Філіял “Гарадская бібліятэка №1” атрымала дыплом 2 ступені ў абласным конкурсе “Бібліятэка.by”
Жана Карасевіч стварыла краязнаўчы анлайн-квэст “Сцежкамі Смаргоншчыны” ў сервісе Genially, які складаецца з пяці прыпынкаў і размешчаны на сайце Смаргонскай раённай бібліятэкі ў рубрыцы “Краязнаўства”. Удзельнікі гульні-квэста падчас падарожжа па Смаргоншчыне маюць магчымасць віртуальна наведаць вёскі Жодзішкі, Кушляны, Крэва, Залессе, горад Смаргонь.
Распрацаваная гульня-квэст была выкарыстана падчас правядзення краязнаўчага падарожжа “Па памятных мясцінах Смаргоншчыны”, дзе чытачы адказалі на пытанні, знайшлі лічбы кода і змаглі адкрыць сейф.
Разам з бібліятэкарам ўдзельнікі краязнаўчай вандроўкі “Пра родны кут з любоўю” прыгадалі, якія значныя экскурсійныя аб'екты і помнікі архітэктуры знаходзяцца на тэрыторыі нашага раёна, з пашанай успомнілі знакамітых землякоў, якія сваім талентам праславілі наш край, адказалі на пытанні анкеты па праведзеным анлайн-квэсце.
Цікавай атрымалася і краязнаўчая гульнятэка “Край, дзе пачынаецца Радзіма”. Чытачы бібліятэкі разам з вядучай Жанай Карасевіч з задавальненнем вандравалі па малой радзіме, мелі магчымасць прыняць удзел у гульнях “Словатворцы”, “Пазнай па апісанню”, віктарыне “Пазнаём край праз гульню”, медыягульні “Хто я?”, анлайн-гульні “МЕМА: пісьменнікі Смаргоншчыны” і паспяхова прайшлі ўсе этапы анлайн-квэста “Сцежкамі Смаргоншчыны”.
Для вучняў 11 класа быў арганізаваны і праведзены краязнаўчы эрудыцыйны марафон “Край свой родны абыду, скарбы розныя знайду”, дзе падлеткам былі прапанаваны гульні “Згодны – не згодны”, “Смаргоншчына літаратурная”, “Партрэтная галерэя”, “Пазнай праз замочную шчыліну”, “Бюро знаходак”. З цікавасцю і задавальненнем школьнікі прынялі ўдзел у анлайн-квэсце “Сцежкамі Смаргоншчыны”, запоўнілі анкеты, падзяліліся сваімі ўражаннямі аб квэсце.
Філіял “Гарадская бібліятэка №1” вядзе планамерную і мэтанакіраваную работу па распаўсюджванні і папулярызацыі ведаў па гісторыі роднага краю, аб населеных пунктах Смаргоншчыны, аб тых, хто праславіў родную зямлю сваімі справамі, сваёй добрасумленнай працай.
Карасевіч Жана Людвікаўна - аўтар анлайн-квэста пра Смаргонь
Удзельнікі краязнаўчай вандроўкі “Пра родны кут з любоўю”
Школьнікі адказваюць на пытанні анлайн-квэста пра Смаргонь
Юлія Жук,
загадчык аддзела маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці Смаргонскай раённай бібліятэкі.