У Крэўскім замку знайшлі старажытны тунэль
Тыя самыя прыступкі, якія “раскапалі” ў Крэве навукоўцы.
“Для нас гэта сенсацыя, - не хаваючы радасці паведамляе Алег Дзярновіч, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. – Гэта вельмі рэдкая знаходка, бо многія канструкцыйныя элементы былі панішчаныя ў замку войнамі, найперш Першай сусветнай. Падчас даследавання Малой вежы, калі мы расчысцілі частку захаванага тунэля ўнутры вежы, нечакана выявілі пяць прыступак, на якіх ёсць адбіткі драўляных бэлек – значыць, прыступкі былі драўляныя. Гэта стала адкрыццём і для архітэктараў-праекціроўшчыкаў ААТ “Белрэстаўрацыя”, якія літаральна праз тры дні пасля таго, як археолагі выявілі знаходку, прыехалі ў Крэўскі замак”.
Тунэль адметны тым, што зверху ён быў заліты забутоўкай з вапнавай рошчыны, камянёў, бітай цэглы. “Я мяркую, што старажытны тунэль са сходамі можна аднесці да XIV стагоддзя. Справа ў тым, што ў 1433 годзе войска Свідрыгайлы штурмавала Крэўскі замак. Замак моцна пацярпеў і яго неабходна было адбудоўваць. Мы выразна бачылі па даследаваннях у Княжскай вежы і тут таксама відаць, што адбудоўвалі і Малую вежу, але па іншых прынцыпах: разбураны верх залілі забутоўкай. Таму цяпер знойдзеныя сходы нікуды не вядуць”, - зазначыў Алег Іванавіч.
Цяпер для навукоўцаў з’явіўся шэраг пытанняў: “Як аконтурыць старажытны тунэль? Як яго экспанаваць? Як зрабіць там вентыляцыю, каб вільгаць не збіралася?
Дарэчы, падчас Першай сусветнай вайны ў Малой вежы нямецкія войскі зрабілі бункер. Таму навукоўцам важна захаваць і знойдзеную канструкцыю XIV стагоддзя, і паказаць месца памяці Першай Сусветнай вайны. Паколькі Малая вежа цяпер знаходзіцца на кансервацыі, то неабходна тэрмінова ўносіць змены ў праект.
Алег Дзярновіч адзначае, што падобны тунэль, але большых памераў, быў у Княжскай вежы Крэўскага замка. Таму новая знаходка мае і практычны сэнс – дапаможа рэстаўратарам пры складанні праекта рэканструкцыі галоўнай абарончай вежы. Меркавалася , што яе цалкам будуць выкладваць цэглай і камянямі, а тут аказалася, што трэба яшчэ і дрэва выкарыстоўваць.
Вось так будуць выглядаць прыступкі Малой вежы пасля рэканструкцыі (архітэктар – Андрэй ШУЛАЕЎ).
Галіна АНТОНАВА.
Фота Алега ДЗЯРНОВІЧА.