«Каб вы ведалі, якую капусту я вырасціў…», – вядомы выраз, які належыць былому рымскаму імператару Дыёклетыяну, які пакінуўшы трон, перабраўся ў вёску і стаў з захапленнем агароднічаць. Праца на зямлі для яго стала аддушынай, якая аднаўляе сілы.
Добры ўраджай – рукі ды працавітасць беларуса
Гэты афарызм можна прымяніць і да вопытнай настаўніцы Асінаўшчызненскай пачатковай школы Наталлі Паржон. Нядаўна яна даслала на конкурс фотаздымкі гародніны, якая вырасла на яе прысядзібным участку.
«Памідораў сёлета – куры не клююць. Дзецям параздавала, закатак нарабіла. Такіх «гадаванцаў» вырасціла – некаторыя больш за кілаграм заважылі. А качан капусты – амаль пяць кілаграм, у вялікую каструлю не ўлез, – зазначае Наталля Мар’янаўна. – Многія цікавяцца сакрэтамі агародніцкай справы. А якія тут сакрэты? Рукі ды працавітасць беларуса! Цяпліца – сваімі рукамі, расада – на ўсіх падаконніках, з мая па жнівень – шчырую ў парніку. Тады можна спадзявацца на добры ўраджай… Канешне, калі пашанцуе з надвор’ем».
Галіна АНТОНАВА
Фота аўтара