Людміла СЯРГЕЕВА: "Галоўная прывілея – працаваць у пяць разоў болей"

 

Людміла СЯРГЕЕВА: "Галоўная прывілея – працаваць у пяць разоў болей"

Общество
13.10.2023
2932

Моцныя, рашучыя, пяшчотныя: першыя мамы з ордэнам. Гадаваць дзяцей ва ўсе часы нялёгка. А калі дзяцей пяцёра, шасцёра і больш – іх выхаванне патрабуе ад бацькоў неймавернай энергіі, самаахвярнасці і любові. Усіх трэба накарміць, адзець, абуць, дапамагчы з урокамі… У гэтых клопатах бацькам часам патрэбна пацверджанне, што ўсё недарэмна, што дзеці вырастуць у сумленных, добрых, шчырых дарослых людзей. Сёння мы размаўляем з мамамі, якія гэтае пацверджанне ўжо атрымалі. Гэта мамы, якія аднымі з першых у Смаргонскім раёне атрымалі ордэн Маці – у 2000 годзе. Іх дзеці ўжо дарослыя, упэўнена крочаць па жыццёвым шляху.

Мы задалі мамам чатыры аднолькавыя пытанні, на якія яны адказвалі з хваляваннем, гонарам, настальгіяй і вялікай пяшчотай у адносінах да сваіх сем’яў.

1. У якіх сем’ях выраслі яны самі? Ці думалі калі-небудзь, што будуць выхоўваць многа дзетак?

2. Што было самым цяжкім у выхаванні дзяцей? Як спраўляліся з праблемамі?

3. Што для іх значыць Ордэн Маці?

4. Як змяняліся іх адносіны з дзецьмі з цягам часу: ад маленства да дарослага ўзросту?

IMG_8721.JPG

Людміла Сяргеева ў Смаргоні чалавек даволі вядомы, асабліва ў жаночым асяроддзі. За сваё працоўнае жыццё яна дапамагла і працягвае дапамагаць тысячам дзетак з’явіцца на свет. Сваіх старэйшых яна нарадзіла яшчэ падчас вучобы ў медыцынскім інстытуце, другі раз паехала ў раддом у дзень дзяржэкзамену па акушэрстве. Муж Людмілы Эдуардаўны таксама ўрач. Не дзіва, што трое з пецярых дзяцей знайшлі сябе ў медыцыне. Стаматолаг, гінеколаг і тэрапеўт. Самы старэйшы сын атрымаў адукацыю ветэрынара, а пасля яшчэ скончыў эканамічны ўніверсітэт. І адна з дачок-двайнятак таксама стала эканамістам.

1. Людміла і Анатоль Сяргеевы выраслі ў сем’ях, дзе было па двое дзяцей. Вялікай сям’і не было ў планах, але за ўсё жыццё ні адзін з іх не пашкадаваў аб тым, як усё склалася.

2. “Памятаю, у 90-я гады муж працаваў намеснікам галоўнага ўрача. Прынёс ён зарплату, а грошай хапіла толькі на прадукты і толькі на тыдзень пры даволі сціплым ладзе жыцця, - успамінае Людміла Эдуардаўна. – Тады мы вырашылі, што трэба працаваць нашмат больш, каб дзеці ні ў якім разе не адчувалі сябе абдзеленымі”. І ўрачы стараліся зарабіць, бралі больш дзяжурстваў. “Галоўная прывілея бацькоў пяцярых дзяцей – працаваць у пяць разоў болей”, - жартуе Людміла Сяргеева сёння. Дома бацька і маці падмянялі адно аднаго. У каго ёсць вольны час, той і гатуе ежу, прыбірае, дапамагае дзецям з урокамі. “Ведаеце, чым далей, тым больш цаню свайго мужа, - дзеліцца наша гераіня. - Акрамя таго, што вельмі сумленны чалавек, ён умее так знайсці падыход да дзяцей, што яны дагэтуль хутчэй пойдуць з праблемамі да яго, чым да мяне. Такі бацька не ва ўсіх ёсць”.

А яшчэ Людміла Эдуардаўна расказвае, што, нягледзячы на фінансавыя цяжкасці, штогод вазілі дзяцей на мора. Адкладвалі пакрысе з кожнай зарплаты, не куплялі дарагіх тураў, ездзілі аўтобусам. Затое паглядзелі замежныя сталіцы, а марскі адпачынак адчувальна ўмацоўваў імунітэт.

3. “З аднаго боку, прыемна, безумоўна. Ордэн Маці – гэта пачэсна. А з другога боку вельмі адказна. Не люблю слова “шматдзетны”, яго часцей за ўсё выкарыстоўваюць з не самай добрай афарбоўкай. А дарэмна. Бацькі, якія выхавалі больш за траіх дзяцей, дастойныя павагі,” – так на пытанне пра ордэн адказала маці пецярых.

4. Дзеці заўсёды дапамагалі. А як інакш? Асабліва старэйшым дасталася. Яны дапамагалі глядзець малодшых. І цяпер пяцёра малодшых Сяргеевых ёсць адзін у аднаго: яны тэлефануюць братам і сёстрам, перапісваюцца ў агульнай групе ў сацыяльных сетках, дзеляцца вопытам у выхаванні ўжо сваіх дзяцей. “Я зайздрошчу ім, - кажа Людміла Эдуардаўна. – Гляджу і радуюся, якія магчымасці дае ім жыццё і як яны імі карыстаюцца: пастаянна вучацца новаму, маюць доступ да вялізнага аб’ёму інфармацыі. Мне падабаецца тое, якімі выраслі мае дзеці. Я ганаруся і радуюся таму, што яны ў нас з мужам ёсць”.

IMG_8723.JPG

Людміла з сынам Аляксеем і дачкой Вольгай

photo_2023-10-12_14-10-40.jpg

Сям'я дачкі Вольгі.

photo_2023-10-12_14-10-40 (2).jpg

Сям'я сына Аляксея.

photo_2023-10-12_14-11-45.jpg

Дачка Таццяна з сынам.

photo_2023-10-12_14-12-09.jpg

Дачка Аляксандра.

photo_2023-10-12_14-12-29.jpg

Дачка Алена.

Віялета ВОЙТКА.

Фота з архіва Людмілы СЯРГЕЕВАЙ

 

Статьи по теме: