Даследчыца фаўны нашага рэгіёну

 

Даследчыца фаўны нашага рэгіёну

Общество
21.05.2024
473

Збіраючы звесткі пра помнікі і людзей з ваколіц Нястанішак у поле зроку трапіла адна цікавая асоба, пра якую раней не сустракаў ніякай інфармацыі. А яна вартая таго, каб мы адкрылі яшчэ адно імя даследчыцы фаўны нашага краю. Пачынаючы з 1923 года рэгіён вакол Нястанішак стаў доследнай пляцоўкай вядомай у будучым вучонай-малакалогам Марыяй МЛАДЗЯНОЎСКАЙ-ДЫРДОЎСКАЙ (1885 – 1931). Навукоўцаў, якія вывучаюць малюскаў, называюць малаколагамі, а сама назва паходзіць ад грэчаскага слова, што перакладаецца як «малюск».

5de9891d4079ddb.jpg

На працягу шэрагу гадоў яна праводзіла летнія месяцы ў Нестанішках і мела магчымасць збіраць малюскаў, сліжоў і смаўжоў у бліжэйшых мясцінах ад мястэчка.  Гэтымі тэрыторыямі сталі ручай пад назвай Крынічны, а таксама сад у саміх Нястанішках, вільготны лес на ўсход ад вёскі Паляны, пастарынскі лес і дабраўлянскі парк, Вішнеўскае і Свірскае возеры, рэкі Вілія, Ашмянка, Страча і іх берагі. Потым свае вынікі ў 1930 годзе яна апублікавала ў працы «Матэрыялы па малакозаалагічнай фаўне Віленшчыны».

Зборы відаў малюскаў не могуць быць вычарпальнымі, як адзначала малаколаг, але могуць даць пэўнае ўяўленне пра тагачасную малакалагічную фаўну, дапоўніць веды пра зоагеаграфію малюскаў. Калі знойдуцца цяперашнія даследчыкі гэтага кірунка заалогіі, у першую чаргу школьныя ініцыятывы, то можна будзе зрабіць вельмі карысную навуковую працу, якая паглыбіць веды пра экалогію малюскаў роднага краю.

З апублікаваных прац Марыі Младзяноўскай-Дырдоўскай можна даведацца, што ў нашых мясцінах яна знайшла 44 наземныя і 43 водныя віды малюскаў. Найбольшай іх разнастайнасцю вызначылася рака Вілія і яе берагі – 30 відаў, у рэчцы і садзе Нестанішак -29, у палянскім лесе – 22, у Вішнеўскім возеры і паблізу – 18 відаў малюскаў. Калі разглядаць лясныя тэрыторыі, то фаўна Віленшчыны мела падабенства з фаўнай Белавежскай пушчы і значна адрознівалася ад заходняй часткі Польшчы. Што цікава, у Віліі налічвалася 19 водных відаў малюскаў, у той жа час у сярэднім цячэнні ракі Рэйн было знойдзена 18 відаў, такая ж колькасць малюскаў была выяўлена ў Волзе.

Закранула яна ў адной са сваіх ранніх прац гнездаванне ў нашых мясцінах вельмі рэдкай белай курапаткі. Звесткі Марыя Дырдоўская атрымала ад гаспадара маёнтка Выгалененты, дасведчанага паляўнічага Гедыміна Невяровіча. Ён перадаў навукоўцы адзін экзэмпляр гэтай птушкі, які потым трапіў у музей Інстытута заалогіі Познаньскага ўніверсітэта. Таксама Невяровіч паведаміў, што на балоце паблізу вёскі Дубатоўкі тады гнездавалася каля 10 статкаў, кожны з якіх налічваў да 20 птушак. Акрамя гэтага балота пары белых курапатка былі вядомыя на балотах Бонда і Спягліца.

Пры заалагічных пошуках даследчыца выпадкова знайшла два багатыя месцазнаходжанні пасляледніковага рэлікту флоры – нізкай бярозы. Адно з іх знаходзілася на вільготным лузе пад назвай «Дзікае балота», у некалькіх кіламетрах на захад ад возера Свір, паміж вёскамі Пазборцы і Хацілкі. Другі арэал гэтай каштоўнай расліны знаходзіўся на поўдзень ад Вішнеўскага возера, у кірунку на балота Бонда. Як у адным, так і другім выпадку, вучоная падымала пытанне аб экалогіі і захаванні першароднасці гэтых мясцін.

Узгадаю некаторыя біяграфічныя звесткі пра даследчыцу фаўны нашага рэгіёну. Марыя Маладзяноўская нарадзілася 4 кастрычніка 1885 года ў сям’і Антонія і Ванды  Рагальскіх у Бабруйску. Першапачатковую адукацыю атрымала да 1901 года ў Варшаўскім пансіёне, у 1903 закончыла годзе Віленскую жаночую гімназію ведамства імператрыцы Марыі. Працягнула вучобу ў 1909 – 1910 гадах на біялагічным аддзяленні жаночых курсаў у Кіеве, пасля якіх да 1920 года працавала настаўніцай. Каля 1920 года выйшла замуж за Дырдоўскага, які ў хуткім часе пасля шлюбу загінуў ў чыгуначнай катастрофе. З 1921 года працягнула навучанне ў Познаньскім універсітэце, спецыялізуючыся на заалогіі, пад кіраўніцтвам А. Якубоўскага і скончыла ўніверсітэт у 1923 годзе. Працавала спачатку лабарантам, потым асістэнтам, а з 1926 года – старэйшым асістэнтам пры кафедры гісталогіі. У 1928 – 1931 гадах дадаткова вучылася на медыцынскім факультэце ўніверсітэта. Займалася фаўністыкай, рыхтавала публікацыі пра малюскаў, якія на той час былі адносна слаба даследаваны. Раптоўна памерла ў Нястанішках 4 верасня 1931 года і была пахавана на мясцовых могілках.

З першых дзён існавання гуртка натуралістаў універсітэта ў 1921 годзе была яго сябрам, з 1927 года ўваходзіла ў склад фізіяграфічнай камісіі Польскай акадэміі навук. Сябра нямецкіх таварыстваў натуралістаў, пасмяротна за заслугі была ўзнагароджана залатым медалём Познаньскага ўніверсітэта.

Пакуль дакладна невядома, з якіх меркаванняў, пачынаючы з пачатку 20-х гадоў мінулага стагоддзя і да сваёй смерці, Марыя Маладзянноўская-Дырдоўская праводзіла летнія месяцы ў Нястанішках. Магчыма, там жылі сваякі ці жонка роднага брата Вацлава.

Уладзімір ПРЫХАЧ

Статьи по теме: