Міжнародны дзень роднай мовы прайшоў у сярэдняй школе №7

 

Міжнародны дзень роднай мовы прайшоў у сярэдняй школе №7

Общество
22.02.2023
227
“Родная мова, быццам цэмент, звязвае людзей. Яна дае ім найлепшы спосаб разумець адзін аднаго, адной думкай жыць, адной долі шукаць”, – так пісала пра родную мову беларуская паэтка Элаіза Пашкевіч (Цётка).

У Міжнародны дзень роднай мовы ў сярэдняй школе №7 прайшоў шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных гэтай даце.

Вучні, педагогі, прадстаўнікі адміністрацыі, работнікі школы сабраліся ў гэты дзень, каб прыняць удзел у абласным і рэспубліканскім дыктанце і праверыць сваю пісьменнасць.

Для вучняў 8 “Б” класа была праведзена інтэлектуальная гульня  “Ведай роднае слова”, якая праходзіла пад дэвізам “Адчуй водар мовы роднай”. Чатыры каманды ў напружанай барацьбе аздаблялі малюнкі словамі роднай мовы. Самымі цяжкімі аказаліся словы “бавоўна”, “вяргіня, “трыпутнік”, “хамут”, “уюн”. Аднак дзякуючы гульні іх сэнс стаў зразумелы васьмікласнікам. У канцы мерапрыемства прагучала цудоўная песня Алісы Доўнар “Родная мова”, якая нагадала, што беларуская мова – гонар нашай зямлі.

У 6 “В” класе прайшла гульня-падарожжа “Ці ведаеш ты родную мову?”. Падзяліўшыся на каманды, вучні выконвалі прапанаваныя заданні, сутнасць якіх зводзілася да праверкі ведання беларускай лексікі, фразеалогіі. Адказную місію журы выконвалі самі вучні. Прайграўшых у гульні не было: усе атрымалі граматы.

На стэндзе “Славеснік” для вучняў 5 - 11 класаў былі прапанаваны невялікія лінгвістычныя конкурсы.  Падчас перапынкаў дзяўчаты і хлапчукі падбягалі да стэнда, каб разгадаць шыфраванку або схаваную ў малюнку прыказку, і паказвалі свае адказы настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. Найбольш правільныя, поўныя і хуткія адказы давалі права атрымаць адзнаку.

Настаўнікі англійскай мовы прапанавалі вучням паўдзельнічаць у квэсце “У краіне беларуска-англійскіх фразеалагізмаў”.

Наперадзе яшчэ шмат мерапрыемстваў, якія будуць праведзены ў рамках святкавання Дня роднай мовы ў нашай школе. Такія мерапрыемствы аб’ядноўваюць вучняў і настаўнікаў, даюць магчымасць узбагаціцца ў духоўным плане, зразумець, што мова – гэта тое, што нас яднае.

Арсеній Шацько ўдзельнічае ў квэсце.jpg

Арсеній Шацько ўдзельнічае ў квэсце.

Гульня-падарожжа пра родную мову.jpg

Гульня-падарожжа пра родную мову.

Каля стэнда для  славеснікаў..jpg

Каля стэнда для славеснікаў.


Марыя Говіч,

настаўнік рускай мовы і літаратуры

сярэдняй школы №7.


Статьи по теме: