Параднёны з полем
“Я люблю вёску, таму ніколі не імкнуўся ў горад. І тэхніку з маленства любіў. Мой тата ўсё жыццё адпрацаваў экскаватаршчыкам, і я з захапленнем назіраў за яго работай, - успамінае Генадзь Іванавіч. - Увесь час марыў стаць дарослым, каб самому зарабляць грошы. У пятнаццаць гадоў паступіў вучыцца на экскаватаршчыка ў Лідскае СПТВ, але пасля заканчэння ніколі не сеў за руль экскаватара. Адслужыўшы армію, у 1986 годзе, атрымаў правы шафёра, уладкаваўся вадзіцелем у мясцовы калгас імя Калініна. А праз амаль дзесяць гадоў я перасеў у трактар”.
Больш за чвэрць веку – такі механізатарскі стаж нашага героя. Яго канёк – нарыхтоўка кармоў для буйной рагатай жывёлы. Як вядома, малако ў каровы на языку. Смак, пах і нават адценне малака залежаць ад рацыёну рагулі. Калі пра гэта даведваешся, пачынаеш разумець і вялікую ролю механізатара ў развіцці жывёлагадоўлі.
Позняй восенню работы ў полі заканчваюцца, і Генадзь Іванавіч перасядае ў пагрузчык. Зімой работы ў гаспадарцы не спыняюцца. Хіба сам кіроўца, нарэшце, атрымлівае заслужаны адпачынак.
На сёлетнім абласным свяце, прысвечаным Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, Генадзь Іванавіч будзе ўдастоены яшчэ больш важкай ўзнагароды – падзякі Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь.
У гэтым годзе наш герой атрымаў ільготную пенсію, мог бы спакойна ісці адпачываць. “Але з ганаровым статусам пенсіянера мірыцца не хачу, - смяецца Генадзь Іванавіч. – Пакуль буду мець сілы – буду працаваць”.
Галіна АНТОНАВА.
Фота аўтара.