Солы: новыя старонкі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны

 

Солы: новыя старонкі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны

Общество
08.11.2022
1577
“Сёння, як ніколі, актуальныя пытанні адраджэння гістарычнай памяці нацыі, фарміравання ў моладзі павагі да сваёй Айчыны, яе гераічнага мінулага, выхавання ў маладых людзей агульначалавечых духоўных каштоўнасцей. Я лічу, што вельмі важна знаёміць моладзь з цікавымі фактамі ваенных часоў, выхоўваць патрыятычныя пачуцці, развіваць грамадзянскую самасвядомасць, эмацыянальны водгук”, - з гэтай думкі, якую выказала Алена Бабойць, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Сольскай СШ, мы пачалі нашу размову.

IMG_2548.JPG

Алена Антонаўна адзначыла, што два гады таму разам з вучнямі выбрала для вывучэння малавядомыя старонкі ваеннай гісторыі - сольскага канцэнтрацыйнага лагера і сольскага гета, створаных падчас фашысцкай акупацыі.  

“Мы шмат папрацавалі. На дапамогу прыйшлі кніга “Памяць. Смаргонскі раён”, матэрыялы, што размешчаны на партале “Виртуальный Штетл,” музея гісторыі польскіх яўрэяў. На жаль, інфармацыі знайшлі няшмат. Але мы былі ўпартымі, бо разумелі: гісторыя сольскага канцэнтрацыйнага лагера і гета сапраўды могуць істотна дапоўніць інфармацыю пра ўмовы ўтрымання савецкіх ваеннапалонных у яўрэйскім генацыдзе з боку нацыстаў. Мы вырашылі больш глыбока даведацца пра падзеі, якія адбываліся ў мястэчку Солы ў перыяд усталявання фашысцкага акупацыйнага рэжыму, даследуючы дакументы і ўспаміны сведкаў тых часоў”.

танкі..jpg

Нямецкія танкі на фоне касцёла Маці Божай Ружанцовай. Мястэчка Солы, чэрвень 1941 года.

Канцэнтрацыйны лагер у мястэчку Солы

Рэжым, усталяваны нацыстамі на часова акупіраванай тэрыторыі СССР, распрацоўваўся загадзя, яшчэ да нападу. Галоўныя яго кірункі былі выкладзены Гітлерам у сакрэтным мемарандуме “Некаторыя думкі пра абыходжанне з насельніцтвам на Усходзе” ад 25.05.1940 г. У ім указвалася, што захопленыя ўсходнія землі належыць разглядаць як аб’ект каланізацыі і германізацыі. “Акупацыйная палітыка павінна быць накіравана на тое, каб ператварыць актыўную масу “іншароднага насельніцтва” ў напаўпісьменных людзей”, – гаварылася ў мемарандуме.

Алена Бабойць адзначыла, што ўжо 25 чэрвеня 1941 года мястэчка акупіравалі немцы.  У хуткім часе паводле акупацыйнага адміністрацыйнага падзелу Смаргонскі раён, у тым ліку і Солы, быў уключаны ў склад Вілейскага гебіткамісарыята.

Акупацыйная ўлада трымалася на вайсковай сіле. У найбольш буйных населеных пунктах былі створаны гарнізоны, у тым ліку і ў Солах. У дапамогу гарнізонам былі створаны паліцэйскія пастарункі. Буйны пастарунак літоўскай паліцыі дзейнічаў у Солах. Для падтрымання “парадку” і барацьбы супраць партызан і падпольшчыкаў пазней гітлераўцы стварылі пры гарнізонах атрады “дапаможнай паліцыі” з мясцовых жыхароў.

Камендатура, паліцэйскі пастарунак кіравалі жыццём акупіраванай вёскі. 5 жніўня 1941 года было апублікавана распараджэнне аб агульнай працоўнай павіннасці, якая пашыралася на ўсё насельніцтва ва ўзросце ад 18 да 45 гадоў. Але гітлераўцы прымушалі працаваць і значна старэйшых людзей. Любая непакорнасць ці супраціўленне караліся смерцю.

