Пад хвалямі атрутных газаў

 

Пад хвалямі атрутных газаў

Общество
27.07.2024
631

Рускія газапускі на Смаргоншчыне. (Заканчэнне. Пачатак у №28)

ГЗ 1.jpg

Адначасова з немцамі падрыхтоўку да газабалонных атак праводзіць 5-я хімічная каманда рускай арміі. Кіраўніцтва камандай было ўскладзена на палкоўніка Міхаіла Касцевіча (1877 – 1957). Выпускнік Паўлаўскага ваеннага вучылішча і Міхайлаўскай артылерыйскай акадэміі, афіцэр гвардзейскай артылерыі, спецыяліст па выбуховых рэчывах, вядомы хімік, доктар тэхнічных навук Міхаіл Касцевіч прыняў актыўны ўдзел у хімічнай вайне, прапанаваў методыку камернага абкурывання асабовага складу войска. Падчас разрадкі непрыяцельскага снарада каля Суцькава пацярпеў ад газу, але выжыў.  Пасля 1919 года аказаўся ў эміграцыі. Прафесар Пражскага ўніверсітэта, з 1930 года – у Францыі, дзе працаваў інжынерам і  забяспечваў безаварыйную ўтылізацыю больш за 2,5 мільёна снарадаў і гранат. У 1936 годзе пераехаў у Эквадор для арганізацыі працы парахавых заводаў, а затым перабраўся ў Аргенціну, дзе і памёр.

У чэрвені 1916 года пад Агароднікамі, на поўдзень ад Крэва, былі пабудаваны склады пад газавыя балоны і завезена адпаведная маёмасць са складоў каманды ў Мінску і  Залесся. Участкам для першага газапуску вызначылі лясны выступ на захад ад вёскі Агароднікі. Першапачаткова атака планавалася на 16 ліпеня, але не адбылася з-за асцярогі камандзіра 24-га корпуса, што газ можа негатыўна паўплываць на запланаванае на гэты час наступленне рускай арміі.

Газабалонная атака была выканана ў ноч на 19 ліпеня 1916 года з той самай пазіцыі. Але паколькі аператыўная абстаноўка змянілася, мэта газапуску была іншай: дэманстрацыя бяспекі новай зброі для свайго войска і пошук разведчыкаў. Выбар часу атакі быў абумоўлены метэаралагічнымі ўмовамі. Выпуск атрутных газаў пачаўся ў 1.40 з размяшчэння Богадухаўскага палка і ажыццяўляўся на працягу паўгадзіны. Усяго планавалася выкарыстаць дзве тысячы балонаў. Пасля газапуску разведчыкі дайшлі да  драцяной загарадкі германцаў, але іх сустрэлі ружэйным агнём, і яны былі вымушаны вярнуцца.

Газавая атака была не зусім удалая з той прычыны, што прайшоўшая напярэдадні навальніца зрабіла паветра вільготным, газ моцна растварыўся ў траве і дайшоў да праціўніка ў невялікай колькасці. Тым больш, што вецер змяніў напрамак газавай хвалі, і яна пайшла ў іншы бок. Да таго ж  сам выпуск газу не быў зладжаным па прычыне няспраўнасці балонаў, многія краны не адкрываліся, лопаліся, у выніку чаго былі атручаны 2 афіцэры і 94 салдаты.

У час прыбірання балонаў з пазіцый былі атручаны яшчэ 33 ніжнія чыны. Справа ў тым, што адзін балон быў прастрэлены ворагам, а газ з яго патрапіў у акопы. Газ з другога балона пачаў выходзіць пры яго пераносцы, і старэйшы ўнтэр-афіцэр кулямётнай роты Каваленка, не разгубіўшыся, закапаў яго ў варонку ад снарада, але ўсё ж сам пацярпеў. З летапісу нямецкага 333-га пяхотнага палка стала вядома, што калі змяніўся напрамак ветру, газавае воблака закранула толькі некаторыя пазіцыі, дзе на кароткі тэрмін прыйшлося апранаць супрацьгазы. У палку не адзначана смяротных выпадкаў, толькі некаторыя салдаты былі атручаны.

гз3.jpg

Ацэнка баявога значэння газапуску, зробленая камандуючым фронтам, была адмоўнай. Камандуючы 10-й рускай арміяй таксама адзначыў, што ніякіх станоўчых вынікаў газабалонная атака не дала. У той жа час ён прызнаў, што «гэтая першая спроба прымянення газа не безвыніковая … і дазваляе спадзявацца, што ў далейшым вынікі выпуску атрутных рэчываў будуць больш значнымі».

У адказ на дзве летнія газабалонныя атакі германцаў у Смаргоні 5-я хімічная каманда праводзіць у ноч на 6 верасня 1916 года свой газапуск на пазіцыі каля «Залатой горкі». На ўчастку 2-й пяхотнай дывізіі, працягласцю 1300 крокаў, у 3.30 быў выпушчаны газ з 577 малых і 65 вялікіх балонаў. У сувязі са зменай ветру і павароту газавага воблака ў бок рускіх пазіцый газапуск праз 15 хвілін быў спынены. Напад быў прызнаны часткова ўдалым: ён быў для праціўніка нечаканым, у яго акопах былі чутны крыкі і стогны, слаба вёўся ружэйны агонь, на наступны дзень была заўважана ўзмоцненая работа немцаў па ачыстцы акопаў ад газаў і ахвяраў. У той жа час, па данясенні начальніка 2-й рускай дывізіі, агнём артылерыі было разбіта сем балонаў з газам, што стала галоўнай прычынай стратаў рускага войска. У дывізіі ад газу памерла 6 ніжніх чыноў, а 2 афіцэры і 124 салдаты атручаны. Сярод хімічнай каманды, абслугоўваючай атаку, таксама адзначаны 3 выпадкі смяротнага і 10 цяжкага атручвання.

Наступная руская газабалонная атака адбылася ў ноч на 17 студзеня 1917 года на ўчастку 69-й дывізіі. Пачалася ў 2 гадзіны ночы на фронце каля вёсак Круглянка і Агароднікі, складалася з двух хваляў і працягвалася 45 хвілін. Высланую партыю разведчыкаў сустрэлі моцным кулямётным агнём, і яны адышлі да сваіх акопаў. У дывізіі былі лёгка атручаны 38 ніжніх чыноў, пераважна хімічнай каманды, у выніку работы пры разбітых балонах з газам.

Апошнія газапускі ўзгаданай хімічнай каманды былі праведзены на пазіцыях паміж вёскамі Навасёлкі і Агароднікі 31 студзеня і 7 сакавіка 1917 года. У першай атацы, якая складалася з дзвюх хваляў, было выкарыстана 1200 балонаў на ўчастку ў адну вярсту. Другая атака, з выкарычтаннем 586 балонаў, праведзена на частцы таго ўчастка, на якім быў праведзены папярэдні газапуск. Звестак пра пацярпелых з абодвух ваюючых бакоў не выяўлена.

У выніку развіцця сродкаў супрацьхімічнай абароны, улічваючы залежнасць газабалонных атак ад метэаралагічных умоў, да канца 1917 года на франтах Першай сусветнай вайны амаль цалкам адмовіліся ад такога віду барацьбы. Сёння на нашай зямлі аб трагедыі тых мінулых падзей нагадваюць сціплыя помнікі на брацкіх магілах ахвяраў газапускаў і памятны камень на Смаргонскім мемарыяле, прысвечаны падзеям першага газавага нападу.

Уладзімір ПРЫХАЧ

Статьи по теме: