У Смаргонскім раёне адкрылі летні лагер для дзяцей-калясачнікаў
Выхаванцы – дзеці з парушэннямі апорна-рухальнага апарату, якіх суправаджаюць законныя прадстаўнікі. Такі лагер – новы для цэнтра вопыт. У нашай установе ёсць усе неабходныя ўмовы для эфектыўнага аздараўлення і адпачынку дзяцей: безбар’ернае асяроддзе, падрыхтаваны персанал, моцная матэрыяльная база для аздараўлення і пражывання дзяцей з парушэннямі апорна-рухальнага апарату, у тым ліку і вазочнікаў. Мэтай арганізацыі дзіцячага аздараўленчага лагера для дзяцей з парушэннямі апорна-рухальнага апарату на базе КУП ДРАЦ “Лясная паляна” з’яўляецца прадастаўленне кожнаму дзіцяці разнастайных магчымасцей для адпачынку, творчага вольнага часу і паўнацэнных зносін у інклюзіўнай прасторы КУП ДРАЦ “Лясная паляна”.
Змена разлічана на 9 дзён. Усе дні аб’яднаны назвай “Каляровы настрой”. Першы дзень у лагеры прайшоў пад дэвізам “Добры дзень, сябар!” На арганізацыйным зборы атрада выхавацелі пазнаёмілі дзяцей з асноўнымі рэжымнымі момантамі, правялі ўводны інструктаж, хвілінку бяспекі “Бяспечнае лета”. Пазнаёміцца, зблізіцца, распачаць сяброўства адно з адным дзецям дапамагла гульнёвая праграма “Вясёлкавая краіна”. Каларытная вядучая Люся завабіла дзяцей у незвычайную краіну, населеную непаседлівымі птушкамі, сімпатычнымі жырафамі, няўлоўнымі рыбамі, героямі мультыплікацыйных фільмаў. На свяце знаёмства дзеці распачалі, а бацькі завяршылі “будоўлю стагоддзя”, а затым у камандным саперніцтве насялілі вясёлкавую краіну найпрыгажэйшымі ў свеце лялькамі ў незвычайных строях. Акрамя насычанай праграмы вольнага часу дзяцей чакаюць і медыцынскія працэдуры: кіслародны кактэйль, фітагарбата, ароматэрапія, дзеці будуць смакаваць мінеральную ваду і наведваць басейн.
Святлана ІЗАФАТАВА, выхавальнік КУП ДРАЦ “Лясная паляна”.