Жыхароў мястэчка Солы і прылягаючых да чыгункі Вільня – Мінск вёсак прыцягвалі да пракладвання другой каляіны чыгункі. Чыгунка Вільня – Мінск была ачэплена нямецкімі войскамі, якія размяшчаліся ва ўмацаваных бункерах паміж чыгуначнымі станцыямі Белая, Залессе, Гавуці, Солы. Рухомыя нямецкія патрулі кантралявалі вызначаныя ўчасткі.

Сялянскія гаспадаркі абкладваліся падаткамі. Выкананне падатковых абавязкаў строга адсочвалася праз вясковых солтысаў і ў выпадку невыканання каралася акупацыйнымі ўладамі. У сольскім пастарунку ўтрымліваліся тры чалавекі, якія не заплацілі падатак. Усіх арыштаваных паставілі каля сцяны сольскага касцёла і расстралялі. За нявыхад на работу па будаўніцтве другой чыгуначнай каляіны таксама было расстраляна некалькі чалавек у вёсцы Васюкі.

У сакавіку 1942 года ў мястэчку Солы быў арганізаваны працоўны канцэнтрацыйны лагер ваеннапалонных, якія працавалі на пракладцы другой каляіны чыгункі Вільня – Мінск. Лагер размяшчаўся на беразе ракі Ашмянка, побач з чыгункай.

макет.jpg

Макет канцэнтрацыйнага лагера, які знаходзіўся ў вёсцы Солы.

З успамінаў мясцовага жыхара Адама СТАШКЕВІЧА, 1904 года нараджэння: “…Я дапамог уцячы з сольскага канцлагера 5 палонным. У вайну працаваў стрэлачнікам на станцыі Солы. Каля нашай будкі кожны дзень праганялі на работу палонных. Найбольш я зблізіўся з 5 палоннымі. Імёны і прозвішчы іх не ведаю. Аднойчы прынёс у будку 20 яек і шматок сала. Калі палонных гналі на працу, я непрыкметна махнуў чацвярым (два масквічы, адзін украінец і адзін з Каўказа) рукой на лес, а двух ахоўнікаў паклікаў у будку і паказаў кошык з яйкамі і салам. Непрыкметна глянуў у вакно і ўбачыў, што гэтыя чацвёра падаліся ў лес. Немцы, калі выйшлі з будкі, не далічыліся 4 чалавек, зразумелі, што яны ўцяклі і пачалі страляніну. На дапамогу ім прыбеглі немцы, якія доўга прачэсвалі лес, але ўцекачоў не злавілі. Праз некаторы час я выратаваў яшчэ аднаго вязня – Сцяпана Іванавіча Бардзіяна. Аднойчы, праходзячы каля маёй будкі, ён падкінуў мне непрыкметна запіску, дзе быў указаны адрас яго жонкі. Палонны прасіў перадаць запіску ў Пухавіцкі раён. У гэты час я пазнаёміўся з партызанкай Шурай (прозвішча не ведаю), якая родам з Пухавіцкага раёна. І яна паабяцала перадаць запіску жонцы. Праз некалькі дзён у Солы прыехала жанчына і адразу ж пайшла ў нямецкую камендатуру. Гэта была жонка Бардзіяна, Настасся Максімаўна. Яна змагла выкупіць у немцаў свайго мужа”.

Пасля вайны вучні Сольскай школы ўстанавілі сувязь з былым вязнем. Ліст, які даслаў Сцяпан БАРДЗІЯН вучням, дае магчымасць зразумець, у якіх жудасных умовах знаходзіліся ваеннапалонныя: “…У сакавіку 1942 года 150 палонных з маладзечанскага канцлагера прыгналі ў Солы. У гэтай групе былі рускія, украінцы, беларусы, татары, грузіны, узбекі і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей. Змучаных, галодных і абарваных нас кожны дзень ганялі працаваць на будаўніцтва чыгункі, прымушвалі высякаць лес і пагружаць яго ў вагоны. У Солах нас кармілі так, як і ў Маладзечна. Зрэдку ў баланду кідалі смярдзючую каніну. Асабліва жорстка абыходзіліся немцы з ваеннапалоннымі тады, калі яны цярпелі паражэнне на Усходнім фронце. У такіх выпадках яны давалі нам толькі 100 грамаў цвілога хлеба і 300 грамаў “пахлёбкі” ў дзень. Праўда, у Солах у рэчцы мы дабывалі вустрыц, крапіву, траву, варылі і елі. Але за гэта атрымлівалі бізуна, білі таксама прыкладам і палкамі. Бачачы нашы пакуты, жыхары вёскі Солы арганізавалі нам дапамогу прадуктамі харчавання, якія прыносілі ў вёдрах на станцыю Солы. Аднак, калі пра гэта даведаўся камендант лагера, ён забараніў жыхарам вёскі ратаваць ваеннапалонных ад галоднай смерці. Яшчэ хочацца выказаць пачуццё сардэчнай удзячнасці невядомаму чыгуначніку, які праз мяне перадаў у лагер мяшочак солі…”.

