Вікторыя і яе перамогі

 

Вікторыя і яе перамогі

Общество
24.11.2022
797
Перадавую гаспадарку Смаргоншчыны КСУП “АграСолы” немагчыма ўявіць без выдатнага кіраўніка Вольгі Лук’яненкі і яе незаменнага намесніка па жывёлагадоўлі Вікторыі Клямяты. Каля 40 гадоў свайго жыцця Вікторыя Нікадзімаўна аддала сельскай гаспадарцы. Менавіта столькі адпрацавала жанчына ў галіне жывёлагадоўлі. А калі ўлічыць, што з ранняга дзяцінства яна дапамагала маці на ферме, то можна смела казаць, што Вікторыя Клямята прысвяціла абранай прафесіі ўсё сваё жыццё.

IMG_1049.JPG

Смаргоншчына – малая радзіма мужа Вікторыі Нікадзімаўны. Сюды сям’я пераехала з Мядзельшчыны ў сярэдзіне 80-х. Вікторыя Клямята ўладкавалася ў калгас “Дружба народаў” заатэхнікам. Жанчына адзначае, што Смаргоншчына ўжо тады значна адрознівалася ад Мядзельшчыны па культуры земляробства. Палеткі тут былі роўненькія, дагледжаныя. Адчуваліся гаспадарлівыя адносіны да зямлі. Ужо ў той час Вікторыя Клямята зразумела, што ў любой справе ўсё залежыць ад кіраўніка. Жанчына прызнаецца, што ёй давялося папрацаваць у гаспадарцы ў розныя часы: бачыць і росквіт, і заняпад. І вельмі прыемна, што сёння сельскагаспадарчае прадпрыемства “АграСолы” ўпэўнена стаіць на нагах і не збаўляе тэмпы росту. Вікторыя Нікадзімаўна ўпэўнена, што гэта, безумоўна, заслуга ўсяго калектыву, але, у першую чаргу, кемлівага і ініцыятыўнага кіраўніка. Вось ужо 18 гадоў Вольга Лук’яненка і Вікторыя Клямята працуюць як адна каманда. Дзякуючы старанням і самаадданасці гэтых дзвюх жанчын з года ў год гаспадарка стабільна развіваецца.

- Вельмі няпростымі для нас былі часы, калі да СПК “Солы” далучылі СПК “Кушляны”. Тады на нашай тэрыторыі аказалася 14 фермаў. І на кожнай з іх неабходна было навозіць парадак і нешта мяняць, - успамінае Вікторыя Клямята.

Жанчына прыгадвае, як нялёгка было будаваць першыя даільныя залы. Каб пераняць вопыт, прыходзілася ездзіць у іншыя раёны, глядзець, вывучаць…

- Здаецца, зусім нядаўна мы будавалі малочна-таварны комплекс у Солах. Тады нялёгка было рашыцца на гэта будаўніцтва, не ведалі, як і калі разлічымся з даўгамі, - расказвае суразмоўца. - З той пары мінула ўжо 10 гадоў. Комплекс плённа працуе, а ўсе пазыкі выплачаныя.

Год за годам і комплексу ў Солах стала не хапаць, каб размясціць жывёлу, якую выгадавалі жывёлаводы гаспадаркі. Узнікла неабходнасць у яшчэ больш маштабным праекце – малочна-таварным комплексе на 1080 галоў. МТК “Вікторыя” побач з Асіпанамі вырас літаральна на вачах. Менш чым год спатрэбілася гаспадарцы, каб поўнасцю засяліць яго. У неабходнасці будаўніцтва гэтага аб’екта Вікторыя Клямята не сумнявалася. Жанчына ўсё падлічыла і была ўпэўнена, што ні адно памяшканне не будзе пуставаць. Цяляты і цялушкі, якім ужо было цеснавата на фермах, здабылі на “Вікторыі” ўтульны светлы дом.

- Мае жывёлаводы часта зазначаюць, што жывёлу я шкадую не менш, чым людзей. І я поўнасцю з іх заўвагай згаджаюся: калі чалавеку не спадабаюцца ўмовы яго працы – ён пойдзе шукаць сабе лепшае месца, а вось калі жывёле будзе некамфортна, яна нічога памяняць не зможа і вымушана будзе цярпець, - вялікай жыццёвай мудрасцю дзеліцца з намі Вікторыя Клямята.

Дарэчы, падчас размовы з гэтай жанчынай мы пачулі шмат трапных выслоўяў. Вельмі глыбока разважае яна пра чалавечую сумленнасць:

- Я не дарую людзям падману. Мой бацька калісьці казаў: “Падманам свет пройдзеш, але назад не вернешся”. Я заўсёды прыгадваю яго словы і пераказваю іх тым, хто спрабуе хлусіць. Усё ў жыцці магу зразумець і дараваць, але толькі тым, хто гаворыць праўду, - разважае Вікторыя Нікадзімаўна.

Жывёлаводы, даяркі, ветурачы ведаюць Вікторыю Клямята як строгую і вельмі патрабавальную жанчыну. Але з яе ўнутранай і знешняй сур’ёзнасцю вельмі ўдала спалучаецца выдатнае пачуццё гумару і аптымізм. Да сваіх падначаленых яна адносіцца як строгі, але моцна любячы бацька, які, не шкадуючы пугі, ніколі не забываецца і пра салодкія пернікі. Яна ўпэўнена, што толькі дзякуючы жалезнай дысцыпліне і строгаму парадку ў жывёлагадоўлі можна дабівацца добрых паказчыкаў.

Быць патрабавальнай да сябе і да людзей Вікторыю Клямяту навучыла само жыццё. Яе дзяцінства прыпала на няпростыя 50-я гады. У сям’і гадавалася чацвёра дзяцей. Бацька рана памёр, маці было цяжка адной паставіць на ногі ўсіх дзетак. Але яна вельмі старалася, а разам з ёй стараліся і дзеці. Вікторыя паспявала добра вучыцца ў школе і дапамагаць маці даіць кароў на ферме. Пасля заканчэння васьмі класаў дзяўчынцы вельмі хацелася паступіць вучыцца, але ў маці не было грошай, каб адправіць яе на ўступныя экзамены. Дзяўчынка пайшла працаваць у калгас. Бачачы яе працаздольнасць і кемлівасць, старшыня даў загад накіраваць Вікторыю вучыцца ў Клімавіцкі саўгас-тэхнікум на заатэхніка. Установу дзяўчына скончыла на выдатна. Вікторыя Нікадзімаўна адзначае, што вучоба ёй заўжды давалася вельмі лёгка. Не цяжэй было і з прымяненнем атрыманых ведаў на практыцы.

Напярэдадні свята працаўнікоў сельскай гаспадаркі за шматгадовую плённую працу, значны асабісты ўклад у развіццё аграпрамысловага комплексу, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў Вікторыя Клямята была ўзнагароджана медалём “За працоўныя заслугі”. Жанчына адзначае, што атрымліваць падобныя адзнакі за працу, безумоўна, прыемна. Але не медалі і дыпломы з’яўляюцца галоўным паказчыкам працы Вікторыі Нікадзімаўны. Вынік яе працы ў дзясятках тон малака, якое бялюткай ракой штодзённа льецца ў цыстэрну малакавоза, у шчаслівых вачах чысценькага, накормленага цяляткі, якому заўсёды цёпла і ўтульна ў ягоным невялічкім доміку.

Таццяна ЧАРНЯЎСКАЯ.

Фота аўтара.


Статьи по теме: