Дождж серады зняў цяжар ліпеньскай спёкі і даў магчымасць удзельнікам жніва зрабіць перадышку. З першымі тысячнікамі ВКУП «Саўгас «Смаргонскі» мы сустрэліся на мехстане ў Хадаках.
Збажына скараецца ўмелым
Сярод перадавікоў гаспадаркі – Аляксей Пятроўскі, які намалаціў 1062 тоны збожжа. У сельскай гаспадарцы механізатарам працуе 22 гады, гэта ўборачная кампанія для яго – 14 па ліку. «З усіх відаў палявых работ найбольш люблю жніво. Чакаю яго з нецярпеннем, так хачу сесці за штурвал камбайна. Калі станаўлюся на «камбайнерскі мосцік», адчуваю, быццам я – капітан карабля, які выходзіць у бязмежнае мора збажыны», – вось так вобразна выказваецца Аляксей Уладзіміравіч, і мы разумеем, што паэтычныя пачуцці жніво выклікае не толькі ў народных паэтаў.
Яшчэ адзін тысячнік гаспадаркі – можна сказаць мэтр жніва – Іван Вішняк. На яго рахунку – 28 уборачных кампаній. Усяго ж у сельскай гаспадарцы Іван Іосіфавіч адпрацаваў 46 гадоў. «Ужо збіраўся ісці на адпачынак, але перадумаў. Цягне да тэхнікі, да палёў залатых», – усміхаецца аксакал жніва.
Жніво даўно стала справай сямейнай для Вішнякоў: калі гаспадар заняты на жніве, асноўны цяжар хатніх спраў кладзецца на плечы жонкі і дзяцей. З нядаўняга часу пасынак камбайнера – Юрый Мухін – стаў галоўным інжынерам ВПУП «Саўгас «Смаргонскі», так што агульных тэм у мужчын з’явілася яшчэ больш.
Сярод вадзіцеляў гаспадаркі лепшы вынік мае Леанід Сіняўскі. На сваім «МАЗе» ён перавёз 1620 тон збожжа. Леанід Лявонавіч – пастаянны лідар раённых спаборніцтваў сярод тых, хто заняты на жніве. У 2022 годзе быў удзельнікам абласных «Дажынак – 2022». І гэты бліскучы вынік – не адзінкавы ў яго прафесійным жыцці. Першы раз на абласное свята ўраджаю ён трапіў у якасці пераможцы яшчэ ў 1978 годзе.
Вось на такіх працавітых волатах трымаецца ВКУП «Саўгас «Смаргонскі», дзе на гэты час ўжо ўбрана больш за трэць плошчаў. Сярэдняя ўраджайнасць зерневых – 39 ц/га, а рапсу – амаль 50 ц/га.
Галіна АНТОНАВА
Фота аўтара