З успамінаў мясцовай жыхаркі Феліцыі МАТОШКА, 1923 года нараджэння: “Калі немцы прыйшлі ў Солы, мне і другім жанчынам было загадана з’явіцца ў камендатуру. Памочнік каменданта загадаў нам з наступнага дня працаваць на немцаў: мыць падлогі, рамантаваць бялізну, гатаваць ежу. Я апынулася на кухні, якая была размешчана каля доміка святара. Побач знаходзіўся лагер для ваеннапалонных. Аднойчы немцы адзначалі дзень нараджэння свайго каменданта. Напярэдадні з навакольных вёсак прывезлі шмат розных прадуктаў харчавання і гарэлкі. Пад вечар я заўважыла, што ўсе ахоўнікі лагера на добрым падпітку. Ахоўнік з аўтаматам спаў у куце вышкі. Я несла ваду з рэчкі, чую: “Сестрица, дорогая, подай лом”. Я, паглядзеўшы на бакі, ціхенька прынесла лом да дротавай агароджы. Як сцямнела, палонныя падвярнулі дрот і кінуліся ў раку. У тую ноч з лагера ўцяклі 12 ваеннапалонных”.

З успамінаў мясцовага жыхара Зянона АЛІТОІЦЯ, 1935 года нараджэння: “Мне ішоў толькі сёмы год, але я добра памятаю як мы, малыя дзеці, вырваўшы ў агародзе хто моркву, хто бурак беглі да калючай агароджы, каб перадаць гэту ежу палонным салдатам. Некаторыя з іх перакідвалі нам цацкі, вырабленыя з дрэва. Асабліва запомніліся “трашчоткі”. Таксама палонныя перадавалі праз калючы дрот тапкі, выразаныя з салдацкіх шынялёў. Вельмі ўрэзаліся ў памяць салдацкія шынялі з выразанымі дзіркамі ў форме падэшваў тапак”.

Калі пабудавалі адгалінаванне чыгункі да Смаргоні, ваеннапалонных вывезлі.

На тэрыторыі былога канцэнтрацыйнага лагера знаходзіцца брацкая магіла, дзе пахаваны 28 ваеннапалонных, якіх расстралялі ў 1942 годзе. У 1959 годзе на гэтым месцы ўстанавілі абеліск.

IMG_2607.JPG

Сольскае гета: успаміны відавочцаў

Генацыд у адносінах да жыхароў яўрэйскай нацыянальнасці – адзін з самых жахлівых прыкладаў фашысцкага акупацыйнага рэжыму. Палітыку знішчэння яўрэйскага насельніцтва гітлераўцы пачалі ажыццяўляць з першых дзён акупацыі на ўсёй тэрыторыі Беларусі, у тым ліку і на Смаргоншчыне.

Згодна з дадзенымі перапісу, перад Вялікай Айчыннай вайной у Сольскім сельскім савеце пражывалі 789 яўрэяў. З успамінаў мясцовай жыхаркі Яніны АХРАМОВІЧ, 1921 года нараджэння (запісы перадала сольскім краязнаўцам дачка Таццяна Алянцова): “Мы жылі побач з вельмі багатым яўрэем, які трымаў сыраварню, малаказавод, меў вялікі халадзільнік. Вуліца Віленская і  цэнтр мястэчка былі заселены яўрэямі, амаль кожны з іх трымаў магазін. Людзі яны былі вельмі працавітыя. Крыху на пагорку стаяў магазін, дзе прадавалі вельмі смачныя каўбасы. Дамы былі з цэглы і размяшчаліся  вакол плошчы. А вось сінагога была драўляная”. Упершыню яна ўпамінаецца ў пісьмовых крыніцах у 1886 годзе.

