100 балаў – нечаканасць ці заканамернасць? Сакрэты “залатых” выпускнікоў

 

100 балаў – нечаканасць ці заканамернасць? Сакрэты “залатых” выпускнікоў

Общество
13.07.2023
1895

Выпускніца гімназіі Надзея ШЧАРБАЧЭВІЧ адпачывала ў летніку, калі ў групе свайго класа прачытала паведамленне ад класнага кіраўніка: “Ёсць вынікі ЦТ па англійскай мове”. Цяпер Надзея расказвае пра гэта з усмешкай, а ў той момант было ну вельмі нервова! Рукі дрыжалі, калі набірала адрас сайта з вынікамі цэнтралізаванага тэсціравання. 100 балаў! А да гэтага яшчэ заслужаная “сотня” на цэнтралізаваным экзамене па беларускай мове. Трошкі выбілася з гэтага шэрага вышэйшых балаў матэматыка, але і тут вынік, пагадзіцеся, бліскучы – 96 балаў.

Надя Щербачевич.jpg

Яшчэ ў пачатковых класах вялікую цікавасць у Надзеі выклікала матэматыка. Калі перайшла ў сярэднюю школу, дзяўчына працягнула паглыблена вывучаць любімы прадмет. Але не абмежавала ім свае інтарэсы, паспяхова спрабавала сілы і ў іншых навуках. У мінулым навучальным годзе Надзея Шчарбачэвіч стала пераможцам другога этапу рэспубліканскай алімпіяды па англійскай мове.

Такі высокі вынік на экзаменах, а таксама “выдатны” атэстат і залаты медаль даюць Надзеі пэўную свабоду ў выбары прафесіі. Сфера, у якую яна імкнецца, – міжнародная эканоміка, бізнес. Таму і дакументы Надзея плануе падаваць у Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт.

Ульяна Богдан.jpg

Яшчэ адна “залатая” выпускніца гімназіі Ульяна БОГДАН пра свае 100 балаў па англійскай мове даведалася на лецішчы. Што адчула? Радасць, безумоўна, гонар за сябе (змагла!), але чамусьці з вачэй пацяклі слёзы. 11 клас стаў сапраўдным адукацыйным марафонам. Шэсць дзён на тыдзень школа, урокі (да іх Ульяна заўсёды ставілася вельмі адказна, і вынікам стаў заслужаны залаты медаль), а яшчэ штодзённыя заняткі з рэпетытарамі. Толькі ў нядзелю была магчымасць перавесці дух – і зноў за работу.

Пра свае не менш радасныя 100 балаў па беларускай мове дзяўчына даведалася яшчэ ў маі, а фінальнай кропкай іспытаў сталі 86 балаў па гісторыі Беларусі. Вучыцца Ульяна Богдан плануе ў Беларускім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце. Магчыма, яна стане перакладчыкам, магчыма, педагогам, а можа пазней абярэ для сябе іншую прафесію – з яе настойлівасцю, уменнем працаваць і верай у асабісты поспех адкрыты ўсе дзверы.

Максим.jpg

Максім КУЧКО, выпускнік СШ №5, на вышэйшыя балы па матэматыцы і фізіцы адрэагаваў куды спакайней, чым нашы папярэднія гераіні. “Для мяне высокі вынік быў хутчэй заканамернасцю, чым нечаканасцю. Я разлічваў, што атрымаю больш за 90 балаў. А дзве “сотні” сталі прыемным сюрпрызам”, - расказвае Максім. Яго паслужны спіс сапраўды ўражвае: пераможца раённага этапу алімпіяд па фізіцы, матэматыцы і інфарматыцы, прызёр абласнога этапу алімпіяды па матэматыцы.

Вясной тады яшчэ адзінаццацікласнік узяў удзел у алімпіядзе па праграміраванні сярод будучых абітурыентаў факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ. Нягледзячы на тое, што і тут ён стаў пераможцам, працягнуць вучобу Максім плануе ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі па спецыяльнасці “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій”. Прахадны бал на гэтую спецыяльнасць у мінулым годзе быў 374. У капілцы Максіма Кучко 398. Акрамя вышэйзгаданых балаў па фізіцы і матэматыцы, 98 ён набраў на цэнтралізаваным экзамене па рускай мове. Яшчэ 100 даў яму выдатны атэстат. Цяжка ў гэта паверыць, але Максім сцвярджае, што рыхтавацца было хутчэй лёгка, чым цяжка – калі прадмет сапраўды выклікае цікавасць, а настаўнікі шчодра дзеляцца інфармацыяй, то любыя алімпіяды і экзамены па плячы.

Віялета ВОЙТКА.

Фота Галіны АНТОНАВАЙ, з архіваў Надзеі ШЧАРБАЧЭВІЧ, Ульяны БОГДАН.

Статьи по теме: