Татаў дзень
Общество
21.10.2023
Адным з механізмаў падтрымкі шматдзетных сем’яў у Беларусі з’яўляецца вольны ад работы дзень адзін раз на тыдзень для мамы ці таты. Калі мама знаходзіцца ў водпуску па догляду за дзіцем, таты часта карыстаюцца такой магчымасцю. Мы спыталі ў іх, як яны праводзяць гэты дзень, для якіх карысных спраў яго выкарыстоўваюць.
Эдуард РОГАЧ:
- Для нашай сям’і, у якой выхоўваюцца трое дзяцей, вольны ад работы дзень вельмі важны. Я магу падараваць гэты час сваім дочкам і сыну: адводзіць іх у школу і дзіцячы садок, забіраць адтуль, хадзіць з самым малодшым на прагулкі, паразмаўляць са старэйшай Дамінікай па дарозе ў музычную школу… Часта дачка просіць дапамагчы ёй з матэматыкай. Звычайна мы можам удзяліць гэтаму прадмету некалькі хвілін увечары, а ў вольны ад работы дзень ёсць
магчымасць растлумачыць ёй больш паглыблена некаторыя тэмы. А яшчэ мы любім даць маме і жонцы адпачыць
ад паўсядзённых справаў: нешта прыгатаваць разам з дзецьмі, памыць посуд, прыбраць у кватэры.
Аляксандр ПУПКЕВІЧ:
- Я працую на агрэгатным заводзе. У мяне трое дзяцей. Два сыны вучацца ў пачатковых класах, дачцэ ўсяго адзін годзік. Жонка - у дэкрэтным адпачынку. Па пятніцах бяру выхадны дзень, каб правесці яго з сям’ёй. У гэты дзень я прачынаюся раней за ўсіх, рыхтую сынам снеданне, праводжу дзяцей у школу. Затым разам з жонкай мы гатуем абед, імкнёмся прыдумаць што-небудзь смачнае. Пакуль я гуляю з дачкой, жонка штосьці выпякае. У гэты дзень я даю ей магчымасць адпачыць, удзяліць час сабе. Магу цалкам узяць усе абавязкі па дому на сябе. Гэта работа для мяне звыклая. Калі сыны былі маленькімі,
некаторы час я быў у дэкрэтным адпачынку, а жонка хадзіла на работу.
Віялета ВОЙТКА, Таццяна ЛЫСКОВА.
Фота з архіваў сем’яў РОГАЧ і ПУПКЕВІЧ.