Фотаздымкаў сінагогі, на жаль, у Сольскай школе няма, але калі ў кагосьці з жыхароў Сол ёсць фотаздымкі на фоне сінаногі і яны гатовыя падзяліцца такім каштоўным матэрыялам, то краязнаўцы будуць вельмі ўдзячныя. Дарэчы, будынак сінагогі быў разбураны ў 1958 годзе.

У кастрычніку 1941 года ўсе яўрэі, што пражывалі ў мястэчку Солы, былі сагнаны ў гета. Яно размяшчалася ў цэнтральнай частцы мястэчка вакол сінагогі, а таксама на бакавых вуліцах з паўразбуранымі будынкамі. Тэрыторыя была абнесена высокім шчыльным драўляным плотам з варотамі.

солы.jpg

Аграгарадок Солы, вул. Камсамольская. Месца, дзе знаходзілася ў гады Вялікай Айчыннай вайны сольскае гета.

Солы 1.jpg

Яўрэйская забудова..jpg

З успамінаў мясцовага жыхара Зянона АЛІТОІЦЯ, 1935 года нараджэння: “Добра памятаю будынак двухпавярховай драўлянай сінагогі. За сінагогай, бліжэй да сажалкі з вельмі чыстай вадой, размяшчалася лазня. Яна належала яўрэям, але хадзіць мыцца туды дазвалялі ўсім жыхарам Сол. Я памятаю, як хадзіў туды з бацькам. Больш за ўсё мне падабаўся ў лазні невялікі басейн, у які мы акуналіся. Быў ён выкладзены кафельнай пліткай. Узровень вады ў ім даходзіў даросламу мужчыну прыкладна да грудзей, а плошчы хапала, каб свабодна змяшчаліся 3-4 чалавекі. У ваду заходзілі, спускаючыся па прыступках. З прыходам фашыстаў сінагога і лазня былі абнесены драўляным плотам. За ім утрымлівалі яўрэяў. На іх адзенні былі нашыты жоўтыя зоркі”.

Праз некаторы час у Сольскае гета былі далучаны яўрэі з Гервят, Міхалішак, Жупран. Усім вязням гета было загадана нашыць на вопратку жоўтыя шасціканцовыя зоркі. Фашысты стварылі ў гета  юдэнрад – яўрэйскі савет на чале з Міхаілам Магідам, які павінен быў адказваць за выкананне загадаў. Выходзіць з гета дазвалялася толькі на работу. Ахову ажыццяўлялі польскія і літоўскія паліцэйскія. Знясіленых, галодных людзей прымушалі цяжка працаваць на чыгунцы, ганялі і на іншыя работы. Працавалі па 10-12 гадзін у дзень. За працу выдавалі купоны, якія давалі права на харчаванне.

З успамінаў мясцовай жыхаркі Соф’і БАРШЧЭЎСКАЙ (Ляшчэўскай), 1929 года нараджэння: “Калі мне было 5 гадоў, мая маці памерла. Застаўся бацька з трыма малымі дзецьмі на руках. У гэты цяжкі для нас час сям’ю падтрымалі яўрэі, якія жылі па-суседству. Бацька хадзіў да іх працаваць шаўцом. Ён добра ўмеў шыць боты, іншы абутак. У іх магазіне, які стаяў на рагу вуліцы Віленскай, можна было ўзяць тавар у доўг, які потым вылічвалі з зарплаты. Памятаю, у гэтым магазіне было вельмі шмат тавару, асабліва запомніліся вялікія бочкі з селядцамі. Калі яўрэяў сагналі ў гета, мне было 12 гадоў. Бацька трымаў карову, але малака яна давала мала. Самі мы жылі бедна, але бацька прыняў рашэнне дапамагаць яўрэям, чым зможам. Мы добра памяталі, як яны падтрымлівалі нас.

