Лепшага смаку няма, чым жыць…

 

Лепшага смаку няма, чым жыць…

Культура
12.01.2020
3066
Першы ўспамін пра Аляксандра Дзяругу, які захоўвае ў памяці Рэгіна Ерамеева, - яго з’яўленне ў Смаргоні: “Пра Аляксандра Анісімавіча я пачула яшчэ ў глыбокім дзяцінстве. Бацька расказваў, што ўвесь горад сышоўся паглядзець на вяселле Аляксандра Дзяругі з яго прыгожай абранніцай. Жаніх і нявеста ў залатой карэце, запрэжанай белымі коньмі, паехалі ў царкву браць шлюб”. Такім чынам смаргонцы сустракалі Аляксандра Анісімавіча ў сваім горадзе. Забягаючы наперад, скажу, што і развітацца з Дзяругам таксама сабралася ўся Смаргонь.

Легендарны цесць

За жонку Дзяруга ўзяў дачку вядомага адваката Канстанціна Капусцінскага, пра якога, без перабольшання, хадзілі легенды. Людзі гаварылі, калі пан Капусцінскі працаваў у Вільні, не прайграў ніводнай справы.

У Смаргоні прадаўжаў гэтак жа плённа адстойваць інтарэсы людзей. “Дорага не бярэ,  бедным ніколі не адмаўляе і заўсёды справу выйгравае”, - па-ранейшаму хвалілі адваката.

Мая суразмоўца прыпомніла гісторыю пра вясковага, простага, вельмі беднага чалавека. Абвінавачвалі яго ў нейкай вельмі сур’ёзнай справе. Выслухаўшы бедалагу, адвакат  дрэагаваў:

- Ну, тут ужо і сам Божа не дапаможа... Каб хоць адну зачэпку знайсці... А на якой мове вёўся судовы працэс?

- На польскай.

- А вы разумееце па-польску?

- Не...

Зачэпка знайшлася. Суддзя зняў усе абвінавачванні з падапечнага Канстанціна Капусцінскага.

Жаночы батальён

У Рэгіны Канстанцінаўны захаваўся фотаздымак 1947 года. Аднойчы дзяўчынкі з яе Вілейскай вуліцы вырашылі сфатаграфавацца. Сабраліся і пайшлі да Дзяругі на вуліцу Зарэчную (пазней яна стала Танкістаў). Пасляваенны час. У дзяцей не было нават абутку. Да фатографа ішлі басанож кіламетры са два.

Аляксандр Анісімавіч паклікаў “жаночы батальён” да сябе ў двор, выслухаў пажаданні “працуючых”. На фотасесію “паненак” правёў да лаўкі. Меншых пасадзіў на лаўку, большых паставіў за лаўку. Ногі ў кадр не ўвайшлі.

ер.jpg

Дзяўчынкі з вуліцы Вілейскай. 1947 год


“А пасля фотасесіі жонка Дзяругі грала на фартэпіяна і спявала для нас. Гэта была надзвычай прыгожая песня. Здавалася, анёлы спяваюць…” - успамінае Рэгіна Канстанцінаўна.

Па суседстве з сям’ёй Рэгіны Ерамеевай жыў кінамеханік Барыс Падбярэзскі. Дзяруга часта бываў у яго дома на кінапаказах. Барыс Барысавіч вешаў на сцяну белую прасціну, запускаў свой апарат - і мы глядзелі кіно. У суседа было шмат “бабінаў” з запісамі. Збольшага – фільмы нямецкія, трафейныя, не вельмі прывабныя па сюжэце, але дзецям было цікава назіраць, як па палатне рухаюцца людзі.

Неўзабаве пасля вайны Аляксандр Анісімавіч пачаў ствараць цымбальны аркестр. Прыходзіў у школу і на перапынку падыходзіў да дзяцей, падыгрываў на інструменце і звычайна прасіў праспяваць песню:

Рвались к Волге немецкие орды,

Край родной был пожаром объят.

Но у Волжских дверей, отбивая зверей,

Грозно встал богатырь-Сталинград.

Калі бачыў, што “апытуемы” мае слых і зацікаўленасць, абавязкова паведамляў бацькам:  “Ваша дзіця вельмі таленавітае ў музыцы. Трэба развіваць гэтыя задаткі”. Не адмаўляў і таму, у каго са слыхам было не вельмі, але мелася вялікае жаданне граць у калектыве.

У аб’ектыве –пасяджэнне

Праўда, Рэгіну музыка і спевы цікавілі нашмат менш, чым вучоба і спорт. У школе была выдатніцай, спартсменкай, удзельнічала ў абласных спаборніцтвах па пяцібор’і.

У 1953 годзе паступіла ў Ленінградскі інстытут інжынераў чыгуначнага транспарту. Паспяхова яго скончыла. Падчас размеркавання паведаміла пра сваё жаданне ехаць на Кузбас. У зале прысутнічала камісія з Масквы, усе сталы былі застаўлены ружамі. Ехаць на Кузбас ніхто не хацеў, тым больш па балах Рэгіна магла размеркавацца ў Маладзечна.

Але яна найперш думала, як дапамагчы матэрыяльна бацькам.

Члены камісіі былі неймаверна ўражаны смеласцю маладога спецыяліста: сабралі са сталоў усе ружы і падарылі дзяўчыне. Адзінаццаць гадоў пражыла Рэгіна Канстанцінаўна ў Заходняй Сібіры. Выйшла там замуж, нарадзіла дваіх дзяцей. А пасля вярнулася ў Смаргонь. Абставіны склаліся так, што з чыгункай яна свой прафесійны лёс ужо не звязала. Была галоўным архітэктарам Смаргоні, узначальвала архітэктурнае бюро.

У жніўні 1974 года стала старшынёй гарадскога Савета народных дэпутатаў. На гэтай пасадзе адпрацавала дзесяць гадоў. Аляксандр Дзяруга часта прыходзіў у гарвыканкам. Фатаграфаваў Рэгіну Канстанцінаўну на рабочым месцы. У архівах маёй гераіні – рэдкія здымкі з пасяджэння гарсавета. Дагэтуль я бачыла больш за паўтысячы фотаздымкаў, зробленых Дзяругам, але такіх афіцыйных сярод іх не было.

ер 1.jpg

Пасяджэнне вядзе Рэгіна ЕРАМЕЕВА. Год прыкладна 1976


Кветкі – сонцавы дзеткі

Мая суразмоўца зазначае, што Аляксандр Анісімавіч фантаніраваў ідэямі, прапановамі, каб разнастаіць жыццё горада. Арганізоўваў каля кінатэатра “Космас” выставы кветак і фотаздымкаў з кветкамі на падворках.

“Ён ведаў кожны двор, усіх людзей Смаргоні, шмат фатаграфаваў, - сцвярджае мая суразмоўца. - На конкурс гаспадыні прыносілі букеты, давалі ім назвы. Былі вельмі  арыгінальныя кампазіцыі. Пераможцы атрымлівалі ўзнагароды. За лепшую кампазіцыю на падворку таксама ўручалі прэміі. Свята літаральна патанала ў квецені. Пасля імпрэзы букеты ўскладалі ля помніка загінуўшым воінам. Мы прапаноўвалі Дзяругу заплаціць за плёнку і фотаздымкі. “Я грошы не бяру!” – адказваў Аляксандр Анісімавіч.

ер 4.jpg

Свята кветак. Рэгіна ЕРАМЕЕВА (трэцяя справа). Сярэдзіна 70-х гадоў ХХ стагоддзя


Памятаю, у 1979 годзе мы саставілі альбом з фотаздымкаў Дзяругі і паслалі яго на конкурс. Смаргонь прызналі лепшым горадам па азеляненні ў вобласці. Атрымалі першае месца, вялікую прэмію і пераходны Чырвоны сцяг”.

Гэта быў апошні своеасаблівы падарунак гораду ад Аляксандра Дзяругі. Неўзабаве смаргонскага маэстра не стала… Развітацца з Аляксандрам Анісімавічам у Дом культуры прыйшоў, здавалася, увесь горад. У ДК гучала ціхая класічная музыка – такая была апошняя воля Дзяругі.

Калі неслі труну з целам вядомага смаргонца, ад Дома культуры да могілак уздоўж дарогі шчыльным ланцужком стаялі маладыя людзі. Усе яны ў руках трымалі кветкі…

Галіна АНТОНАВА.

Фота з архіва Рэгіны ЕРАМЕЕВАЙ.