«Ісці ў жыццё спрадвечным следам можна толькі з мазалём і потам», – для Валерыя ВАСЮТЫ, работніка ВКУП «Саўгас Смаргонскі» гэта жыццёвае крэда. У яго працоўнай кніжцы першы запіс датуецца 1978 годам. 12-гадовага хлопчыка прынялі ў калгас імя Калініна паляводам.
Праца з мазалём і потам
«Ні пасля ўрокаў, ні тым больш на канікулах дзеці не гулялі. Увесь час дапамагалі бацькам. Мае мама і тата працавалі на ферме, таму я і цялят даглядаць дапамагаў, і кароў даіць. Калі мяне паляводам аформілі, даверылі каня. Перавозіў з поля на ім сена, салому. За плугам хадзіў – калгасныя буракі акучваў», – успамінае мужчына.
У 1985 годзе Валерый Пятровіч сеў за руль трактара і амаль дваццаць гадоў адшчыраваў механізатарам у мясцовай гаспадарцы. Потым моцна захварэў і вымушаны быў памяняць работу. Пайшоў працаваць слесарам па абслугоўванні даільнага абсталявання на ферму «Белевічы». Калі пабудавалі паблізу ад Асінаўшчызны новы малочнатаварны комплекс «Астранаўт», перайшоў туды працаваць. Часам садзіцца на міні-трактар МТЗ-320 і выконвае неабходныя работы.
Жонка Валерыя Васюты таксама шмат гадоў прысвяціла жывёлагадоўлі: была цялятніцай і аператарам машыннага даення. Спачатку на ферме ў Белевічах, пасля – на новым МТК «Астранаўт». Цяпер ужо на заслужаным адпачынку.
Адзін з сыноў Валерыя Пятровіча таксама працуе на «Астранаўце», а дачка – у КСУП «АграСолы». Сялянская жылка працягвае жыць у дзецях нашага героя, які, дарэчы, 13 кастрычніка адзначыць 60-гадовы юбілей.
Галіна АНТОНАВА
Фота аўтара