Дзяцей паліцаі не чапалі. Па вечарах я падыходзіла, як зараз памятаю, да 3–4 дошкі ў   плоце, якім было абнесена гета. Адна з дошак крыху адхілялася ўбок. Палонныя мяне ўжо чакалі. Я прасоўвала баначку з малаком і хуценька адыходзіла. Потым  паліцаі ўжо ганялі нават дзяцей, не пускалі блізка да плота. Больш дапамагчы не было магчымасці”.

У сакавіку 1942 года немцы далучылі Ашмяны і другія мясцовыя населеныя пункты ў склад Віленскага рэйхскамісарыята ў Літве. Летам і восенню 1942 года большасць маладых людзей з сольскага гета былі вывезены ў працоўныя лагеры ў  Жэжмарай, Кіену (Куні), Бяла-Вака. У жніўні 1942 года  было загадана ліквідаваць невялікія гета і сабраць усіх яўрэяў у 4 гета на мяжы Беларусі і Літвы – Ашмяны, Свянцяны (цяпер Швенчоніс, гарадок на ўсходзе Літвы), Міхалішкі і Солы. Тут кіраўніку Віленскага юдэнрата, Якаву Гансу, было загадана арганізаваць 4 гета па прыкладу Віленскага. Ганс выканаў загад і прывёз  на новыя месцы (у тым ліку ў Солы) свой уласны штат паліцэйскіх.

Паводле звестак нямецкіх улад, у кастрычніку 1942 года ў сольскім гета 160 яўрэяў пастаянна выкарыстоўвалі на розных работах.

Да пачатку красавіка 1943 года ў Віленскае гета паступіла паведамленне пра тое, што некалькі яўрэяў з Сольскага гета ўцяклі ў лес. Вельмі мала вязняў выжыла ў Солах. Сярод іх Морыс Энгельсон, якому падчас нямецкай акупацыі  было 7 гадоў. У інтэрв’ю прафесар Чыкагскага ўніверсітэта ўспамінае: “И вот мы оказались в этом гетто. В гетто мать устроилась на работу.

Она убирала дома немецких офицеров. Это была ее работа. Мой брат, которому тогда было 12 лет, зарегистрировался как 14-летний. Это очень важно, если вам 14 лет. Ты взрослый человек, у тебя будет работа. Если у вас есть работа, у вас есть купон. Если у вас был купон, вы могли получить еду. Поэтому он зарегистрировался, как 14-летний. Их не волновало, что он не выглядел на 14 лет, никого это не волновало. Если вам 14 лет, прекрасно. Иди на работу. Я бегал по гетто, ничего не делая, играл с детьми. В гетто была школа. В этой школе мы учились арифметике, чтению, письму. Мы пробыли  там в течение 1 года. У моей матери была отличная работа, потому что иногда она могла принести домой объедки”.

Морыс Энгельсон успамінае, як удалося ўцячы з гета: “Очень сильный снег. Очень сильный снегопад.  Еврейский юденрат дал нам документы… У матери были документы, у моего брата – тоже. Они уже работали. У меня не было никаких документов. Они дали нам документы. Я мог бы уйти вместе с ними. Мы вышли из гетто, это было настоящее гетто... Там было двое ворот. Там были большие ворота, через которые проходил транспорт. А еще там были маленькие ворота, через которые ходили люди. Мы вышли через маленькие ворота. Они просмотрели наши документы. В тот же миг открылись большие ворота. Это была военная машина с несколькими солдатами.

А внутри гетто шел отбор, и все время что-то происходило, и людей увозили, время от времени забирали детей. Обычно дети прятались. У нас были тайники (чаще всего, двойные стены в домах), и мы знали, куда бежать по всему гетто. Когда они пришли, мы спрятались. Один раз я был недостаточно быстр. Я подошел поближе к солдату, он был офицер, у него была круглая фуражка. Он отбирал людей для чего-то, я не знаю, для чего. Это была детская акция, аукцион, как их называли. И многих детей забрали из гетто.

- А твоей маме обязательно было что-то показывать? (Вопрос журналиста).

- У нее был пропуск (она ездила в юденрат), и она получила какой-то документ, какой я не знаю, который позволил ей вывести меня. Охраннику было все равно. У меня просто был нужный документ. Ей был нужен специальный документ для меня… Моя мать переоделась польской крестьянкой. Мой брат тоже переоделся польской крестьянкой. Он сел впереди саней. Я был спрятан под санями». Дапамог сям’і пакінуць гета знаёмы селянін у снежні 1942 года.

