіліся два назіральнікі і неабходнае для работы абсталяванне. Бесперапыннасць назірання дазваляла паветраплавальнікам дасканала вывучаць перадавую і тыл суперніка, увесь час трымаць яго пад сваім пільным позіркам. Усё гэта стварала вялікія перавагі прывязнога паветраплавання ў справе разведкі і карэкціроўкі артылерыйскага агню па ворагу.

З удзелам прывязнога аэрастата ў нашым краі звязана адна значная падзея, вынік якой мы можам асэнсаваць і ацаніць толькі сёння. Для праверкі становішча на пазіцыях паміж Крэвам і Смаргонню 6 лютага 1916 года пад вёскай Суцькава накіравалася нямецкая інспекцыя высокапастаўленых чыноў, якую ўзначальваў камандуючы 10 арміяй генерал Герман фон Эйхгорн. Сярод інспектараў быў прынц Оскар Прускі, пяты сын імператара Вільгельма (гэта надавала інспекцыі асаблівую значнасць). Прыезд дэлегацыі на вышыню, з якой адкрываўся шырокі від на рускія пазіцыі, быў заўважаны назіральнікамі рускага аэрастата і артылерыйскія батарэі адкрылі моцны агонь па ворагу. У выніку абстрэлу загінуў начальнік штаба корпуса падпалкоўнік Р. Менгельбір, параненыя начальнік штаба арміі падпалкоўнік Э. Хелл, камандзір 261 пяхотнага палка маёр В. Гоернье. Атрымаў лёгкае раненне Оскар Прускі, пра што паведамілі некалькі перыядычных выданняў. Такія страты вышэйшага камандавання былі немагчымыя без своечасовых звестак паветраплавальнікаў. Пра значнасць падзеі таксама сведчыў пабудаваны пазней на той пазіцыі нямецкі бетонны бліндаж, над уваходам у які быў вымураваны надпіс «Оскар Прускі».

Каб уратавацца ад дакучлівых, усёвідушчых «вачэй ворага» супернікі спачатку спрабавалі артылерыйскім агнём збіваць аэрастаты. Але гэта аказалася справай складанай. У рэшце рэштаў ад яе адмовіліся і аддалі перавагу спальванню аэрастатаў запальвальнымі кулямі і ракетамі з аэрапланаў. Адна з такіх атак нямецкага самалёта на бівак 23-й паветраплавальнай роты ў Залессі адбылася 2 (15) жніўня 1916 года. З часопіса ваенных дзеянняў паветраплавальнай роты стала вядома, што аэраплан суперніка з вышыні 600 метраў скінуў на бівак аэрастата пяць бомбаў і запальвальную ракету. Адна бомба разарвалася ў адведзеным для каравула памяшканні. Загінулі радавыя Мікалай Аксенёнак, Андрэй Гурэнка, Андрэй Малкоў, Якаў Скрыпнік. Адначасова былі паранены 5 таварышаў па службе, іх накіравалі лячыцца ў лазарэт графіні Талстой. Ракета распалася на некалькі асобных частак і падпаліла левы борт аэрастата. Абалонку балона часткова затушылі, а яе рэшткі адправілі ў штаб для замены.

У 13 гадзін 30 хвілін наступнага дня адбылося пахаванне загінуўшых у брацкай магіле, якая знаходзіцца недалёка ад паўднёвай сцяны Міхневіцкай царквы. На пахаванні прысутнічала вышэйшае армейскае камандванне, святар і аркестр 7-га Рэвельскага пяхотнага палка, афіцэры і ніжнія чыны роты.

Рускія авіятары са свайго боку таксама праводзілі паспяховыя атакі на нямецкія аэрастаты. Дарэчы, у вёсцы Панары ўпершыню на руска-нямецкім фронце 1 чэрвеня 1917 года быў знішчаны з дапамогай ракет варожы аэрастат. У гэты дзень ваенны лётчык Грэнадзёрскага корпуснага авіяцыйнага атрада Аляксандр Кваснікаў на знішчальніку «Ньюпар», нягледзячы на моцны артылерыйскі і кулямётны агонь суперніка, смела атакаваў змейкавы аэрастат і спаліў яго запальнымі ракетамі «Ле Прыёр». Выпушчаны былі шэсць ракет, тры з іх трапілі ў цэль. Аэрастат згарэў, адзін назіральнік выкінуўся на парашуце. За смелы баявы ўчынак лётчык быў узнагароджаны Георгіеўскім крыжом 4 ступені.

Пры кожным уздыме назіральнікі падвяргаліся страшэннай рызыцы ад ружэйнага, кулямётнага і артылерыйскага абстрэлаў, нападу непрыяцельскіх аэрапланаў і проста непагадзі ў выглядзе шквалістага ветру. Для ратавання іх жыццяў з 1917 года аэранаўтаў рускай арміі сталі забяспечваць парашутамі. У кнізе Мікалая Аношчанкі «Вайна ў паветры» прыведзены ўспаміны ваеннага паветраплавальніка Варанцова пра тое, як яму ўдалося выратавацца з ахопленага агнём аэрастата ў жніўні 1917 года. Разведчык вёў назіранне з вышыні 580 метраў над пазіцыямі на поўдзень ад Крэва. Яснае надвор’е спрыяла. Але хутка пасля падняцця ў паветра аэрастата Варанцова папярэдзілі, што ў яго бок накіроўваецца нямецкі аэраплан. Калі непрыяцельскі самалёт наблізіўся і пачаў страляніну ў бок аэрастата, назіральнік стаў страляць у адказ са стрэльбы-кулямёта Люіса. Аэрастат загарэўся і пачаў падаць, таму паветраплавальніку не заставалася нічога іншага, акрамя як выкінуцца з кошыка на парашуце. Спускаючыся, парашутыст заўважыў, што палаючы аэрастат даганяе яго. На шчасце, усё абышлося. Вецер, хоць і быў невялікі, усё ж панёс назіральніка з яго парашутам убок. Уся вогненная бясфор- менная маса з шумам праляцела ўніз зусім побач.

Выкарыстанне прывязных аэрастатаў на смаргонскай зямлі спынілася па ўмове падпісанага ў Солах «Дагавора аб перамір’і». Дагавор набываў сілу з 12 гадзін 23.11 (6.12) 1917 года на фронце ад мястэчка Відзы да ракі Прыпяці. Гэта значыць у межах сучаснай Беларусі. А крыху раней, 7 верасня 1917 года, нямецкае аддзяленне палявога аэрастата пад №3 зрабіла аэрафотаздымкі рускіх пазіцый ад Смаргоні да Крэва. Сёння гэта панарама адлюстроўвае не толькі тагачасны стан часткі нашых мясцін, але таксама з’яўляецца каштоўным краязнаўчым матэрыялам. Па фота можна ўявіць тыя змены, якія адбыліся на Смаргоншчыне за больш чым векавы прамежак часу.

аэра.jpg

Уладзімір ПРЫХАЧ

Статьи по теме: