Тарэза ГІЛЬ: “Ордэн Маці – гэта найперш адзнака маёй работы”

 

Тарэза ГІЛЬ: “Ордэн Маці – гэта найперш адзнака маёй работы”

Общество
13.10.2023
1146


Моцныя, рашучыя, пяшчотныя: першыя мамы з ордэнам.

Гадаваць дзяцей ва ўсе часы нялёгка. А калі дзяцей пяцёра, шасцёра і больш – іх выхаванне патрабуе ад бацькоў неймавернай энергіі, самаахвярнасці і любові. Усіх трэба накарміць, адзець, абуць, дапамагчы з урокамі… У гэтых клопатах бацькам часам патрэбна пацверджанне, што ўсё недарэмна, што дзеці вырастуць у сумленных, добрых, шчырых дарослых людзей. Сёння мы размаўляем з мамамі, якія гэтае пацверджанне ўжо атрымалі. Гэта мамы, якія аднымі з першых у Смаргонскім раёне атрымалі ордэн Маці – у 2000 годзе. Іх дзеці ўжо дарослыя, упэўнена крочаць па жыццёвым шляху.

Мы задалі мамам чатыры аднолькавыя пытанні, на якія яны адказвалі з хваляваннем, гонарам, настальгіяй і вялікай пяшчотай у адносінах да сваіх сем’яў.

1. У якіх сем’ях выраслі яны самі? Ці думалі калі-небудзь, што будуць выхоўваць многа дзетак?

2. Што было самым цяжкім у выхаванні дзяцей? Як спраўляліся з праблемамі?

3. Што для іх значыць Ордэн Маці?

4. Як змяняліся іх адносіны з дзецьмі з цягам часу: ад маленства да дарослага ўзросту?

Ордэн Маці Тарэза Гіль атрымала ў 2011 годзе на абласным свяце, прысвечаным Дню маці.

IMG_9947.JPG

Разам з мужам Тарэза Пятроўна выгадавала пяцёра дзяцей. Старэйшая дачка Марына – настаўніца пачатковых класаў, меншая Надзея – афіцэр райаддзела МНС. Сыны Дзмітрый і Пётр – будаўнікі, Міхаіл працуе ў ІТ-сферы.

3.jpg

6.jpg

1. Мой муж нарадзіўся ў сям’і, дзе бацькі выхоўвалі чацвёра дзяцей. Мае бацькі – шасцёра, але ніхто з дзяцей не быў абдзелены ні любоўю, ні ўвагай, ні клопатам.

Праўда, я сама не ўяўляла, што буду мець вялікую сям’ю. Проста ў душы заўсёды жыла з думкай: “Колькі Бог дасць, столькі і будзе дзетак”.

2. Гадаваць дзяцей – няпростая справа. Але шмат залежыць ад таго, як чалавек настроіў сябе на пэўную сітуацыю. Калі з пазітывам, то і справы вырашаць прасцей.

Дванаццаць гадоў мы не мелі свайго жылля, жылі ў інтэрнаце. Дзеці шмат часу праводзілі на маёй малой радзіме – у Мілэйкаве. Я адна з такім грузам клопатаў не справілася б. Выхоўваць малых дапамагала мама, але не менш – муж Сяргей, усю хатнюю работу мы дзялілі папалам. Калі я ў радзільным доме – ён заўсёды ў водпуску, адзін спраўляўся з хатнімі абавязкамі. Мы з мужам жывём у каханні і паразуменні, як надзелі заручальныя пярсцёнкі сорак гадоў таму – ніколі не здымалі. 

Сваіх дзяцей стараліся нічым не абдзяліць. Ні ўвагай, ні любоўю,  ні матэрыяльнымі рэчамі. Новыя гульні, прыстаўкі, нават камп’ютар у нас з’явіліся ў адных з першых. Не сакрэт: многія лічаць, што шматдзетная сям’я – значыць, нейкія недахопы. Бывае і такое. Але мы заўсёды стараліся быць прыкладам для іншых, каб гледзячы на нас, людзі жадалі мець не адно, а больш дзяцей.

2.jpg

3. Ордэн Маці – гэта найперш адзнака маёй работы. Узнагарода вісіць на бачным месцы ў нашым доме. Час ад часу даводзіцца надзяваць ордэн. Калі запрашаюць на раённыя святы, то просяць, каб прышпіліла на адзенне. Тройчы надзявала на мерапрыемствы, якія ладзілі для шматдзетных мам у Гродне.

Ордэн – гэта і напамін пра маці, якую я вельмі любіла, і якая ў свой час атрымала  медаль Мацярынства.

4. З’яўленне на свет новага чалавека – радасць для бацькоў. Асабліва, калі нараджаюцца дзеці здаровымі, у адпаведны тэрмін. Для мяне нараджэнне кожнага дзіцяці – як з’яўленне анёльчыка. Калі старэйшыя сталі падрастаць, дапамагалі меншых даглядаць. Марына з малых гадоў марыла стаць педагогам. Для братоў і сястры была першай настаўніцай, па сутнасці, усіх у першы клас падрыхтавала, бо гульня ў школу і для яе, і для іншых дзяцей  была самай займальнай.

Да таго ж у нас заўсёды была вялікая хатняя гаспадарка: карова, свінні, соткі буракоў… Усе дзеці выхоўваліся ў працы. Калі дарослымі сталі, прыязджалі, дапамагалі нам. Кожныя выхадныя дзеці па-ранейшаму нас наведваюць. Звычайна паасобку. Але на сямейныя святы – Каляды, Вялікдзень, дні нараджэнні – збіраемся разам і адчуваем неймаверную радасць, што за святочным сталом з’яўляюцца новыя члены сям’і.


Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара і з архіва Тарэзы ГІЛЬ.

Статьи по теме: