“Наша простае, шчырае слова – беларуская мова…”
Вучні 5 "А" класа, Маргарыта Гронская і Лізавета Жук падчас мерапрыемства.
Матчына мова, роднае слова… - для гімназістаў гэта не проста прыемныя гукі, а шчымлівая, насычаная эмоцыямі мелодыя нашага жыцця. Кожны ўрок беларускай мовы і літаратуры адзначаецца пэўнымі яркімі фарбамі, а дзень, прысвечаны святу роднай мовы, увогуле стаў чароўным відовішчам.
Распачалося святкаванне з ранішняй сустрэчы «Пачынаем дзень з роднага слова». Група актыўных старшакласнікаў разам з настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры сустракалі педагогаў і гімназістаў на першым паверсе ўстановы не толькі ўсмешкамі і шчырымі словамі, але і прыгожай беларускай музыкай. Прапаноўвалася паўдзельнічаць у акцыях “Размаўляй са мной па-беларуску”, “Усміхніся, прывітайся па-беларуску - і атрымай…” і зрабіць фотаздымак на памяць. Трэба адзначыць, што было цікава, весела і вельмі смачна!
На працягу дня для вучняў 5 – 7 класаў былі арганізаваны інтэрактыўныя гульні “Скарбы роднай мовы”, “Цудоўны мяшочак або назаві па-беларуску”, літаратурна-мастацкае свята “Кветкі маёй Радзімы”. Вучні 8-х класаў паспаборнічалі ў конкурсе “ФЭСТ” (Фальклор. Этнаграфія. Спадчына. Традыцыі). Гімназісты 11 класа правялі для вучняў 9-11 класаў моўны турнір «З любоўю да роднага слова».
Маленькія гімназісты таксама не засталіся ў баку. Яны ўдзельнічалі ў літаратурных хвілінках, чыталі вершы беларускіх пісьменнікаў, адгадвалі загадкі, малявалі адгадкі і адкрылі паэтычны чэлендж “Чытаем па-беларуску”.
Завяршыліся святочныя мерапрыемствы музычнымі перапынкамі.
І не дзіўна, што ў бібліятэцы гімназіі ў гэты тыдзень асаблівай папулярнасцю карысталіся беларускамоўныя выданні.
Дзень роднай мовы ў гімназіі адзначылі святочна і незабыўна! Свята прайшло ў спрыяльнай сяброўскай атмасферы. Вучні ў чарговы раз адчулі мілагучнасць, лагоднасць беларускага слова, далучыліся да найбагацейшага скарба роднай мовы.
Дзіна Дзевяцень,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры ДУА “Гімназія г.Смаргоні”.