Пад хвалямі атрутных газаў

Пад хвалямі атрутных газаў

Общество
15.07.2024
514

Першая сусветная вайна ўвайшла ў гісторыю цэлым спісам новых відаў зброі, упершыню прымененых у ёй. Напэўна, атрутныя рэчывы сталі адным з самых трагічных сімвалаў гэтай вайны. Смерць ад атручвання была страшнай, а ўсе, хто пабыў пад хімічнымі атакамі, назаўжды запомнілі жах перад смяротнымі аблокамі. За час вайны паспелі прымяніць каля 40 розных тыпаў атрутных рэчываў, ад якіх пацярпелі 1,2 мільёна чалавек і яшчэ да ста тысяч загінулі.

аое.png

Ужо восенню 1915 года пад Смаргонню былі зафіксаваныя першыя спробы выкарыстання немцамі хімічных артылерыйскіх снарадаў. У наступным годзе пачалася маштабная газабалонная вайна ў нашым краі, калі хімічныя каманды ўсталёўвалі газавыя балоны на брустверах траншэй і пасля адначасовага выпуску газаў «залівалі» атрутай шэрагі суперніка. Але перад гэтым немцы выкарысталі ў ноч на 11 чэрвеня 1916 года (усе даты пададзены па новым стылі) удушлівыя газы супраць рускіх сапёраў, якія вялі падземны ход да варонкі пад Навасёлкамі. Першымі ахвярамі атакі сталі мінёры і шахцёры Каўказскага сапёрнага батальёна, якія знаходзіліся ў галерэі. На наступны дзень, пры вызначэнні прыроды газу і пошуку сродкаў для вызвалення ад яго, тут загінуў памочнік па страявой часцы запасной хімічнай роты падпаручнік Мікалай Лебедзеў, які смела ўвайшоў у галерэю і быў смяротна атручаны газам.

Газабалонныя атакі немцаў і аўстрыйцаў на Смаргоншчыне

На смаргонскай зямлі вядома не менш як 8 газабалонных атак нямецкіх і аўстрыйскіх газавых каманд і 5 атак з боку Рускай імператарскай арміі.  Падрыхтоўка да такога віду барацьбы з нямецкіх пазіцый упершыню пачалася ў чэрвені 1916 года. Для арганізацыі і правядзення атак пад Смаргонь накіравалася 3-я рота нямецкага сапёрнага палка №35. Вопытнае нямецкае газавае падраздзяленне складалася з прафесійных хімікаў і работнікаў хімічнай вытворчасці, камандаваў газавым войскам інжынер, палкоўнік Ота Петэрсан. Па прозвішчы свайго камандзіра гэты полк таксама атрымаў назву «Газавы полк Петэрсана». На яго рахунку была першая ў сусветнай вайне газабалонная атака пад Іпрам 22 красавіка 1915 года, каля 20 хімічных атак пры Вердэне, Ломжы, Сомме, у Пероні і Шампані.

У ноч на 2 чэрвеня 1916 года гэтая сапёрная рота ўпершыню выкарыстала ў Смаргоні атрутныя газы супраць 64-й пяхотнай дывізіі рускай арміі. Газавая атака пачалася пасля трох гадзін раніцы, складалася з дзвюх хваляў і працягвалася каля паўтары гадзіны. Выпуск удушлівых газаў, у асноўным хлору, адбыўся на фронце: вёска Мінкі – чыгуначная станцыя Смаргонь – усходні ўзлесак асінаўскага лесу, вядомага мясцовым жыхарам як «Божы дар». Дарэчы, усе астанія газавыя атакі ў Смаргоні праводзіліся з гэтых пазіцый.

У пакутах, пры недасканалых сродках супрацьгазавай абароны, пацярпела 40 афіцэраў і 3800 ніжніх чыноў, з якіх памерла 8 афіцэраў і 566 салдатаў. Ахвяры нападу знайшлі свой апошні зямны прыстулак на могілках у Белай і  Залессі. Колькасць ахвяраў нападу магла быць значна большай, каб не адна акалічнасць. Запланаваная на ноч, самы зручны для атакі час, яна была адкладзена на некалькі гадзін пазней. Па дарозе ў камандзіра нямецкага газавага палка Петэрсана зламалася машына, і ён не змог своечасова прыехаць на месца газапуску. Гэты выпадак уратаваў жыцці многім абаронцам Смаргоні.

