Жорсткі выпадак. Што пагражае віноўніку?

 

Жорсткі выпадак. Што пагражае віноўніку?

Общество
30.08.2023
1265
Не так даўно ў Смаргоні адбыўся не проста непрыемны інцыдэнт, а здарэнне, якое шакіравала многіх сведкаў, сярод якіх былі і дзеці. У двары жылога дома мужчына забіў сабаку сярод белага дня і на вачах у людзей.

sobaku-nakazyvajut-2048x1170 (1).jpg

Фото из открытых интернет-источников

Як расказала наша чытачка Анастасія, сабака не быў бяздомным. Гэта дамашняя жывёліна, як і гаспадара, сабаку добра ведалі ў двары і не баяліся нават дзеці. “Мы з мужам вярталіся з магазіна, убачылі, як за сабакам бяжыць мужчына з нажом, – падзялілася Анастасія. – Мы абодва кінуліся за ім, стараючыся яго затрымаць. Але не паспелі. Ён ударыў сабаку нажом. На жаль, ветэрынар не паспеў даехаць, ды і прызнаўся, што ён не змог бы дапамагчы, занадта вялікая была рана – больш за 10 сантыметраў глыбінёй”.

Цяпер узбуджана крымінальная справа, віноўнікам займаецца Следчы камітэт. Што яму пагражае, якія яшчэ дзеянні ў дачыненні да жывёл караюцца па законе, мы спыталіся ў старшага ўчастковага інспектара міліцыі Антона Сенькевіча.

Самае, калі так можна сказаць, лёгкае пакаранне пагражае за парушэнне правілаў утрымання жывёл. Гэта знаходжанне сабакі на вуліцы без намордніка ці павадка, выгул у недазволеным месцы, карацей, тое, што пакуль не прынесла значнай шкоды здароўю і маёмасці людзей. Штраф у памеры ад адной да пятнаццаці базавых велічынь можа атрымаць і гаспадар вышэйзгаданага сабакі, якая ні ў якім разе не павінна была апынуцца на вуліцы без гаспадара.

А вось калі б сабака “на вольным выгуле” пашкодзіў чыюсьці маёмасць ці прынёс шкоду здароўю людзей, штраф быў бы нашмат большы – ад 10 да 30 базавых велічынь. Акрамя штрафу, такі безадказны гаспадар можа быць пакараны грамадскімі работамі ці адміністрацыйным арэстам.

Бывае, што людзі прыносяць у дом ката ці сабаку, а потым вырашаюць, што гэта завялікая адказнасць для іх. Давядзецца пашукаць свайму гадаванцу іншы дом, а не проста адпусціць на вуліцу, думаючы, што жывёліна неяк пракорміцца ці добрыя людзі падбяруць. Інакш будзьце ласкавы заплаціць штраф ад 10 да 30 базавых велічынь.

Што датычыцца жорсткага абыходжання з жывёлай, тут прадугледжаны розныя віды пакарання для вінаватых. “Па-першае, - удакладняе Антон Сенькевіч, - трэба вызначыцца, што такое жорсткае абыходжанне. Калі б’еш сабаку – гэта яно. Калі жывёліне патрэбна ветэрынарная дапамога, а гаспадар ніяк не дзейнічае – таксама. І калі натраўліваеш сабаку на сабаку – гэта жорсткае абыходжанне”. За такое прадугледжаны штраф да трыццаці базавых велічынь, або адміністрацыйны арэст, або грамадскія работы.

У некаторых выпадках можа наступіць і крымінальная адказнасць. У першую чаргу, гэта датычыцца правапарушэнняў, здзейсненых на вачах у дзяцей.

Віялета ВОЙТКА.

 

Статьи по теме: