У кожнага чалавека ёсць родны куточак са знаёмымі з дзяцінства краявідамі, з багатым мінулым і традыцыямі. У Веры ВАЙЦЮЛЬ гэта вёска Сялец Вішнеўскага сельсавета. Тут яна нарадзілася, тут прайшло яе юнацтва.
Месца, дзе адпачывае душа
Маці Веры Іосіфаўны ўсё жыццё працавала на ферме. Спачатку яна была даяркай, затым – загадчыцай фермы. Бацька сталярыў, і гэта яму прыносіла задавальненне.
Веру ўсё жыццё хвалюе класічная музыка. Яна заўсёды заслухоўвалася песнямі, што спявалі жанчыны на вяселлі, дажынках, падчас сенакосу...
Мара пісаць вершы жыла заўсёды ў душы Веры Іосіфаўны. Толькі лёс склаўся па-іншаму: сям’я і дзеці сталі галоўнымі ў жыцці.
Вершы ў яе нараджаюцца з жыцця, з асабістага і перажытага.
Першы паэтычны твор Веры Вайцюль з’явіўся пасля хваробы сына.
Ёсць у яе вершы аб ахове (амаль 20 гадоў жанчына працуе ў Дэпартаменце аховы), прыродзе, роднай мове, малой радзіме, сваёй вёсцы.
– Я застала той час, калі вёска налічвала больш 40 двароў. Цяпер пастаянна жыве тут толькі некалькі чалавек нашых. Нашы – гэта тыя, з кім разам раслі, дзялілі радасці і беды, – гаворыць наша суразмоўца.
Вера Вайцюль разам з дзецьмі падтрымліваюць у доме чысціню і парадак, на агародзе вырошчваюць усё тое, што і раней...
Вельмі часта ў бацькоўскую хату Веры Іосіфаўны прыязджаюць пагасціць яе сваякі, прыходзяць суседзі. Гаспадыня, як некалі яе маці, частуе іх пірагамі. Гэта асаблівыя сустрэчы, блізкія людзі аб’ядноўваюць душэўную і духоўную прывязанасць роду, трываласць і моц, правераную гадамі сувязь, зберагаюць жывую памяць пра малую радзіму.
Споўнілася мара Веры Вайцюль – надрукаваны зборнік яе вершаў.
– Вершы пішуцца. Пакуль мяне глыбока кранае кропелька расы раніцою – значыць, я шчаслівы чалавек, – адзначае Вера Іосіфаўна.
Галіна КОЗЕЛ
Фота з архіва Веры ВАЙЦЮЛЬ