Хімічная атака немцаў насіла дэманстратыўны характар і мела на мэце зрыў запланаванага на гэты дзень рускага наступлення. Адным з галоўных вынікаў першай у межах нашай краіны газабалоннай атакі стала тое, што ўсе ацалелыя пасля яе вайскоўцы рускай арміі прасягнуліся павагай да супрацьгазаў і больш з імі не развітваліся.

Роўна праз месяц, у ноч на 2 жніўня 1916 года, гэты нямецкі сапёрны полк паўторна правёў у Смаргоні газабалонную атаку на пазіцыі Каўказкай грэнадзёрскай дывізіі. Газапуск хлору, змешанага с фасгенам, пачаўся каля 1 гадзіны ночы, працягваўся да 6 гадзін раніцы і складаўся з 6 хваляў. Падчас атакі пацярпелі 46 афіцэраў і 3773 ніжнія чыны, з іх 4 афіцэры і 282 салдаты памерлі. На думку ўдзельнікаў, такія вялікія страты можна было растлумачыць значнай працягласцю газапуску, асаблівай атрутнасцю газаў і тым фактам, што атака адбылася ў час змены палкоў.

Ахвяр хімічнага нападу пахавалі каля Міхневіцкай царквы і на залескіх могілках, побач з царквою. Па ініцыятыве Барыса Цітовіча і сябраў дабрачыннага фонду «Крокі” ў 2014 годзе быў узноўлены драўляны крыж на брацкай магіле ў Залессі, а на мармуровы помнік перанесены надпіс з першапачатковай шыльды: «Здесь покоятся гренадёры 14 Грузинского, 15 Тифлиского, 16 Мингрельского и нижние чины 6 пех. Либавского полков, отравленные газами 20 июля 1916 года». Дата на помніку ўзгадана па старым стылі.

Хімічная атака праціўніка служыла сродкам скоўвання войскаў рускага фронту, не дазваляла свабодна перакінуць іх на паўднёва-заходні фронт. Пасля 10 жніўня гэта рота палка перабазіравалася ў вярхоўе ракі Шчара, дзе правяла яшчэ тры газабалонныя атакі.

Наступным месцам правядзення хвалявых выпускаў атрутных газаў сталі пазіцыі каля вёскі Навасёлкі, паблізу Крэва. У ноч на 22 жніўня 1916 года іншая рота ўзгаданага нямецкага сапёрнага палка выпусціла ўдушлівыя газы ў раёне стыку 48 пяхотнай дывізіі і 69 пяхотнай дывізіі рускай арміі. Пасля 2 гадзін 30 хвілін праціўнік накіраваў першую хвалю газаў у бок рускага войска, услед за якой прайшлі яшчэ тры хвалі газаў, якія захапілі раён ад Агароднікаў да Чаркасаў. Хлор з прымешкам фасгену распаўсюджваўся галоўным чынам па даліне ракі Краўлянкі і накіраваўся ў бок Мікулеўшчыны. Пацярпела толькі ў Лебядзінскім пяхотным палку 20 афіцэраў і 989 салдат, памерла на пазіцыях 179 ніжніх чыноў. Пры праведзені газавай атакі  атруціліся, не маючыя засцерагальных масак,  жыхары Лоску, аддаленай вёскі ад месца газавыпуску за 12 вёрстаў. Большасць ахвяраў газабалоннай атакі пахавалі ў вёсках Мікулеўшчына, Навасёлкі, Круглянка, Баярск. Сярод пацярпелых значную частку складалі тыя вайскоўцы, якія мелі недасканалыя супрацьгазавыя маскі, і тыя асобы, хто шмат рухаўся, а гэта пасыльныя, падносчыкі, санітары, тэлефаністы на лініі, падпальшчыкі кастроў і г. д.

