І не змоўкнуць ніколі ў свеце Купалавы словы

 

І не змоўкнуць ніколі ў свеце Купалавы словы

Общество
11.07.2022
597
Сёлета адзначаецца 140-гадовы юбілей з дня нараджэння паэта, драматурга, публіцыста Янкі Купалы.   Літаратурна-мастацкая спадчына беларускага песняра – вялікае нацыянальнае багацце. Творы паэта трывала ўвайшлі ў наша паўсядзённае жыццё, сталі неад’емнай часткай духоўнай культуры народа. Дзякуючы свайму таленту Янка Купала на поўны голас змог сказаць сваім сучаснікам і нашчадкам, народам іншых краін праўдзівае слова пра Беларусь, яе мінулае, нацыянальны характар беларусаў.

І не змоўкнуць ніколі ў свеце купалавы словы. Сустрэча ў бібліятэцы..jpg

І не змоўкнуць ніколі ў свеце купалавы словы. Сустрэча ў бібліятэцы.

Юбілейны год нараджэння класіка адзначаны шэрагам культурна-масавых мерапрыемстваў, якія правялі бібліятэкі-філіялы Смаргоні.

У філіяле “Лешчаняцкая сельская бібліятэка” прайшло літаратурнае караоке “Мелодыю мовы славянскай я чую”. Бібліятэкар на прыгожай беларускай мове чытала вершы Янкі Купалы, удзельнікі мерапрыемства дэкламавалі  вершы паэта на фоне музычных твораў беларускіх, рускіх і замежных кампазітараў.

Работнікі філіяла “Гарадская бібліятэка №3” запрасілі школьнікаў з летняга лагера на пляцоўку каля бібліятэкі  на літаратурны альбом “Славутыя сыны Беларусі: Якуб Колас і Янка Купала” і пазнаёмілі  з біяграфіяй знакамітых класікаў, разам з дзецьмі чыталі ўрыўкі з твораў, адказвалі на пытанні віктарыны, чыталі прыказкі і прымаўкі.

Супрацоўнікі філіялаў “Гарадская бібліятэка №1” і “Гарадская дзіцячая бібліятэка” арганізавалі і правялі для членаў клуба “Ліра” і актыўных чытачоў літаратурна-музычны вечар “І не змоўкнуць ніколі ў свеце Купалавы словы”. Вядучая паведала пра тое, што ўся літаратурная спадчына паэта засведчана асабіста перажытымі хваляваннямі, што кожны твор Янкі Купалы – споведзь, дзённік, па якім можна ўзнавіць увесь шлях песняра. Госці з задавальненнем удзельнічалі ў літаратурных конкурсах і інтэрактыўнай віктарыне, чыталі ўрыўкі з вершаў “Спадчына” і “Мужык”, адказалі на пытанні інтэрактыўнай віктарыны “Песняры вядомыя і невядомыя”. Упрыгожыла мерапрыемства пастаноўка беларускай народнай казкі “Не вытрываў” у выкананні лялечнага тэатра “Праменьчык”.

У філіяле “Раённая дзіцячая бібліятэка” прайшлі літаратурныя чытанні “Мне сняцца сны аб Беларусі” і гучныя чытанні “Твае Песняры, Беларусь!”. У ходзе мерапрыемстваў удзельнікам была прадстаўлена слайд-прэзентацыя “Янка Купала”, якая распавядала пра жыццёвы і творчы шлях пісьменніка. Шмат увагі было звернута на дзіцячыя гады Я. Купалы, на мясціны, дзе нарадзіўся і рос будучы пясняр роднага краю. Школьнікі даведаліся, чаму Янка Луцэвіч стаў звацца Янкам Купалам.

Літаратурны калейдаскоп.jpg

Літаратурны калейдаскоп.

У філіяле “Войстамская сельская бібліятэка” на вечар-партрэт “Беларускай песні ўладар” сабраліся прыхільнікі творчасці Янкі Купалы. Прайсці па жыццёваму шляху і завітаць у госці да паэта запрасіла вядучая Ірына Івашкевіч. Удзельнікі мерапрыемства згадзіліся, што купалава творчасць – цудоўна-непаўторнае люстра, у якім праўдзіва, ярка, хвалююча адбілася шматграннасць жыцця беларускага народа. Пісаць аб народзе, па-народнаму і для народа – такі дэвіз Купалы на ўсіх этапах яго творчасці.

Юлія Жук,

загадчык аддзела маркетынгу і

 сацыякультурнай дзейнасці

Смаргонскай раённай бібліятэкі.