У Асінаўшчызненскай пачатковай школы прайшоў урок памяці

 

У Асінаўшчызненскай пачатковай школы прайшоў урок памяці

Общество
23.03.2023
551
На адзіным уроку  “Аб чым звоняць званы Хатыні”, які быў праведзены ў 4 класе Асінаўшчызненскай пачатковай школы ў дзень 80-й гадавіны хатынскай трагедыі, навучэнцы даведаліся пра генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

У пачатку ўрока дзеці разглядалі фотаздымкі перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Яны ўспомнілі, што першы ўдар ворага прынялі воіны Брэсцкай крэпасці. Думкамі перанесліся ў мінулае, у дзень 22 чэрвеня 1941 года.

Затым вучні здзейснілі віртуальную  экскурсію па гісторыка-мемарыяльным комплексе “Хатынь”. Адразу спыніліся каля бронзавай скульптуры “Непакорны чалавек” і пазнаёміліся з успамінамі Іосіфа Камінскага. Потым убачылі чорныя гранітныя пліты – увекавечанае месца  спалення жыхароў Хатыні. Загінулі там 149 чалавек – дарослыя  і дзеці. Іх рэшткі пахаваны ў брацкай магіле. З вялікай цікавасцю і здзіўленнем хлопчыкі і дзяўчынкі слухалі пра тое, што ў Хатыні знаходзяцца  могілкі спаленых вёсак.

Наступнымі былі прыпынкі “Дрэвы жыцця” і “Вечны агонь”. Навучэнцы прачыталі верш Васіля Жуковіча “Бусел над Хатынню” і ўрывак з верша Міколы Чарняўскага “За ўсё мы ўдзячны  ім”. Чацвёртакласнікі запалілі лампадку і ўшанавалі памяць усіх загінуўшых  хвілінай маўчання.

Пасля экскурсіі дзеці выразалі з паперы маленькія званочкі і напісалі на іх свае ўражанні. Падводзячы вынік урока, працавалі ў парах і складалі сінквейн са словам “Хатынь”. Зрабілі выснову: мы шчаслівыя, што жывём пад мірным небам, не бачым вайны.

Генацыд беларускага народа у гады ВАВ.jpg

Генацыд беларускага народа у гады ВАВ.

У час адзінага ўрока.jpg

У час адзінага ўрока.


Наталля Паржон,

настаўнік пачатковых класаў Асінаўшчызненскай пачатковай школы.