Урач ці пісарчук? Раскрываем сакрэты почырку
Фото из открытых интернет-источников
“Сапраўды, почырк з’яўляецца яскравым адлюстраваннем унутранага свету чалавека, - пачынае Наталля Мікалаеўна. – Па ім можна разважаць аб эмацыянальнай сталасці чалавека, асаблівасцях нервовай сістэмы, рысах характару, нават псіхічным і фізічным здароўі”.
Добра паддаецца аналізу дзіцячы почырк. Калі дзіця з самага пачатку навучання не сябруе з каліграфіяй, можна дыягнаставаць розныя фізіялагічныя і неўралагічныя праблемы, стрэсы. Існуе нават клінічны тэрмін – дызграфія. Калі почырк пагоршыўся раптоўна, трэба прыгледзецца да абстаноўкі ў сям’і і ў класе, зносін з равеснікамі.
“Зрабіць псіхалагічны разбор почырка дарослага цяжэй, - тлумачыць Наталля Мікеня. – Больш таго, у кожнага з нас існуе некалькі варыянтаў почырку. Першы варыянт напісання слоў – афіцыйны. Так мы запаўняем дакументы, пішам заявы. Другі – “хуткасны”, калі трэба зрабіць паметкі, нешта тэрмінова запісаць. І трэці – назавём яго “парадны”. Найпрыгажэй мы падпісваем, напрыклад, віншавальныя паштоўкі”.
Ні адзін аналіз почырку нельга разглядаць як ісціну ў апошняй інстанцыі. Гэта толькі падказка. Мы ацэньваем націск, ён з’яўляецца паказчыкам энергічнасці чалавека. Глядзім таксама на бегласць і скорасць пісьма, па гэтым можна судзіць аб хуткасці псіхічных працэсаў. Неперарыўнасць слоў сведчыць аб спакоі і пастаянстве. Форма радкоў раскажа пра тэмперамент чалавека. Цікава паназіраць за асабістым почыркам, як ён змяняецца ў залежнасці ад эмацыйнага стану і нават адносін да таго, што мы апісваем на паперы.
Пра почырк медыцынскіх работнікаў не жартаваў толькі лянівы. Ёсць нават спецыяльныя праграмы, куды можна загрузіць фатаграфіі рэцэптаў і ўрачэбных пісьмовых рэкамендацый, а штучны інтэлект спрабуе разгадаць, які дыягназ вам паставілі і чым цяпер лячыцца. Наталля Мікеня паведаміла: “Даследаванні вучоных кажуць, што неразборлівы почырк уласцівы людзям з высокім інтэлектам і высокай скорасцю мыслення. Гэта такая асаблівасць работы мозга”. А магчыма, менавіта ў той дзень доктар проста многа пісаў, у яго стаміліся пальцы. А можа, ён проста ў час напісання думаў пра ваш дыягназ, а не пра тое, як каліграфічна вывесці літары.
Меркаванне Наталлі Мікалаеўны часткова пацвярджае студэнтка Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта Кацярына Пятроўская: “Гэта стэрэатып! Магу судзіць па сваіх аднагрупніках. У большасці з іх почырк досыць разборлівы. Яшчэ я працую ў бальніцы і магу сказаць, што далёка не ўсе ўрачэбныя запісы цяжка разабраць”.
Віялета ВОЙТКА.
Интересные и актуальные новости Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!