У Смаргонскім гісторыка-краязнаўчым музеі прайшло ўрачыстае адкрыццё выставы “Шматколернасць рукатворчасці”, якая прымеркавана да Тыдня бацькоўскай любові. Багатая палітра творчых работ прадстаўлена ў выставачнай зале. Прыгажосць, якую ствараюць майстры Смаргоншчыны, здзіўляе, уражвае, натхняе.
“Шматколернасць рукатворчасці”. У гісторыка-краязнаўчым музеі адкрылася выстава вырабаў майстроў Смаргоншчыны
Майстэрства апрацоўкі скуры – у працах Галіны Андрыяловіч, якую можна назваць прадаўжальніцай традыцый смаргонскіх рамеснікаў-гарбароў, з кавалачкаў скуры майстрыха стварае цудоўныя ўтылітарныя рэчы.
Кераміст Юрый Хрышчановіч спалучае ў сваёй дзейнасці традыцыйныя і сучасныя спосабы апрацоўкі гліны. Дарэчы, майстар праводзіць заняткі ў студыі, якую наведваюць дзеці і дарослыя.
Прыцягваюць увагу цудоўныя вырабы з металу, створаныя рукамі таленавітага каваля Анатоля Вяршковіча, работы з дрэва Юрыя Чурылава і Віталя Воранава, з лёну – Людмілы Канаплёвай.
На выставе прадстаўлены работы кіраўнікоў гурткоў з УТЦСАН “Цёплы дом Яўгена Шмаціны (выпальванне па дрэве) і Кацярыны Харужык (сувеніры, выкананыя ў тэхніцы скрапбукінг, і букеты з атласных стужак), а таксама майстрых раённага Дома рамёстваў: тканыя паясы Ніны Кенько і Таццяны Зеновіч, саламяныя вырабы Наталлі Логач.
Ёсць тут і карціны, якія вышыла крыжыкам Ганна Жданюк. Уласная калекцыя вышывальшчыцы налічвае амаль 40 работ, якія ўпрыгожваюць хатні інтэр’ер.
Сярод экспанатаў выставы – ручнікі, сурвэткі, абрусы Зофіі Войткі. Майстар традыцыйнай народнай вышыўкі, сябра Саюза майстроў Беларусі, кіраўнік гуртка СШ №2, шматдзетная матуля, актыўная і крэатыўная жанчына – усё гэта “штрышкі” да партрэта майстрыхі. Зоф’я Іванаўна расказала пра свой шлях у вышыванне. Любімай справай яна займаецца на працягу вось ужо 40 гадоў.
Колькі талентаў на Смаргоншчыне! Пазнаёміцца з экспанатамі можна будзе на працягу месяца. Выстава будзе працаваць да 9 лістапада.
Галіна АНТОНАВА
Фота аўтара