Паважаныя чытачы! Ці даўно вы былі ў бібліятэцы? Вось так, каб не адзін раз зайшлі, а пастаянна наведвацца? Напэўна, некаторыя пасля заканчэння ВНУ забываюць пра гэту ўстанову, дзе строгі бібліятэкар чытальнай залы просіць цішыні. Інтэрнэт усемагутны прапануе столькі інфармацыі! Тысячы электронных і аўдыёкніг, цэлыя сайты-бібліятэкі, дзе бясплатна або за невялікія грошы можна карыстацца неабмежаваным доступам да кніжных скарбаў.
Цішыня павінна быць у бібліятэцы? Не заўсёды!
Але, нягледзячы на няўмольны прагрэс і цыфравізацыю, жывыя, а не віртуальныя, бібліятэкі працягваюць жыць. Які ж усё-такі магніт цягне сюды людзей рознага ўзросту? Пра гэта і не толькі напярэдадні 80-годдзя Смаргонскай раённай бібліятэкі гутарым са Святланай Афанасьевай, дырэктарам гэтай установы.
НОВАЯ ЎСТАНОВА ПАЧАЛАСЯ… З ПАДАРУНКА
– Святлана Мікалаеўна, перад тым, як абмеркаваць тэму 80-гадовага юбілею вашай бібліятэкі, давайце пагаворым пра асабістае. Нам вядома, што Вы працуеце ў раённай бібліятэцы ўжо чвэрць стагоддзя. Раскажыце, калі ласка, чаму абралі для сябе гэту прафесію? Адкуль такая зацікаўленасць да кнігі?
– Чытаць я палюбіла з маленства. Ужо ў першым класе актыўна наведвала школьную бібліятэку і дзіцячую раённую. Не ведаю, ці засталася хоць адна кніга ў бібліятэках, якую б я не прачытала. Летам вяла чытацкі дзённік. Дома ў нас была багатая бібліятэка. Мая мама, медсястра па адукацыі, – сапраўдны бібліяфіл.
– А ў старэйшых класах якія кнігі былі самыя любімыя?
– Найбольш – беларускіх класікаў: трылогія Якуба Коласа «На ростанях», раман Івана Мележа «Людзі на балоце». Гэтыя кнігі я перачытала некалькі разоў. Як і раманы рускага класіка Льва Талстога «Вайна і мір», «Ганна Карэніна». У той час марыла, што буду настаўніцай мовы і літаратуры, але маё жыццё склалася інакш. Я стала бібліятэкарам – і ніколькі не шкадую.
– Кім Вы працавалі на світанні сваёй бібліятэчнай кар’еры?
– Год я адпрацавала бібліятэкарам чытальнай залы, а пасля 10 гадоў – метадыстам аддзела бібліятэчнага маркетынгу.
– А потым Вас прызначылі дырэктарам усёй бібліятэчнай сістэмы Смаргоншчыны?
– Так, на гэтай пасадзе я з 2011 года. А дагэтуль 23 гады дырэктарам працавала Таццяна Арловіч, прафесіянал. Я дагэтуль падтрымліваю з ёй стасункі.
– Раскажыце коратка пра гісторыю стварэння і развіцця вашай установы, якая неўзабаве адзначыць 80-гадовы юбілей.
– У нас жартуюць, што бібліятэка пачалася… з падарунка. Восенню 1944 года кіраўнікі раённага аддзела народнай адукацыі і раённага аддзела культуры выдалі загад аб стварэнні ў горадзе бібліятэкі. Падставай для гэтага паслужыў фонд кніг – 170 экзэмпляраў, з іх 50 – дзіцячых, якія прыслалі ў Смаргонь у падарунак з Казанскай бібліятэкі. У 1945 годзе былі атрыманы яшчэ 250 экзэмпляраў з кніжнага склада Маладзечна.
У 1950-я гады раённая бібліятэка стала метадычным цэнтрам для 14 сельскіх бібліятэк. А ў 1979 годзе ўсе бібліятэкі раёна аб’ядналі ў цэнтралізаваную бібліятэчную сістэму. Раённая бібліятэка стала называцца Смаргонскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. З’явіліся новыя аддзелы: абслугоўвання чытачоў, камплектавання і апрацоўкі літаратуры, методыка-бібліяграфічны.
БІБЛІЯТЭКАР – ПРАФЕСІЯ СУЧАСНАЯ
– Што сабой уяўляе Смаргонская раённая бібліятэка, «сэрца» якой знаходзіцца ў цэнтры горада, на вуліцы Танкістаў, а «сасуды» вядуць у розныя куткі Смаргоні і раёна?
