Ваенны доктар Юджын Хёрд

 

Ваенны доктар Юджын Хёрд

Общество
24.10.2023
508
Адной з каштоўнейшых крыніц па гісторыі Першай сусветнай вайны ў нашым краі з’яўляюцца ўспаміны генерал-маёра Уладзіміра Джункоўскага. Былы маскоўскі губернатар і таварыш міністра ўнутраных спраў з лістапада 1915 года па чэрвень 1916 года знаходзіўся на смаргонскім участку фронту. Пазней ён удзельнічаў у Нарачанскай аперацыі, а потым заняў пазіцыі тут. На працягу вайны Уладзімір Джункоўскі афармляў альбомы, дзе многія мясціны, падзеі і людзі дапоўнены рарытэтнымі здымкамі.

 25.jpg

26.jpg

У адным з альбомаў выклікаюць цікавасць фотаздымкі, як бачна з подпісаў пад фота, прысвечаных амерыканскаму хірургу. Ва ўспамінах генерал-маёр не адзначыў прозвішча гэтага доктара, а толькі ўзгадаў, што ў перадавым Гродзенскім атрадзе “хірургам быў амерыканец, які амаль не размаўляў па-руску, але гэта не перашкаджала яму спраўляцца з персаналам і з усімі справамі атрада. Мы жылі вельмі дружна з імі і часта наведвалі адзін аднаго, працавалі яны больш чым добрасумленна”.

З іншых крыніц стала вядома прозвішча першага прыкамандзіраванага да расійскага войска амерыканскага хірурга і месца дыслакацыі санітарнага транспарту. Старэйшым урачом у “29 перадавым атрадзе імя Гродзенскага дваранства Расійскага таварыства Чырвонага крыжа“ быў Юджын Хёрд, а сама санітарная ўстанова размяшчалася ў вёсцы Зарудзічы. Далейшы пошук звестак аб гэтай персоне адкрыў новае імя той далёкай вайны, якое заслугоўвае большай увагі.

Юджын Хёрд нарадзіўся 7 ліпеня 1881 года ў Форт-Аткінсане, штат Вісконсін, ЗША. У 1905 годзе скончыў каледж медыцыны і хірургіі Заходняга ўзбярэжжа ў Сан-Францыска. Доктар Хёрд быў паспяховым практыкуючым хірургам у Сіэтле, членам Заканадаўчага сходу штата і, як казалі, будучым мэрам горада. У пачатку сусветнай вайны ён напісаў ліст цару з просьбай дазволіць прыехаць у Расію і паступіць на службу ў рускае войска. Пасля візіту да яго рускага консула, які ўручыў грошы і чыгуначны білет, ён на наступны дзень пакінуў Сіэтл і адправіўся ў Петраград, а потым - у Гродна. У якасці старэйшага ўрача Гродзенскага перадавога атрада Чырвонага Крыжа капітан медыцынскай службы Юджын Хёрд накіраваўся на фронт ва Усходнюю Прусію.

27.jpg

Акрамя старэйшага ўрача ў штат атрада ўваходзілі начальнік і яго памочнік, загадчык абозу, 3 урачы, 3 сястры міласэрнасці, 41 санітар і 20 чалавек прыслугі. Сам атрад складаўся з перавязачнага пункта, санітарнага транспарту і каманды насільшчыкаў. Для эфектыўнай арганізацыі працы амерыканскі доктар падзяліў увесь свой рыштунак, лекі, інструменты і г. д. так, каб яны ўвайшлі ў пяць фурманак. Кожная з іх была пафарбавана ў пэўны колер, а кожная скрыня, якая знаходзілася ў гэтай фурманцы, была абвязана стужкай таго ж колеру. Да кожнай скрыні быў прызначаны свой чалавек, які дакладна ведаў, што рабіць. Людзі былі так добра навучаныя, што на маршы доктар мог прыступіць да працы праз дзесяць мінут пасля прыпынку.

Больш за тры тысячы хірургічных аперацый правёў Юджын Хёрд у 1914 годзе, большасць з іх – паблізу лініі баявых дзеянняў, пад грукат артылерыйскай кананады. Пра цяжкую працу ваеннага хірурга сведчыць наступны факт. Аднойчы за суткі ён прыняў і аказаў дапамогу 375 чалавекам, працуючы без перапынку на адпачынак. Сярод яго пацыентаў былі не толькі салдаты і афіцэры дзеючай арміі, але і шматлікія мясцовыя жыхары. У яго заўсёды знаходзіўся час на хворых і ніводзін з іх не заставаўся без дапамогі.

З восені 1915 года Юджын Хёрд у званні палкоўніка медыцынскага корпуса кіраваў у Зарудзічах усёй урачэбнай дзейнасцю 29 перадавога атрада Чырвонага Крыжа, які быў прымацаваны да 8 Сібірскай стралковай дывізіі 3 Сібірскага корпуса. Узначальваў з верасня 1916 года ваенна-палявы шпіталь таго ж самага атрада ў раёне вёскі Брусы, каля возера Нарач і знаходзіўся там да лета 1917 года. Узнагароджаны некалькімі баявымі расійскімі ордэнамі.

На фоне рэвалюцыйных падзей 1917 года звольніўся з радоў рускай арміі, паступіў на службу ў амерыканскую армію і ў жніўні з’ехаў у Францыю ў складзе амерыканскага экспедыцыйнага корпуса.

Памёр Юджын Хёрд 20 мая 1941 года ў Рычардсан-Спрынгс, Нью-Йорк. У некралогу было адзначана, што хірург у якасці медыцынскага афіцэра рускай арміі падчас вайны ўдзельнічаў у дзевяноста двух баях і прааперыраваў больш за 31 тысячу параненых салдат. Адразу ўзнік сумнеў у рэальнасці ўзгаданай колькасці аперацый, але, улічваючы спецыфіку санітарнага транспарту, дзе аказвалася першая хуткая дапамога і параненыя рыхтаваліся да перавозкі з перавязачнага пункта ў бліжэйшыя лячэбныя ўстановы, апошняя лічба магла быць цалкам верагоднай. Ваенны доктар сваімі індывідуальнымі намаганнямі рабіў вялікую справу, прысвяціў сваё жыццё палягчэнню чалавечых пакут, таму варты нашай удзячнай памяці.

Уладзімір ПРЫХАЧ.

Юджын ХЁРД.



Интересные и актуальные новости Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

 #Новости_Светлы_Шлях