Таццяна Капыш: залатая дачушка

 

Таццяна Капыш: залатая дачушка

Общество
08.07.2024
1124

Прафесія ці пакліканне? Такое пытанне задаю штораз, калі героямі матэрыялаў становяцца сацыяльныя работнікі. Цяжка назваць іх дзейнасць работай. Напэўна, гэта нешта большае: бясцэнная дапамога, у якой рана ці позна мае патрэбу кожны чалавек. У няпростыя жыццёвыя моманты сацработнікі прыходзяць на дапамогу, падтрымліваюць і дапамагаюць вырашаць шматлікія праблемы.

Таццяна Капыш сацработнікам працуе пятнаццаць гадоў. А раней была дыспетчарам і сакратаром у калгасе “Кастрычніцкі”. З-за фінансавых цяжкасцей у гаспадарцы пайшлі сур’ёзныя скарачэнні, без работы аказалася і Таццяна Уладзіміраўна, але неўзабаве яе знайшла новая работа.

Цяпер жанчына апякае 7 пажылых людзей, якія жывуць у Крэве. Да жанчыны, інваліда першай групы, ходзіць чатыры разы на тыдзень, да астатніх – два. “Усе яны сталі мне роднымі, - усміхаецца суразмоўца. – Маіх бацькоў ужо няма ў жывых, таму любоў і клопат стараюся перадаць сваім падапечным. Шкадую іх, як родных”.

Пэўны час на абслугоўванні Таццяны Уладзіміраўны была адзінокая нямоглая жанчына, якая нікуды не хацела ехаць са сваёй хаты. І сацработнік па клічу сэрца хадзіла да яе штодзень.

Сучасны свет развіваецца імкліва. У звычайнае жыццё прыходзяць разнастайныя навацыі. Але самыя сучасныя вынаходкі тэхнічнага прагрэсу і навуковай думкі дагэтуль не замянілі таго, без чаго кожны чалавек не можа жыць: дабрыні, чуласці, паразумення. Менавіта гэтым кожны дзень шчыра дзеліцца са сваімі падапечнымі наша гераіня, а яны яе за гэта называюць “залатой дачушкай”.

капыш.JPG

Галіна АНТОНАВА

Фота аўтара

Статьи по теме: