Памяць – жывая. Да году пасля смерці Расціслава Шчаснага ў музеі СШ №1 з’явіўся стэнд
Да году пасля смерці ў гэтым музеі з’явіўся стэнд, прысвечаны памяці цудоўнага педагога.
У стварэнні стэнда ўдзельнічалі мастак Дзмітрый Ярмак, а таксама Віталь Лукашэвіч, былы вучань Расціслава Шчаснага і цяперашні загадчык музея, Уладзімір Церабун, заслужаны дзеяч мастацтваў РБ, скульптар, які падтрымліваў творчыя і сяброўскія сувязі з Расціславам Сцяпанавічам.
“Успамінаючы пра Расціслава Шчаснага, адразу хочацца сказаць, што гэта быў чалавек неўтаймаванай энергіі, апантаны ініцыятар, адказны чалавек, дысцыплінаваны, педагог ад Бога, - зазначыў Уладзімір Церабун. - Часцей за ўсё мы перасякаліся з ім, ствараючы экспазіцыі ў школьным музеі. Як трапятліва ён збіраў экспанаты, як цаніў і аберагаў іх!
Ён разумеў, што наглядна інфармацыю дзеці лепш запамінаюць, чым звычайны аповед. Да таго ж музей – гэта гісторыя школы, рэгіёна, дзяржавы. А грамадзянская пазіцыя настаўніка – самая галоўная рыса пры выхаванні падрастаючага пакалення.
Нярэдка Расціслаў Сцяпанавіч прыводзіў да мяне ў майстэрню вучняў, каб паказаць, як ствараецца мастацтва. Гэта ж не толькі пазнавальна, але і цікава.
Некалі мы марылі з настаўнікам, каб у прыбудове, што побач са школай, былі музей, галерэя, выставачныя плошчы для прэзентацыі работ мастакоў і дзяцей. Пакуль гэта толькі ў марах…
Аднойчы мне давялося пабываць на ўроку ў Расціслава Сцяпанавіча. Магу параўнаць яго з піяністам-віртуозам, які іграе эцюд Шапэна. Гэта трэба бачыць, адчуваць і цаніць. Светлая памяць яму – цудоўнаму чалавеку і педагогу”.
“Расціслаў Сцяпанавіч быў вясёлым, жыццярадасным настаўнікам. Нягледзячы на свой даволі сталы ўзрост, заставаўся для нас маладым. Ён быў справядлівым не толькі ў выстаўленні адзнак, але і ў адносінах да вучняў. Вельмі цікава выкладаў гісторыю. Часта расказваў пра наш смаргонскі край, вазіў на экскурсіі, - кажа Сафія Вяроха, вучаніца 9Б класа. - Мы таксама вельмі адказна рыхтаваліся да яго ўрокаў, бо хатняе заданне ён правяраў ва ўсіх, не даваў расслабіцца. Для мяне гісторыя – любімы прадмет, яна цікавая мне як навука. У будучым планую здаваць тэст па гісторыі, бо хачу паступаць на юрыста”.
“Я лічу, што менавіта Расціслаў Сцяпанавіч пасеяў ува мне зерне, якое ў будучым дало плады любві да такіх навук, як гісторыя і грамадазнаўства. Гэта настаўнік з вялікай літары і чалавек, якія любіў дзяцей. Школа было яго сям’ёй. Ён быў строгім, але справядлівым. Ён увесь час заставаўся такім жа энергічным і бадзёрым, з пачуццём гумару, заўсёды ўсміхаўся і ніколі не скардзіўся на цяжкасці., адзначыў Віталь Лукашэвіч. -
Пасля мы сустрэліся на настаўніцкім шляху і разам адпрацавалі ў першай школе тры гады. Я стараўся пераймаць яго методыку выкладання. Заўсёды захапляўся яго энергетыкай і ўменнем мець зносіны з людзьмі, розных узростаў, ці то дзіця, ці то дарослы чалавек.
Калі мы стваралі школьны музей, доўга тут заставаліся, сядзелі дапазна. Ён успамінаў, як у пачатку 2000-х гадоў у адзіночку пачаў арганізоўваць музейны пакой. Часта нават не ехаў дадому, і прама ў будучым музеі і начаваў. Збіраў інфармацыю і экспанаты па вёсках паблізу Смаргоні. Музей для яго значыў вельмі многае, гэта была яго ідэя – стварыць экспазыцыю, прысвечаную гісторыі СШ №1.
Прызнацца, я хацеў, каб стэнд, прысвечаны Расціславу Сцяпанавічу, з’явіўся пры яго жыцці, але ён, чалавек сціплы, адмаўляўся. Стэнд з’явіўся пасля смерці настаўніка. Уладзімір Васільевіч Церабун у музейнай працы з’яўляецца маім старшым таварышам, які заўсёды падстаўляе мне плячо, і нядаўна мы давялі афармленне музея да лагічнага завяршэння”.
Расціслаў Сцяпанавіч быў чалавекам актыўным, сяброўскім, меў стасункі з гісторыка-краязнаўчым музеем, рэдакцыяй газеты “Светлы шлях”. Незадоўга да смерці даў разгорнутае інтэрв’ю газеце, якое стала асновай для напісання нарысу “Асвячаць шлях дабром”. Пазней гэты нарыс увайшоў у кнігу “Месца пад сонцам”. Кнігу аўтар гэтых радкоў падаравала школьнаму музею. Памяць пра такога чалавека павінна жыць.
Галіна АНТОНАВА.
Фота аўтара.
Хотите читать актуальные новости Сморгони и Сморгонского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке