Чыгуначная станцыя Лістапады

 

Чыгуначная станцыя Лістапады

Общество
08.01.2024
628
Як раней, так і сёння, на прыпыначны пункт Лістапады, чыгуначнай лініі Маладзечна – Ліда, спяшаюцца жыхары Крэўскіх ваколіц з намерам выправіцца ў свет па розных жыццёвых справах. Тут сустракаюць гасцей, адсюль накіроўваюцца на вучобу і працу ў бліжэйшыя гарады, абласны цэнтр, сталіцу. Сюды вяртаюцца, каб наведаць родных, сустрэцца з сябрамі і знаёмымі, адчуць повязь з гістарычным мінулым роднага краю.

карта.jpg

Удзячна ўзгадваю тыя мясціны і людзей, з якімі напрыканцы ХХ стагоддзя быў звязаны лёсам. Магу засведчыць, што чыгуначны прыпынак Лістапады застаецца вельмі важным камунікатыўным цэнтрам рэгіёна. Паважліва ў памяці жыхароў ён і сёння захоўваўваецца пад назвай станцыі. Таму варта нагадаць некаторыя старонкі гісторыі транспартнай артэрыі і аднайменнай станцыі, якая аб’ядноўвае землякоў.

У пачатку мінулага стагоддзя ў паўднёва-ўсходняй частцы былога Ашмянскага павета пачалося будаўніцтва Балагое-Сядлецкай чыгункі. Першапачаткова праект прадугледжваў пабудову прамалінейнага ўчастку з Полацку на Ліду праз Залессе і Крэва.

Доўгі час для мяне заставалася загадкай, чаму ў праектах гэтай і Лібава-Роменскай чыгункі іх шляхі павінны былі прайсці праз гістарычнае Крэва. Але ўсё становіцца зразумелым, калі на геаграфічнай карце злучыць прамымі лініямі Полацк з Лідай і Вільню з Мінскам. Гэтыя лініі перасякаюцца ў самім Крэве ці паблізу ад былога мястэчка. У рэальнасці шмат розных абставін паўплывалі на канчатковае рашэнне. Свае важкія карэктывы ў першапачатковы праект унёс рэльеф мясцовасці. Ён вымагаў, каб чыгунка па магчымасці праходзіла па роўных участках, таму прыйшлося абмінаць Ашмянскае ўзвышша.

На станцыі Залессе ў тыя часы ўжо існавала абаротнае дэпо, меліся 9 стойлаў, паваротны круг і тракцыйныя шляхі. Тут планавалася зрабіць завязку пуцей, абсталяваць харчовыя пункты, стварыць лаўку, салдацкую краму, пякарню, жолабы з вадой для коней, абсталяваць пляцоўкі для бесперашкоднай пасадкі і высадкі салдат. Новая чыгуначная лінія прызначалася для ваенных патрэб, для перавозкі войскаў і матэрыялаў ад цэнтральных раёнаў Расіі да яе заходніх межаў у выпадку ваеннага канфлікту. Канчатковы маршрут будучай магістралі пралёг зусім па іншых мясцінах,  Залессе і Смаргонь засталіся ў баку, а суседняе Маладзечна стала вузлавой станцыяй. І невядома, якімі б тэмпамі развіваўся наш рэгіён, калі чыгуначная стужка пралягла праз нашу Смаргоншчыну. Напэўна, штуршок для развіцця раёна быў бы іншым.

Будаўніцтва магістралі ішло адносна хутка. 23 студзеня 1906 года пачаўся часовы рух пасажырскіх і таварных цягнікоў паміж Полацкам і Ваўкавыскам. Першапачаткова курсіравалі ў кожным напрамку толькі тры пары цягнікоў на тыдзень. Афіцыйна лінія была прынята ў эксплуатацыю 1 студзеня 1907 года.

На двухпутным участку чыгункі Маладзечна – Ліда, паміж станцыямі Палачаны і Вайганы, якая пазней была перайменавана на станцыю Багданава, была пабудавана па тыпавым праекце станцыя IV класа з паэтычнай назвай Лістапады, якая пахо­дзіла ад бліжэйшай аднайменнай вёскі. Каля ракі Заходняя Бярэзіна знаходзілася вадакачка, куды адгаліноўвалася невялікая чыгуначная ветка. Гэтае месца на тэрыторыі Крэўскага сельсавета і сёння мае ў памяці мясцовых жыхароў такую ж самую назву “вадакачка”. Светлы і прасторны вакзальны будынак быў узведзены з высокаякаснай чырвонай цэглы, накрыты бляхай, ствараў станоўчае ўражанне і мог служыць узорам архітэктурнага стылю. Каля вакзала ўзведзены камфартабельны жылы дом для супрацоўнікаў, казарма, студня, лядоўня, іншыя гаспадарчыя пабудовы.

З пачаткам дзейнасці чыгункі на ўчастку, які знаходзіцца цяпер у межах Смаргонскага раёна, адбылося адно з першых сур’ёзных крушэнняў цягніка. Як паведамляў “Кур’ер Літоўскі”, у публікацыі за 16 мая 1907 года, перапоўнены паштовы цягнік №4, які накіроўваўся з Ліды ў Маладзечна, у 6 гадзін раніцы на 662 вярсце чыгункі, а гэта на прамежку паміж рэчкамі Ластайкай і Краўлянкай, паваліўся з высокага насыпу на дол. У ацалелых вагонах пачалася паніка, а ўнізе, каля пабітых вагонаў, разносіліся страшэнныя енкі і стогны, з’явіліся першыя ахвяры. Хутка да месца здарэння прыбылі ратавальныя цягнікі з Маладзечна і Ліды, а 11 мая на месца катастрофы з Пецярбурга выехаў міністр шляхоў зносін Шаўфус.

Дзіўным чынам у верасні 1915 года праз гэтае месца пралягла лінія руска-нямецкага фронту, якая падзяліла на некаторы час не толькі тэрыторыю нашага краю, але і жыццё людзей на “да” і “пасля” прыходу вайны. Ход Першай сусветнай вайны стаў праверкай расійскай канцэпцыі будаўніцтва стратэгічных чыгунак. Лінія Седльцы – Балагое выканала сваю задачу па перапраўцы войскаў з глыбіні імперыі на фронт, спатрэбілася пры правядзенні Віленскай аперацыі. 4 (17) верасня 1915 года да станцыі Лістапады падышлі раз’езды 1 кавалерыйскай дывізіі немцаў, але хутка былі адціснуты рускім войскам. З падыходам нямецкай пяхоты і артылерыі ў гэтых мясцінах пачаліся жорсткія баі з выкарыстаннем лёгкай і цяжкай артылерыі. У выніку далейшых артылерыйскіх абстрэлаў, асабліва ў вераснёўскіх баях, будынак вакзала быў ­амаль поўнасцю знішчаны.

Пасля вайны разбураную станцыю Лістапады было вырашана не аднаўляць, замест яе рэарганізавалі існаваўшы ў Гародзьках ваенны “Блок-пост 654 вярста”, які пазней перайменавалі ў станцыю Валожын. У міжваенны час таксама прайшла рэканструкцыя чыгуначных вакзалаў на лініі Маладзечна – Ліда, яны набылі новы выгляд, сцены іх былі атынкаваныя, займелі высокі мансардны дах. У той жа час быў часткова адноўлены будынак вакзала станцыі Лістапады, але яго прыстасавалі пад жыллё чыгуначнікаў, а каля яго быў створаны прыпыначны пункт. Цяперашнім часам мураваны будынак былога вакзала з комплексам гаспадарчых пабудоў і часткай старой алеі нагадваюць пра былыя часы, удакладняе месцазнаходжанне станцыі Лістапады. Мы павінны ведаць: каб не вайна, яшчэ адна чыгуначная станцыя магла б стаць спадчынай нашага раёна.


Вакзал.jpg

Выгляд вакзальнага будынка станцыі Лістапады (з “Альбома тыпавых чарцяжоў пабудоў чыгункі Полацк – Сядлец, 1902 – 1906 гг.”

 

Уладзімір ПРЫХАЧ.

Похожие новости

Таямніца дзіўнай бібліятэкі.

Санітарны цягнік №218 адпраўляецца…

Падземна-мінная вайна. Новыя факты.

Педагагічныя знаходкі мінулых часоў.


Интересные и актуальные новости Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

 #Новости_Светлы_Шлях