У сакавіку 1943 года было забаронена трымаць яўрэяў у 50-кіламетровай  зоне на беларускай мяжы. Было прынята рашэнне ліквідаваць 4 гета ў гэтым раёне. Некаторыя былі пераведзены ў Віленскае гета. Сярод іх былі адны з лепшых вучняў яўрэйскай школы  “Тарбут”  Меір Мацкевіч, Рэўвен Ароцкер і Ізчак Срэбнік. За ўкрывальніцтва яўрэяў пагражаў расстрэл усёй сям’і. Але былі выпадкі, калі немагчыма было застацца абыякавым.

З успамінаў Зянона АЛІТОІЦЯ, 1935 года нараджэння: “На ўсё жыццё ўрэзаўся ў памяць адзін выпадак. У адчыненыя дзверы нашай хаты ўбегла з вуліцы жанчына. Па знешняму выгляду – яўрэйка. Імгненна кінуўшы позіркам па баках хаты яна залезла ў падпечак, дзе мы трымалі курэй. Было бачна, што жанчына вельмі спужаная. Ад страху мы ледзь дыхалі, бо ўсе, нават дзеці ведалі, што за ўкрыванне яўрэяў могуць знішчыць цалкам сям’ю. Разам з маці мы выскачылі на вуліцу. Вельмі хутка пачулі нямецкую гаворку. Па вуліцы ішлі немцы і зазіралі ва ўсе двары. Было бачна, што яны некага шукаюць. Наша маці ведала нямецкую мову. Калі фашысты падышлі бліжэй, мама на нямецкай мове пачала нешта гаварыць і паказваць у бок гумнаў, якія былі за агародамі. Маўляў, шукайце там, жанчына быццам пабегла за гумно. Зразумела, што фашысты нікога не знайшлі. Яшчэ доўга яны хадзілі па вуліцы. Толькі позна вечарам, калі ўсё сціхла, гэта жанчына вылезла з падпечку і некуды пайшла. Ці ўдалося ёй выжыць, мы не ведаем. Я запомніў, што ў яе на нагах былі яркія чырвоныя панчохі. Дакладна не памятаю, але магчыма гэта было ў той дзень, калі яўрэяў вывозілі з гета. Ні твар, ні ўзрост не запомніў, а вось гэтыя чырвоныя панчохі запомніў на ўсё жыццё”.

4 красавіка 1943 года яўрэяў з сольскага гета даставілі на мясцовы чыгуначны вакзал і пагрузілі ў таварны цягнік. Вокны былі зацягнуты калючым дротам. У гэты ж цягнік,  які афіцыйна павінен быў адправіцца ў Коўна, сагналі яўрэяў з Ашмян, Свянцян, Міхалішак. Па дарозе частка вязняў зрабіла спробу ўцячы, за што і была расстраляна.

5 красавіка немцы дазволілі яўрэям Віленскага гета, якія хацелі далучыцца да сваіх родных, якіх утрымлівалі ў Ковенскім гета, сесці ў цягнік. Сапраўдным пунктам назначэння цягніка была чыгуначная станцыя Панары (цяпер Панерай), якая знаходзілася ў 10 кіламетрах на паўднёвы захад ад Вільна.

У Панары яўрэяў пакінулі на ўсю ноч у запячатаным цягніку. Людзі не ведалі, дзе знаходзяцца. Калі ўзышло сонца, вагоны адчынілі. Яўрэяў прывялі  на месца забойства і расстралялі ў акопах смерці. У той дзень у Панары было забіта 3800 яўрэяў, у тым ліку каля 400 яўрэяў (па іншых звестках – 100) з сольскага гета.

У Панерай, на месцы масавых забойстваў, створаны мемарыял загінуўшым і пастаянна дзеючая экспазіцыя Яўрэйскага музея.

Панерай.jpg

Мемарыял загінуўшым яўрэям у Панерай (Літва).


Матэрыялы падрыхтавала Галіна АНТОНАВА.

Фота Галіны АНТОНАВАЙ і з архіва Сольскай СШ.