Незвычайнае падарожжа на аграсядзібу “Дом качэўніка” здзейснілі вучні Вішнеўскай СШ

 

Незвычайнае падарожжа на аграсядзібу “Дом качэўніка” здзейснілі вучні Вішнеўскай СШ

Общество
28.04.2023
514

На свеце ёсць народы, жыццё якіх – вечнае вандраванне, доўгі шлях ад прыстанку да прыстанку. Ці магчыма за некалькі гадзін пабываць адразу на некалькіх кантынентах? Для гэтага зусім неабавязкова  адпраўляцца ў далёкую Манголію ці Паўночную Амерыку. Каб спазнаць культуру і быт качавых народаў, дастаткова наведаць аграсядзібу “Дом качэўніка”, што ў Барысаўскім раёне.


Вучні Вішнеўскай СШ і экскурсаводы аграсядзібы“Дом качэўніка”..jpg

Вучні Вішнеўскай СШ і экскурсаводы аграсядзібы “Дом качэўніка”.

Навучэнцы нашай школы здзейснілі падарожжа ў “Дом качэўніка”– ўнікальны турыстычны аб’ект – цікавы і дзецям, і дарослым. Аграсядзіба размешчана ў, без перабольшання, казачным і аўтэнтычным месцы сярод лесу. Адразу прыцягнулі ўвагу дагледжаныя газоны, разнастайныя дэкаратыўныя расліны, незвычайныя клумбы, плантацыі лаванды...

Гасцей сустрэлі вядучыя ў нацыянальным адзенні качэўнікаў. Пачалася экскурсія з прывітальнага танца з сапраўднымі індзейцамі. На працягу ўсёй пазнавальна-забаўляльнай праграмы дзеці атрымалі магчымасць адчуць сябе прадстаўнікамі качавых плямёнаў, дакрануцца да іх дзіўных традыцый. Навучэнцы ўбачылі сапраўдны шаманскі бубен – адзін з самых старажытных інструментаў планеты. Спрадвеку яго гук вёў чалавека ў магічнае падарожжа ў глыбіні ўласнай душы. З дапамогай гукаў бубна шаман выклікаў духаў. У мангольскай юрце дзеці даведаліся аб асаблівасцях качавога быту. Напрыклад, заходняя частка юрты адводзілася мужчынам, усходняя – жанчынам. Катэгарычна забаранялася наступаць на парог юрты.

Падчас чаяпіцця даведаліся аб незвычайных гасцявых традыцыях манголаў. Экскурсавод прапанаваў прысутным загадаць жаданне, павязаўшы асаблівым чынам стужку.

А наперадзе дзяцей чакала сустрэча з хаскі – самымі дружалюбнымі сабакамі ў свеце. Інструктар заўважыў, што кожны сабака мае свой характар, свае звычкі і, канечне, імя. Сабакі паводзілі сябе спакойна, ахвотна пазіравалі, калі з імі фатаграфаваліся.

Непрыкметна надышоў час развітвацца. На памяць аб незвычайным падарожжы застануцца сувеніры і незабыўныя ўражанні.

У мангольскай юрце..jpg

У мангольскай юрце.

Индыйскае жыллё. Фота на памяць..jpg

Індыйскае жылле. Фота на памяць.

Падчас экскурсіі..jpg

Падчас экскурсіі.

Нэлі ТУМАШ, настаўніца гісторыі Вішнеўскай СШ.