Вялікай сям’ёй да вялікіх перамог!
Нават адпачываючы сям’я не забывае пра фізічную актыўнасць. “Цэлае лета мы праводзім у Жодзішках, дзе дзеці могуць уволю набегацца і накупацца ў возеры”, - расказвае Анатолій Сабініч. Гады тры таму ён набыў сабе веласіпед, пачаў катацца на ўсё больш дальнія дыстанцыі. Сёлета стаў браць з сабою старэйшага сына. У планах на будучы год – забяспечыць транспартам і Дашу, якая не хоча адставаць ад таты і брата.
Мама Ірына сама з вялікай сям’і – у яе бацькоў тры дачкі – таму не бачыць асаблівых цяжкасцей у выхаванні такой жа колькасці дзетак. “Калі з’явіліся старэйшыя пагодкі, было, безумоўна, нялёгка, але чым больш яны раслі, тым больш я бачыла, як цягнуцца адно да аднаго, як разам бавяць час”, - падзялілася яна. З’яўленне ў сям’і маленькай Алісы ўсе ўспрынялі з радасцю і энтузіязмам.
Анатолій і Ірына знаходзяць час, каб пабыць усім разам. Яны любяць проста гуляць пешшу, размаўляць, абмяркоўваць усё, што адбылося за дзень у кожнага члена сям’і. А Мікіта, Даша і Аліса з нецярпеннем чакаюць нядзельных бліноў, якія гатуюць таксама сямейным падрадам.
Не толькі мама, але і тата стараецца пабыць з кожным дзіцём адзін на адзін. З Мікітам яны гуляюць у футбол і прыстаўку, для Дашы тата – той, каму першаму яна нясе паказаць новы малюнак, з кім любіць хадзіць па магазінах. А Аліса часцей хоча проста палашчыцца ў яго на каленях ці вядзе на дзіцячую пляцоўку.
“Вельмі любім сваё жыццё: мы маладыя і поўныя сіл, дзеці здаровыя, разумныя, нашы бацькі побач – гэта і ёсць шчасце”, - падсумоўваюць разам Ірына і Анатолій.
Віялета ВОЙТКА.