Пару крокаў ад цэнтра горада, мінаеш Спаса-Праабражэнскі сабор – і апынаешся ў іншай рэальнасці. Аб тым, што ты ўсё яшчэ ў горадзе, нагадваюць шматпавярхоўкі, якія нахабна выглядаюць з-за невысокіх прыватных дамоў вуліцы Чырвонаармейскай. Домікі гэтыя памятаюць многіх цяперашніх жыхароў басаногімі дзецьмі, летуценнымі юнакамі і дзяўчатамі, маладымі бацькамі. Сёння мы размаўляем з паважанымі людзьмі, якія на некалькі хвілін вяртаюцца ў далёкія ўспаміны, у 50-я – 60-я гады, калі Чырвонаармейская толькі будавалася.
Вуліца нашага горада - Чырвонаармейская
Гарадское дзяцінства з вясковым каларытам
“Памятаю, як у школе заняткі адмянялі з-за вялікіх маразоў, то мы ведалі, дзе нашых шукаць. Канькі да валёнкаў прывязалі, клюшкі самаробныя пахапалі – і на рэчку. Уся дзетвара ўжо там”, - са смехам расказвае Аляксандр Мускі, які вырас на Чырвонаармейскай і жыве там дагэтуль. Яго бацька, Андрэй Мускі, супрацоўнік “Светлага шляху”, пабудаваў дом у 1953, тут і жыў да самай смерці. Гаспадарку вялікую даволі трымаў: карову, курэй, трусоў. Агарод саджалі, маці Аляксандра Мускага, вельмі кветкі любіла. Ранняй вясной участак квітнеў чырвонымі цюльпанамі, пасля эстафету пераймалі флоксы, вяргіні, гладыёлусы, хрызантэмы. Цяпер двор таксама цвіце – ужо стараннямі Людмілы Анатольеўны, жонкі Аляксандра Андрэевіча.
Дзяцінства і юнацтва Аляксандр Мускі ўспамінае з задавальненнем. І як гулялі ў “Пікара” (гульня накшталт “Гарадкоў”), і як ганялі адзіны на ўсю вуліцу футбольны мяч: “Парвём гэты мяч, тады чакаем, пакуль хто з бацькоў новы купіць”. Пры размове здаецца, што ён бачыць Чырвонаармейскую той, ранейшай, якой была яна больш за паўвека таму. І месцы для колішніх дзіцячых забаў у яго ўспамінах зусім іншыя, чым сёння. Уздоўж чыгункі рос бэз і маладыя бярозкі, туды бегалі па грыбы. Ля Гервяткі была сенажаць, там кароў пасвілі і купаліся, а далей, за Садовай, дзесьці ў раёне цяперашняй вуліцы Асланава ішла вузкакалейка, праз яе лес перапраўлялі ў бок Перавозаў. А ўвечары дзетвара збіралася на касцёр і печаную бульбу.
Успаміны вядуць Аляксандра Андрэевіча ў школу (СШ №2). Там ён сустрэўся і падружыўся з Дзяругам. “Сабраў ён нас, выдаў інструменты, мне дастаўся кантрабас, і вучыў музыцы. Нот ніхто не ведаў, то ён нам на паперы разліноўваў схему, як іграць. Сам на домры, а мы – хто на чым. І атрымлівалася! Я да самай арміі ў яго аркестры іграў”, - з настальгіяй распавядае мой субяседнік. А потым дзеці падраслі і сталі бегаць на танцы ў парк. Танцы таксама Дзяруга арганізоўваў.
Людміла Муская ўспамінае сваё вяселле, з якога пачалося яе жыццё на Чырвонаармейскай: “Уся вуліца гуляла, сябры нашыя і сваякі, безумоўна. Пад 100 чалавек сабралася. А хата невялікая, давялося сцяну разбіраць. Так і адсвяткавалі: пасярэдзіне печка, а вакол яе застолле”.
“Шкоднае” дзяцінства і маміны ружы
Ірына Бязлюдава таксама жыве ў бацькоўскім доме. Тата працаваў у швейным атэлье. У асноўным шылі вайсковую форму, але і цывільнае адзенне мадэліравалі. Мама працавала там жа прыбіральшчыцай, ды і сама добра ўмела шыць. Адзявалася заўсёды з густам, модна. Гэтак жа і дачок прыхарошвала. “Выпускную сукенку мне сшыла модную-модную! Тканіна была вельмі дэфіцытная, прыгожая, толькі “не дыхала” зусім. Мучылася я, але адчувала сябе каралевай”, - смяецца Ірына Іванаўна.
З дзяцінства яна таксама вынесла толькі светлыя ўспаміны: “лагер” на беразе Гервяткі, штораніцы збор дзетвары быў менавіта там, бегалі праз двор Мускіх. І як брамы ў суседзяў знімалі і хавалі ля рэчкі пад ліпамі: “Чамусьці дарослыя нас не лаялі за гэта. А праз многа гадоў самі адчулі тое, што яны тады. Пляменнік зняў нашую браму і схаваў у суседзяў, во мы пабегалі тады, шукаючы!”
Які б ні быў час, бацькі Ірыны Бязлюдавай заўсёды святкавалі і Каляды, і Вялікдзень. Мама распальвала печ, пасля працірала ўсё ўнутры мокрым ручніком і ставіла пірагі. А потым яны астывалі і пахлі на ўсю хату. Касцёл быў зачынены, ды і за наведванне яго можна было застацца без работы, то ездзілі ажно ў Краснае, што за Маладзечнам.
Цяпер двор у Ірыны Бязлюдавай засаджаны кветкамі і дэкаратыўнымі раслінамі, а раней там быў агарод. “Бачыла б мама, у што мы яе агарод ператварылі! Ой, сварылася б!”, - усміхаецца гаспадыня. Хаця мама таксама кветкі любіла. Две ружы перад домам засталіся ад яе, іх Ірына Іванаўна вельмі беражэ як напамін аб бесклапотным дзяцінстве.
Вуліца дала сяброў на ўсё жыццё
Марыя Альхімовіч – адна з самых даўніх жыхарак вуліцы. Яны з мужам больш за 60 гадоў таму атрымалі тут участак. Муж сваімі рукамі пабудаваў дом для сям’і, разам яны засадзілі ўсё дрэвамі, якія дагэтуль штогод даюць багаты ўраджай.
Цікавы быў час. Усе маладыя, дружныя, разам вяселлі святкавалі, разам дзяцей хрысцілі, потым і праважалі ў апошні шлях. “Я такая гаспадыня нявопытная была. Адна суседка навучыла мяне боршч варыць, другая – булкі пячы”, - расказвае Марыя Эдуардаўна.
Чырвонаармейская падаравала ёй сяброў на ўсё жыццё – Тэрэсу і Альберта Кумішчаў, журналістаў “Светлага шляху”, яны тут таксама жылі, у суседзяў пакой здымалі.
Марыя Эдуардаўна – настаўніца пачатковых класаў. Больш за сорак гадоў працавала яна ў школе №2. Як сама яна кажа, вялікая частка горада прайшла праз яе рукі і сэрца. Марыя Альхімовіч прывыкла заўсёды дзейнічаць, займаць рукі і галаву працай. Да апошняга трымала карову, хоць у горадзе, які застройваецца і разрастаецца, было цяжка шукаць месца для пашы. І цяпер нарыхтоўвае гародніну на зіму, падтрымлівае ўтульнасць і парадак у хаце. Шкадуе, што не можа так жвава рухацца, як раней, засадзіць участак кветкамі, ускапаць градкі. Але засмучацца ёй не даюць дзеці, суседзі, былыя вучні, для якіх дзверы яе дома заўсёды адчынены.
Віялета ВОЙТКА.
Фота аўтара і з архіва Аляксандра МУСКАГА і Марыі АЛЬХІМОВІЧ.
Улицы нашего города: диалог прошлого и настоящего
Улица нашего города – Садовая: «Вишня красные сережки по ветвям развесила…»
Интересные и актуальные новости Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!