Далейшы працяг газабалоннай вайны на нашай тэрыторыі звязаны са «Спецыяльным сапёрным батальёнам» аўстра-венгерскага войска, падпарадкаванага нямецкаму сапёрнаму батальёну №36. Аўстрыйскі батальён быў афіцыйна сфарміраваны 1 сакавіка 1916 года ў Крэмсе і складаўся ў асноўным з венгерскіх і чэшскіх салдат. Паведамленні італьянскай прэссы аб жорсткасці і безчалавечнасці яго адзінай газавай атакі пры Ізонца 29 чэрвеня 1916 года прымусіла аўстрыйскую манархію адмовіцца ад выкарыстання новай зброі ў сваім войску. Баявы досвед газавага батальёна быў прапанаваны выкарыстаць немцам, якія пагадзіліся і далучылі газавыя роты аўстрыйцаў да свайго сапёрнага палка №36. Напрыканцы 1916 года яны прыбываюць пад Навасёлкі і рыхтуюць газабалонную атаку.

У ноч на праваслаўнае Раство, 7 студзеня 1917 года, нямецкія і аўстрыйскія газавыя каманды ажыццяўляюць тры хвалявыя выпускі атрутных рэчаў супраць 69-й дывізіі 38-га корпуса рускай арміі. На фронце каля 3 кіламетраў, у цэнтры якога знаходзіліся Навасёлкі, было выкарыстана 5100 газавых балонаў. Гэтая газавая атака, як і ўсе наступныя за ёй, былі накіраваны на тое, каб аслабіць і дэмаралізаваць суперніка. Хімічны наступ ворага не быў раптоўным, бо за тры тыдні да яго перабежчыкі-эльзасцы паказалі  падрыхтоўку хвалявага выпуску. Выкананне ўсіх супрацьхімічных мерапрыемстваў, а таксама моцны вецер і мароз не дазволілі праціўніку дасягнуць пастаўленых мэтаў. Аднак поўнасцю без пацярпелых у Богадухавым і Лебядзінскім палках не абышлося, былі атручаны 2 афіцэры і 164 салдаты, з іх памерла 7 ніжніх чыноў, якіх пахавалі ў Ярмаках.

Пасля правядзення газабалоннай атакі праціўнік праз чыгуначныя станцыі Багданаў і Вільна накіраваўся на станцыю Солы. Там змешаныя батальёны немцаў і аўстрыйцаў падзяліліся, адзін з іх накіраваўся пад Лешчаняты, а другі – у Смаргонь.

Першы батальён у раёне Семянкоў і Лешчанят  правёў газавую атаку ў ноч на 14 лютага 1917 года. На пазіцыях Кюрук-Дарынскага і Ямпольскага палкоў 132-й пяхотнай дывізіі было здзейснена 5 хвалявых выпускаў хлору з выкарыстаннем 2900 балонаў. Праз тры дні, 17 лютага 1917 года, у 7 гадзін раніцы, з ранейшых пазіцый праціўнік правёў новую газабалонную атаку на тыя самыя палкі. У 23 гадзіны газапускі працягнуліся і скончыліся пасля 1 гадзіны 18 лютага 1917 года. Праціўнік выпусціў разам 5 хваляў газу, выкарыстаўшы 2100 балонаў. З журнала ваенных дзеянняў Кюрук-Дарынскага палка можна даведацца, што «газавыя хвалі былі вышэй дрэваў і амль схавалі лес ад позірку».

Апошняя газавая атака на ўчастку Семянкі  – Лешчаняты адбылася 19 лютага 1917 года. Пачалася яна пасля 6 гадзін і працягвалася да 8, былі выкананы 3 газапускі. У сувязі са зменай ветру атрутныя газы шырокім і шчыльным пластом ляглі ўздоўж фронту, паміж нашымі і нямецкімі драцянымі загарадкамі, а потым паступова пацягнуліся ў бок праціўніка, дзе былі запалены вогнішчы.

Дзякуючы пільнасці разведкі і прынятым мерам засцярогі, страты ад атручванняў былі мінімальныя. Аднак у міжваенны перыяд прыкрай ваеннай памяткай у гэтым рэгіёне заставалася хвароба вачэй ягліца (трахома). Пасля вайны мясцовыя жыхары вярнуліся на папялішчы, былі вымушаны жыць у зямлянках і нямецкіх бетонных схронах на пазіцыях, дзе адбываліся газавыя атакі. Вельмі неспрыяльныя гігіенічныя ўмовы разам з атручанай газамі зямлёй прывялі да таго, што ў ваколіцах Жодзішак і Войстама знаходзіўся найбольшы працэнт насельніцтва з гэтай хваробай вачэй.

Як пачатак, так і заканчэнне газабалоннай вайны звязаны з нашым раённым цэнтрам. Тут у ноч на 26 лютага 1917 года адбылася апошняя ў нашым краі нямецкая газавая атака на пазіцыі 51-й пяхотнай дывізіі. Пачатая за паўгадзіны да поўначы яна працягвалася да 6.30 і складалася з 8 хваляў. Ротамі і камандамі своечасова былі прыняты меры засцярогі: запалены вогнішчы і расейвальнікі газу (паклі з мазутай і смалою), а пасля паветра чысцілася з дапамогай дымавых шашак. Перад атакай усе людзі хутка і спраўна надзелі супрацьгазы, і таму ў Паційскім палку, на пазіцыі якога быў накіраваны газапуск, пацярпелі ад атручвання 9 афіцэраў і 58 ніжніх чыноў, смяротных выпадкаў не было адзначана. Пазнейшыя звесткі аб прымяненні немцамі газаў у нашым краі, верагодна, адносяцца да выкарыстання імі дымавых завес, якія былі прыняты за газабалонныя атакі. Напрыклад, як начная атака на пазіцыі 6-га сібірскага стралкова палка 10 чэрвеня 1917 года пад Багушамі.

Рускія газапускі на Смаргоншчыне

Адначасова з немцамі падрыхтоўку да газабалонных атак праводзіць 5-я хімічная каманда рускай арміі. Кіраўніцтва камандай было ўскладзена на палкоўніка Міхаіла Касцевіча (1877 – 1957). Выпускнік Паўлаўскага ваеннага вучылішча і Міхайлаўскай артылерыйскай акадэміі, афіцэр гвардзейскай артылерыі, спецыяліст па выбуховых рэчывах, вядомы хімік, доктар тэхнічных навук Міхаіл Касцевіч прыняў актыўны ўдзел у хімічнай вайне, прапанаваў методыку камернага абкурывання асабовага складу войска. Падчас разрадкі непрыяцельскага снарада каля Суцькава пацярпеў ад газу, але выжыў.  Пасля 1919 года аказаўся ў эміграцыі. Прафесар Пражскага ўніверсітэта, з 1930 года – у Францыі, дзе працаваў інжынерам і  забяспечваў безаварыйную ўтылізацыю больш за 2,5 мільёна снарадаў і гранат. У 1936 годзе пераехаў у Эквадор для арганізацыі працы парахавых заводаў, а затым перабраўся ў Аргенціну, дзе і памёр.

У чэрвені 1916 года пад Агароднікамі, на поўдзень ад Крэва, былі пабудаваны склады пад газавыя балоны і завезена адпаведная маёмасць са складоў каманды ў Мінску і  Залесся. Участкам для першага газапуску вызначылі лясны выступ на захад ад вёскі Агароднікі. Першапачаткова атака планавалася на 16 ліпеня, але не адбылася з-за асцярогі камандзіра 24-га корпуса, што газ можа негатыўна паўплываць на запланаванае на гэты час наступленне рускай арміі.

Газабалонная атака была выканана ў ноч на 19 ліпеня 1916 года з той самай пазіцыі. Але паколькі аператыўная абстаноўка змянілася, мэта газапуску была іншай: дэманстрацыя бяспекі новай зброі для свайго войска і пошук разведчыкаў. Выбар часу атакі быў абумоўлены метэаралагічнымі ўмовамі. Выпуск атрутных газаў пачаўся ў 1.40 з размяшчэння Богадухаўскага палка і ажыццяўляўся на працягу паўгадзіны. Усяго планавалася выкарыстаць дзве тысячы балонаў. Пасля газапуску разведчыкі дайшлі да  драцяной загарадкі германцаў, але іх сустрэлі ружэйным агнём, і яны былі вымушаны вярнуцца.

Газавая атака была не зусім удалая з той прычыны, што прайшоўшая напярэдадні навальніца зрабіла паветра вільготным, газ моцна растварыўся ў траве і дайшоў да праціўніка ў невялікай колькасці. Тым больш, што вецер змяніў напрамак газавай хвалі, і яна пайшла ў іншы бок. Да таго ж  сам выпуск газу не быў зладжаным па прычыне няспраўнасці балонаў, многія краны не адкрываліся, лопаліся, у выніку чаго былі атручаны 2 афіцэры і 94 салдаты.

