Таямніца дзіўнай бібліятэкі
З нагоды 140-годдзя з дня нараджэння сусветна вядомага ўсходазнаўца, акадэміка Ігната Крачкоўскага (1883 - 1951) у зале Корфа Расійскай нацыянальнай бібліятэкі Санкт-Пецярбурга прайшла выстава “Майстар Усходу”. Ігнат Юльянавіч з’яўляецца адным з заснавальнікаў школы рускай арабістыкі, аўтарам найбольш папулярнага акадэмічнага перакладу Карана на рускую мову, яго працы складаюць класіку навукі ХХ стагоддзя. Вядомы вучоны напісаў звыш 450 навуковых прац, якія былі перакладзены на многія замежныя мовы.
У гады блакады Ленінграда ён узначаліў дзейнасць акадэмічных устаноў, ратаваў навуковыя і культурныя каштоўнасці, быў узнагароджаны ордэнам Леніна.
У экспазіцыі выставы былі прадстаўлены кнігі і асабістыя рэчы акадэміка, знаходзілася некалькі матэрыялаў, якія звязаны з нашым краем. Яны ўпершыню даюць магчымасць пазнаёміцца з выглядам яго любімых Чаркасоў, што раней знаходзіліся пад Крэвам. У першую чаргу вылучаюцца два прыгожыя малюнкі, якія намалявала ў час летняга адпачынку ў 1915 годзе жонка Вера Крачкоўская. На адным малюнку адлюстраваны сядзіба з часткай гаспадарчых пабудоў у маляўнічым атачэнні дрэў падворка. Не менш значным і каштоўным з’яўляецца малюнак, на адвароце якога пазначана “Дзіўная бібліятэка”. Чаркасы. 26. VII. 1915 г.”.
Бібліятэка была сабрана дзедам і бацькам Ігната і размяшчалася над склепам у Чаркасах. Яна вельмі каларытна апісана самім вучоным у навукова-папулярнай кнізе “Над арабскімі рукапісамі”: “Маё дзяцінства з самых ранніх гадоў звязана з вельмі арыгінальнай бібліятэкай, дзе праходзілі ўсе мае вакацыі. У маленькім маёнтку сярод усялякіх гаспадарчых пабудоў непадалёк ад жылога дома побач з канюшняй і адрынай стаяў склеп-ляднік. Масіўныя каменныя сцены квадратнага будынка былі выведзены ва ўсю вышыню першага паверха, які і служыў свайму непасрэднаму прызначэнню. На другі паверх, ужо драўляны, вяла вонкавая лесвіца; там знаходзіўся адзін вялікі жылога выгляду пакой, у якім, аднак, нічога, акрамя кніжных шафаў і паліцаў, не было; дадаткам да іх служылі круглы і рабочы сталы з крэсламі і вузенькая канапа. Уся мэбля была старадаўняя, светла-ясеневага дрэва з такой жа старадаўняй абіўкай. Шкляныя дзверы і два вакны адкрывалі від на сад пры жылым доме з дзвюма велічэзнымі “кацярынінскімі” ліпамі, якія высіліся над усёй акругай на некалькі вёрст. У другі бок шырокі гарызонт ахопліваў сенажаці, рэчку і стаў з млыном; удалечыні чарнелі лясы. Тут я дняваў, а часам і начаваў, уладкоўваючы сваю нескладаную пасцель на канапцы”.
З аўтабіяграфіі і ўспамінаў вучонага вынікае, што пасля вяртання бацькі ў 1888 годзе з Сярэдняй Азіі ў Вільню неўзабаве быў набыты Даўгялы маёнтак Чаркасы і зроблена бібліятэка. Сам Ігнат у дзяцінстве меў кепскае здароўе, таму да 1893 года знаходзіўся разам з маці ў маёнтку, дзе спачатку вучыўся чытаць па кнігах, а потым літаральна паглынаў кніжныя багацці. Бібліятэка працягвала служыць яго летнім прыстанкам і ў гады студэнцтва, але потым яму ўсё радзей і радзей атрымлівалася яе наведваць. Апошні раз ён гасцяваў у Чаркасах у ліпені 1915 года “пад глухі гул артылерыйскай кананады”. Пакідаў тады ён гэтыя мясціны з цяжкім пачуццем і ўсё ж не прадбачыў, што ў верасні будынкі маёнтка і кнігі загінуць у вогненым віры Першай сусветнай вайны.
Пра значнасць бібліятэкі ў фарміраванні светапогляду вучонага сведчыць такі факт. У 1948 годзе Ігнат Крачкоўскі атрымаў лецішча ў акадэмічным пасёлку на ст. Камарова на Карэльскім перашэйку. Узгадваючы родныя Чаркасы, ён выбраў сабе пакой на мансардзе будынка, вокнамі ў сасновы лес.
Варты ўвагі і лёс самаго маёнтка Чаркасы і звязаных з ім вядомых людзей. Але пра гэта – у наступнай публікацыі.
Уладзімір ПРЫХАЧ.