Чалавеку не трэба іншага раю, чым родная зямля
Сёння мы з высокіх і пачэсных трыбун любім паразважаць пра патрыятызм, Айчыну, Бацькаўшчыну, Радзіму. Але я ўпэўнены: калі ты не здолеў у маленстве палюбіць малую радзіму, то і ўся Бацькаўшчына, нават астатняя планета Зямля, для цябе цьмянае паняцце, пусты гук, абстрактнае азначэнне… За сваё жыццё мне давялося пабываць у розных мясцінах. Аднак памяць міжволі зноў і зноў вяртае ў бацькоўскі край, у незабыўнае маленства. Сэрца, як буслянятка, у вольную хвілінку імкнецца туды, дзе карані твайго роду Карнелюкоў. Карані, якія свята для душы і споведзьрэквіем для сэрца.
Родная хата
Нас заўсёды сцяжына памяці вядзе да бацькоўскай хаты. Нават кожная птушка ў гняздо сваё вяртаецца. А што ўжо казаць пра чалавека? Менавіта ў гэтай незабыўнай краіне маленства да нас упершыню пачынае зазіраць праз вокны пяшчотнае сонейка. Тут мы чуем бабуліны казкі і неверагодныя гісторыі ад дзядулі. А матчыны песні і калыханкі праз усё жыццё гудзяць ціхай-ціхай пчалінкай.
Усмешка маці светлая, як вада са свойскага калодзежа, як доўгачаканае шчасце, як шчымлівы лёс. Маці заўсёды чакаюць сыноў дадому, і як балюча і горка матулям, калі дзеці іх забываюць. Здраджваюць бацькоўскай хаце, роднай зямлі.
Парог роднай хаты па-сапраўднаму святы: ён дрэннаму ніколі не навучыць. Дзякуючы яму мы пазнаём першыя жыццёвыя ўніверсітэты. Нам усё жыццё чэрпаць дабро і святло са шматлікіх крынічак бацькоўскай зямлі.
У нашай сінявокай і лёгкакрылай Беларусі што ні двор – то песня, што ні вёска – то царства садоў. Суайчыннікі, жывіце ды віце гнёзды дома! Бо самы салодкі – з роднай хаты дым. Святое і салодкае ніколі не знойдзеш на чужыне.
Роднае поле
Нашы продкі добра ўсвядомілі: жыць – значыць, жыта сеяць. Хочацца і сёння пакланіцца нізка-нізка хлебаробам Айчыны. Чаму ў нас няма помнікаў аратым? Усе яны робяць надзвычай важную працу, і самая важная паэма іх жыцця – гэта роднае поле. Мой дзед быў аратым. Хлебаробам нястомна працаваў увесь свой век і бацька.
“Луста хлеба далонь грэе”, часта любіла казаць за сямейным сталом бабуля Таццяна. Чалавеку не трэба іншага раю, чым родная зямля. Сама праца на зямлі – простая, як хлеб, але глыбокая, як душа хлебароба. Родная зямля зімой і летам, восенню і вясной спявае гімн жыццю. На зямельцы кожнаму ёсць месца. Новым калоссем і адраджаецца поле.
Сей жыта, браце, сей! Сей у імя будучых пакаленняў беларусаў! Няхай зямля ніколі не адвернецца ад дзяцей!
Родны бор
У лесе маленства так цудоўна адпачываеш душою і сэрцам. Родны гай ніколі не здрадзіць. Тут самыя смачныя ў свеце грыбы і ягады. Тут нават зязюля дапамагае табе шчасце лічыць. Што ні кажы: родны гай – боскі рай.
I самая высокая свабода – у лесе дзяцінства. У лесе твайго жыцця. На малой радзіме бор – ажно пад самае неба. Родны бор як руплівы і дбайны бацька. Пачакай, затрымайся тут, спыніся на імгненне: лес цябе і вылечыць, і адухатварыць, дасць моцы на далейшае шчаслівае жыццё.
Родны лес – наш лёс і аўтограф, любоў і жыццёвыя мроі.
Канстанцін КАРНЯЛЮК.