– Калі так вобразна гаварыць, то нашы «сасуды» – гэта філіялы, іх 18: 4 – у горадзе і 14 – у аграгарадках і вёсках. Да таго ж у нас ёсць бібліёбус, які даедзе да чытачоў у любы куток Смаргоншчыны.
Цяпер Смаргонская раённая бібліятэка – захавальніца ўнікальнага фонду, які складаецца з 280 тысяч кніг, брашур, перыядычных выданняў. Калектыў – гэта 57 творчых, апантаных, улюбёных у сваю прафесію людзей, 20 з іх працуюць у цэнтральнай бібліятэцы. Штогод мы абслугоўваем больш за 19 з паловай тысяч чытачоў.
– У саміх бібліятэках жыццё віруе. Тэматычныя выставы кніг, а таксама работ мясцовых мастакоў, творчыя музычныя вечарыны, сустрэчы з пісьменнікамі і паэтамі – чаго толькі не праводзяць у бібліятэках! Таму цяпер не заўсёды працуе правіла, што ўвесь час тут павінна быць цішыня.
– А яшчэ на працягу апошніх пяці гадоў мы актыўна ўдзельнічаем у розных конкурсов і (што немалаважна!) нярэдка перамагаем. Двойчы былі пераможцамі ў прэстыжным рэспубліканскім конкурсе «Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры», прызёрамі – у рэспубліканскіх конкурсах «Бібліятэка – цэнтр духоўнай асветы і выхавання» і «Лепшы публічны цэнтр прававой інфармацыі».
Нядаўна падвялі вынікі абласнога конкурсу літаратурна-пазнавальных інтэрнэт-рэсурсаў «Гэта нашай памяці гісторыі радкі», прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Інтэрнэт-рэсурс – інтэрактыўны плакат «Смаргоншчына ў гады Вялікай Айчыннай вайны» гарадской бібліятэкі №1 заняў II месца.
Летась супрацоўнікі гарадской бібліятэкі №3 правялі вялікую краязнаўчую работу па зборы гістарычных фактаў генацыду на тэрыторыі Смаргоні і раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Тое, што сабралі, сталі выкарыстоўваць падчас сваіх мерапрыемстваў для розных узроставых груп. На падставе сабранага матэрыялу быў распрацаваны праект – электронны анлайн-рэсурс «Інтэрактыўна-інфармацыйная карта «Без тэрміну даўнасці. Смаргоншчына». Ён прадстаўлены на сайце нашай установы srbsmorgon.by.
Смаргонская раённая бібліятэка таксама распрацавала патрыятычны праект «РЭХА: Эпоха, Хронікі, Асобы», які дазволіў стаць нам адукацыйным цэнтрам для пашырэння ведаў людзей рознага ўзросту пра ваенную гісторыю Смаргоншчыны. У межах праекта неўзабаве будзе створана база дадзеных «Ветэраны Вялікай Айчыннай вайны Смаргонскага раёна». Сабраныя звесткі мы пачалі ўжо выкарыстоўваць падчас правядзення масавых мерапрыемстваў і выязных гістарычна-патрыятычных – на прадпрыемствах горада.
Дарэчы, на нашым сайце ёсць шмат краязнаўчага матэрыялу, у тым ліку пра падзеі Першай сусветнай вайны, пра вядомых людзей Смаргоншчыны.
– Святлана Мікалаеўна, а якой Вы бачыце бібліятэку праз 10, 20, 30 гадоў?
– Я думаю, гэта будзе цэнтр, дзе кожны наведвальнік зможа атрымаць любую інфармацыю ў зручным для яго выглядзе. Мяркую, што ў будучым інфармацыйныя рэсурсы бібліятэк будуць прадстаўлены не толькі друкаванымі, электроннымі дакументамі, там будзе багата мультымедыйнай інфармацыі. Магчыма, у бібліятэках будуць мець месца прасунутыя тэхналогіі візуалізацыі кантэнту. Розныя сістэмы дапоўненай рэальнасці, 3D-тэхналогіі, галаграфічныя праектары… Бібліятэкарам на дапамогу прыйдзе штучны інтэлект. Дарэчы, мы ім ужо карысталіся падчас стварэння выставы «Пад сямейным парасонам».
А той, хто па-ранейшаму любіць чытаць кнігу ў папяровай вокладцы, ходзяць і будуць хадзіць у бібліятэку, жаданне пагартаць старонкі, адчуць неймаверную энергетыку «жывой кнігі» не адаб’е ніводны электронны сэрвіс.
– Лічыце сваю прафесію сучаснай?
– Несумненна. Бо інфармацыі шмат, а бібліятэкар цудоўна арыентуецца ў вялікім інфармацыйным «моры».
Галіна АНТОНАВА
Фота аўтара