С добрымі думкамі, словамі і малітвамі

 

С добрымі думкамі, словамі і малітвамі

Общество
27.07.2024
828

Напэўна, мала хто ведае, што колісь у Крэве была пякарня. Працавала кругласутачна ў тры змены. Старажылы і дагэтуль памятаюць смак крэўскіх батонаў і саек, славянскіх і мінскіх булак, украінскага і жытнёва-абдзірнага хлеба.

«У асноўным, хлебам і хлебабулачнымі  вырабамі забяспечвалі жыхароў Крэва і навакольных вёсак. Але бывала, што здараліся праблемы на смаргонскай хлебапякарні, то мы пяклі хлеб, булкі і для смаргонцаў. Няпростая праца, часам такая напруга на рабоце была – кашуля плячэй не даганяла», – успамінае 84-гадовая Зінаіда Казлоўская, якая 12 гадоў была пекарам.

У сярэдзіне 1980-х гадоў крэўскую пякарню зачынілі, бо ў Смаргоні, недалёка ад завода аптычнага станкабудавання, адкрылі новую (у народзе яе і дагэтуль называюць стары хлебазавод). Клікалі ў горад і Зінаіду Уладзіміраўну, але яна адмовілася. Да Смаргоні далёка, а дома – чацвёра дзяцей ды і хатняя гаспадарка немалая (дзве каровы, свінні). Хто ўсё будзе даглядаць?

У гэты час у Крэве пачалі будаваць магазін, жанчына ўладкавалася на будоўлю  падсобнай рабочай, але неўзабаве старшыня мясцовага калгаса прапанаваў жанчыне перакваліфікавацца… у кладаўшчыка склада аўтазапчастак і будаўнічых матэрыялаў. Згадзілася не адразу на такую «мужчынскую» пасаду, але неўзабаве так «ужылася» ў работу, назубок вывучыла ўсю аўтамабільную лексіку. «Дагэтуль сніцца склад і тыя акумулятары, падшыпнікі, рамяні для аўтамабільнай тэхнікі», – смяецца наша суразмоўца.

Адшчыраваўшы 12 гадоў у калгасе, пайшла на пенсію. Падраслі дочкі, вылецелі з бацькоўскага гнязда, памёр муж. Цяпер жанчына жыве адна. «Некалі будавалі вялікую хату, каб усім месца хапала, а цяпер мне адной – хоць танцуй!» – усміхаецца субяседніца. – Але нічога, я на адзіноцтва не скарджуся. Маю восем унукаў і дванаццаць праўнукаў. Бываюць часта ў мяне госці».

Зінаіда Уладзіміраўна ўсё жыццё прывыкла прыносіць карысць людзям. Жыла з Богам. Шмат малілася. Храм быў і застаецца для яе месцам для духоўнага аднаўлення. Нягледзячы на паважаны ўзрост, па-ранейшаму стараецца быць карыснай для людзей. У царкве Святога Аляксандра Неўскага прадае свечкі, прымае запіскі аб супакоі і аб здароўі, падтрымлівае прыхаджан добрым словам і малітвай.

козловская.JPG

Галіна АНТОНАВА

Фота аўтара

Статьи по теме: