Каб дзецям было зручна і ножкі не балелі
“Адразу скажу, што стопы – гэта фундамент, - адзначае Таццяна. – Калі яны перакошаны, следам змяшчаецца ўсё – каленныя суставы, пазваночнік і нават прыкус. Вопытныя стаматолагі сталі апошнім часам гаварыць пра тое, што няма сэнсу ставіць брэкеты і пласцінкі, пакуль не выпраўлены стопы. Інакш лячэнне можа быць неэфектыўным”.
Як падолаг Таццяна Салдаценка ўпэўнена, што першаснае значэнне мае матэрыял. Асабліва для падлеткаў, якія адначасова са зменай гарманальнага фону пачынаюць мацней пацець. Таму і абутак павінен быць са скуры, нубуку, тэкстылю, інакш чакай інфекцый, грыбкоў і барадавак.
Многія бацькі ўпэўнены, што робяць дабро, купляючы дзецям артапедычны абутак з высокім заднікам. Гэта няправільна. Заднік павінен быць дастаткова цвёрдым, але не высокім, каб звязкі і мышцы свабодна рухаліся і правільна развіваліся.
Вельмі важна, каб добра гнулася падэшва. “Самы просты спосаб праверыць падэшву на адпаведнасць нормам – папрасіць дзіця стаць на пальчыкі. Калі няма перакату з пяткі на насок – вярніце туфлі на прылавак і не купляйце”, - рэкамендуе падолаг.
У правільнага абутку на кожны дзень павінен быць шырокі круглы нос. Пальцы не павінны быць здаўленымі, сцягнутымі, падкурчанымі. “Лодачкі” лепш пакінуць для асаблівых момантаў, калі туфлі абуваюцца ненадоўга.
Прымяраць абутак лепш у другой палове дня. Нават у дзяцей да вечара ногі крыху ацякаюць. Робім гэта такім чынам: вымаем сцельку, ставім на яе нагу дзіцяці. Усе пальцы павінны змясціцца на гэтай сцельцы, не выходзіць за яе межы. Пакідаем спераду запас у 1 - 1,5 см. Немагчыма правільна вызначыць памер, уставіўшы палец паміж пяткай і заднікам. “Дарэчы, - звярнула ўвагу Таццяна Салдаценка, - дзецям да трох гадоў неабходна правяраць памер абутку раз на два-тры месяцы, малодшым школьнікам – раз на паўгода. У падлеткаў звяраць памер трэба часцей, бо для іх характэрны скачкі росту”. Дарэчы, адпавядаць памеру нагі павінны не толькі туфлі і красоўкі, але і шкарпэткі. Даўжыня шкарпэткі павінна быць роўнай даўжыні ступні без папраўкі на “расцягнецца”.
Таццяна падкрэсліла таксама, што школьны абутак павінен мець шнуркі, ліпучкі ці іншыя засцёжкі. Прычым мала, каб яны былі, трэба яшчэ рэгулярна імі карыстацца. Часта бывае, што падлетак адзін раз завязаў шнуркі, а потым на працягу тыдняў ці нават месяцаў проста засоўвае нагу ва ўжо завязаны.
Дарэчы, малодшы брат ці сястра без шкоды для здароўя можа данасіць абутак за старэйшымі, калі абутак гэты не стаптаны, у добрым стане, з непагнутым і непарваным заднікам.
Добрай прафілактыкай грыбкоў, інфекцый і непрыемнага паху ад абутку з’яўляецца выкарыстанне сушылак з ультрафіялетавымі лямпамі. Гэта не толькі карысна для здароўя, але і падоўжыць тэрмін носкі абутку.
Віялета ВОЙТКА.
Фота аўтара.
Интересные и актуальные новости Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!