Адданы сваёй справе

 

Адданы сваёй справе

Общество
05.11.2023
2019
Хвароба прыйшла неяк нечакана: пачала дзервянець сківіца, нібы абцугамі, сціснула ўсю галаву. Я выпіла нейкай “мікстуры” і цярпела боль амаль увесь дзень, але гадзін у пяць вечара зразумела: патрэбна дапамога ўрача. Патэлефанавала дачцэ ў ­Мінск. Дачка адразу: “Мама, я еду, збірайся…”.

b64grgmwgnrvbgmsnt5ly61gb4hkg2t1.jpg

Адправіліся мы з ёй у смаргонскую стаматалогію. Было ўжо амаль сем вечара. На здзіўленне, такім познім часам сустрэлі загадчыка Мацвея Стэфанавіча Ляшука. Глянуўшы на мой змарнелы выгляд, ён адразу прапанаваў сесці ў крэсла. Паклікаў медсястру. Упэўнена, рашуча, прафесіянальна вырваў тры зубы – пад імі быў абсцэс. Пасля адправіў мяне на кушэтку паляжаць. Увесь час побач са мной знахо­дзілася медсястра, сачыла за ціскам, які перавысіў пазнакі 180 на 120. Мацвей Стэфанавіч таксама цікавіўся станам майго здароўя…

Я ў чарговы раз пераканалася, што маю справу з цудоўным доктарам. Яго галоўныя якасці - адказнасць перад хворымі, любоў да сваёй прафесіі, да лю­дзей, праніклівая  ўважлівасць да стану кожнага хворага, нягледзячы на яго ўзрост, пасаду, знешні выгляд. Для яго існуе адзіны паказчык – хворы, якога трэба ратаваць.

Пры мне ў той позні вечар прыйшлі яшчэ тры пацыенты. Без усякай нервознасці, злосці, са спакойным тварам Мацвей Стэфанавіч  усім аказаў дапамогу. Вось такім і павінен быць сапраўдны доктар.

Сваё рабочае месца ён не памяняў на камерцыйныя медыцынскія цэнтры, набывае вопыт, майстэрства і перадае назапашанае іншым калегам. Таму і калектыў у стаматалогіі – цудоўны.

Мудры Сакрат сцвярджаў: “Усе прафесіі ад людзей, а толькі тры ад Бога: судзіць, лячыць, вучыць”. Мацвей Стэфанавіч – урач ад Бога. Прыемна, што ў нашым раёне ёсць такі доктар. Хай яго жыццё будзе напоўнена здароўем і ­падзякамі добразычлівых пацыентаў.

Алена СТРАХ, в. Баярск.




 

Статьи по теме: