За вігілійным сталом

 

За вігілійным сталом

Общество
24.12.2022
1907
24 снежня ў католікаў заканчваецца Адвэнт (час радаснага чакання). Веруючыя перажываюць Вігілію Божага Нараджэння.

Вігілія - асаблівы дзень у жыцці кожнага католіка. Увечары ўся сям’я збіраецца за сталом, каб разам перажыць радасць Нараджэння Хрыста. Пра традыцыі святкавання Вігіліі нам расказаў пробашч парафіі Святога Міхала Арханёла ксёндз Артур Ляшнеўскі.

IMG_1541.jpg

- Вігілійная вячэра - час з’яднання сям’і, час пяшчоты і любові. Католікі збіраюцца за сталом звычайна на змярканні, як кажуць - калі першая зорка з’явіцца на небе. Цемра ў пэўным сэнсе - сімвал. У цемру прыходзіць найсвяцейшае святло, каб разагнаць яе, - расказвае айцец Артур.

Падрыхтоўка вігілійнага стала мае свае асаблівасці. На стол кладзецца сена, якое з’яўляецца сімвалам убогасці таго месца, дзе нованароджаны Міссія быў пакладзены. Паверх сена засцілаецца прыгожы белы абрус - знак чысціні і святасці. У цэнтры стала ставіцца вігілійная свечка, каля яе - стаенка альбо фігурка нованароджанага Хрыста. Побач ставіцца талерачка з сурвэткай, на якой ляжыць аплатак. Аплатак - гэта звычайны прэсны хлеб.

Традыцыйна на вігілійны стол ставіцца 12 посных страў (сімвал 12 апосталаў). Сярод іх – поліўка (грыбны суп) альбо іншы посны суп. У розных рэгіёнах прынята гатаваць розныя стравы. Звычайна гэта рыбныя, бульбяныя, грыбныя. Адметнай стравай лічыцца куцця – салодкі прысмак, які ўжываецца ў канцы вячэры. Рэцэптаў прыгатавання куцці таксама нямала. Яе гатуюць з мёду, ячменю, арэхаў, баранкаў. Куцця - сімвал смаку вечнасці. Нараджэнне Ісуса Хрыста прынесла нам асалоду вечнага жыцця. Перад кожным з нас адкрыліся брамы раю.

- 12 страў - гэта не канон касцёла, а народная традыцыя. Калі іх менш - граху няма. Але я выступаю за тое, каб рэгіянальныя традыцыі падтрымліваліся, бо яны – частка нашай культуры, - тлумачыць айцец Артур.

Перад тым, як сесці за стол, бацька бярэ кнігу Святога Евангелля і чытае ўрывак евангеліста Лукі, які апавядае нам аб тым, што здарылася ў Бэтлееме. Услухоўваючыся ў тэкст Святога пісання, сабраныя ля стала

ўяўляюць тыя падзеі, якія адбыліся 2000 год назад.

У Вігілійны вечар католікі дораць адзін аднаму падарункі, выказваюць пажаданні і просяць прабачэнне. Дарэнне падарункаў звязваецца з асобай Святога Мікалая, які з’яўляецца апекуном дароў для людзей. Біскуп Мікалай любіў дарыць падарункі не толькі дзецям, але і дарослым.

Побач з вігілійным сталом павінна знаходзіцца ўпрыгожаная ёлачка (або сасна) у гонар Раства Хрыстовага. Ёлка з шарыкамі і гірляндамі - старадаўні хрысціянскі звычай. Яна павіна быць у хаце кожнага веруючага католіка.

Пасля сумеснай вячэры ўся сям’я павінна прыйсці ў касцёл на Пастэрку – вячэрнюю Святую Імшу ў гонар Божага Нараджэння, каб першай Вігілійнай святой эўхарыстыяй сустрэць нованароджанага Хрыста.

Таццяна ЧАРНЯЎСКАЯ.

Фота аўтара.