У час прыбірання балонаў з пазіцый былі атручаны яшчэ 33 ніжнія чыны. Справа ў тым, што адзін балон быў прастрэлены ворагам, а газ з яго патрапіў у акопы. Газ з другога балона пачаў выходзіць пры яго пераносцы, і старэйшы ўнтэр-афіцэр кулямётнай роты Каваленка, не разгубіўшыся, закапаў яго ў варонку ад снарада, але ўсё ж сам пацярпеў. З летапісу нямецкага 333-га пяхотнага палка стала вядома, што калі змяніўся напрамак ветру, газавае воблака закранула толькі некаторыя пазіцыі, дзе на кароткі тэрмін прыйшлося апранаць супрацьгазы. У палку не адзначана смяротных выпадкаў, толькі некаторыя салдаты былі атручаны.

Ацэнка баявога значэння газапуску, зробленая камандуючым фронтам, была адмоўнай. Камандуючы 10-й рускай арміяй таксама адзначыў, што ніякіх станоўчых вынікаў газабалонная атака не дала. У той жа час ён прызнаў, што «гэтая першая спроба прымянення газа не безвыніковая … і дазваляе спадзявацца, што ў далейшым вынікі выпуску атрутных рэчываў будуць больш значнымі».

У адказ на дзве летнія газабалонныя атакі германцаў у Смаргоні 5-я хімічная каманда праводзіць у ноч на 6 верасня 1916 года свой газапуск на пазіцыі каля «Залатой горкі». На ўчастку 2-й пяхотнай дывізіі, працягласцю 1300 крокаў, у 3.30 быў выпушчаны газ з 577 малых і 65 вялікіх балонаў. У сувязі са зменай ветру і павароту газавага воблака ў бок рускіх пазіцый газапуск праз 15 хвілін быў спынены. Напад быў прызнаны часткова ўдалым: ён быў для праціўніка нечаканым, у яго акопах былі чутны крыкі і стогны, слаба вёўся ружэйны агонь, на наступны дзень была заўважана ўзмоцненая работа немцаў па ачыстцы акопаў ад газаў і ахвяраў. У той жа час, па данясенні начальніка 2-й рускай дывізіі, агнём артылерыі было разбіта сем балонаў з газам, што стала галоўнай прычынай стратаў рускага войска. У дывізіі ад газу памерла 6 ніжніх чыноў, а 2 афіцэры і 124 салдаты атручаны. Сярод хімічнай каманды, абслугоўваючай атаку, таксама адзначаны 3 выпадкі смяротнага і 10 цяжкага атручвання.

Наступная руская газабалонная атака адбылася ў ноч на 17 студзеня 1917 года на ўчастку 69-й дывізіі. Пачалася ў 2 гадзіны ночы на фронце каля вёсак Круглянка і Агароднікі, складалася з двух хваляў і працягвалася 45 хвілін. Высланую партыю разведчыкаў сустрэлі моцным кулямётным агнём, і яны адышлі да сваіх акопаў. У дывізіі былі лёгка атручаны 38 ніжніх чыноў, пераважна хімічнай каманды, у выніку работы пры разбітых балонах з газам.

Апошнія газапускі ўзгаданай хімічнай каманды былі праведзены на пазіцыях паміж вёскамі Навасёлкі і Агароднікі 31 студзеня і 7 сакавіка 1917 года. У першай атацы, якая складалася з дзвюх хваляў, было выкарыстана 1200 балонаў на ўчастку ў адну вярсту. Другая атака, з выкарычтаннем 586 балонаў, праведзена на частцы таго ўчастка, на якім быў праведзены папярэдні газапуск. Звестак пра пацярпелых з абодвух ваюючых бакоў не выяўлена.

У выніку развіцця сродкаў супрацьхімічнай абароны, улічваючы залежнасць газабалонных атак ад метэаралагічных умоў, да канца 1917 года на франтах Першай сусветнай вайны амаль цалкам адмовіліся ад такога віду барацьбы. Сёння на нашай зямлі аб трагедыі тых мінулых падзей нагадваюць сціплыя помнікі на брацкіх магілах ахвяраў газапускаў і памятны камень на Смаргонскім мемарыяле, прысвечаны падзеям першага газавага нападу.

црро.png

Уладзімір ПРЫХАЧ 
Теги: война

Статьи по теме: