“Слова добрае – кавалачак шчасця, слова ласкавае – як усмешка”. Свой жыццёвы юбілей адзначыла Тамара Рамановіч

 

“Слова добрае – кавалачак шчасця, слова ласкавае – як усмешка”. Свой жыццёвы юбілей адзначыла Тамара Рамановіч

Общество
06.06.2022
1169
На маім шляху часцей сустракаюцца вельмі добрыя людзі”, - гэту думку выказала напрыканцы нашага інтэрв’ю Тамара Рамановіч, намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, начальнік аддзела дзяржаўнай службы занятасці. Але мне хочацца пачаць свой нарыс менавіта з гэтага сцвярджэння. На мой погляд, толькі адкрытыя, шчырыя, улюбёныя ў жыццё людзі могуць прыцягваць да сябе дабрыню.

IMG_9835.JPG

Асобы фарміруюць характар

Успаміны адносяць маю гераіню ў дзяцінства. Яе ўяўленне малюе постаць народнага артыста СССР Генадзя Іванавіча Цітовіча – беларускага харавога дырыжора, музыказнаўцу, этнографа. Менавіта ён стварыў народны хор у 1952 годзе ў вёсцы Вялікае Падлессе (на Ляхавіччыне). У 1959 – рэарганізаваў яго ў Беларускі дзяржаўны ансамбль песні і танца, а ў 1964 – у Дзяржаўны хор БССР, якім кіраваў да 1974 года. “Я нарадзілася ў Вялікім Падлессі, - зазначае Тамара Рамановіч. -  Мая мама літаральна з моманту заснавання хору была яго салісткай і спявала ў ім яшчэ і на пенсіі. Тата таксама спяваў, але нядоўга, а вось сябраваў з Генадзем Іванавічам увесь час. Цітовіч часта бываў у нас дома, любіў нашу вёску, людзей, простыя вясковыя стравы з печы… А колькі ён ведаў песень, анекдотаў, жартаў!.. Калі ў нас гасцяваў Цітовіч, мы не спалі ўсю ноч. Неверагодная асоба, шырокай душы чалавек. Мне і дагэтуль прыемна гаварыць пра Генадзя Іванавіча.

Бацькі мае працавалі ў калгасе. Бацька – высокапрафесійны спецыяліст у многіх кірунках, палачка-выручалачка для вяскоўцаў, летам – перадавы камбайнер. Мама была цялятніцай на ферме, а ў вольны час “хадзіла на спеўку”. Яна ўвогуле была артысткай у душы. У час вайны ў складзе агітбрыгады ездзіла ў шпіталь, чытала вершы, спявала перад раненымі байцамі. Калі стала салісткай хору, то не толькі наш і суседнія раёны аб’ездзіла з канцэртамі, але і ў розных кутках Беларусі пабывала, у Маскве – некалькі разоў. Хор выступаў і перад Іосіфам Сталіным. А песні ў яе выкананні на беларускім радыё гучалі,  нават калі я стала дарослай”.

Масква, камсамольскі з’езд

IMG_1118.JPG

Тамара расла ў атмасферы творчасці і працы. У школе – актывістка, выдатніца, вядучая мерапрыемстваў. Яшчэ школьніцай прадстаўляла вучнёўскую моладзь  Брэстчыны на ХVІІІ з’ездзе Усесаюзнага ленінскага камуністычнага саюза моладзі, які праходзіў у Маскве вясной 1978 года. Адкрываў з’езд Генеральны сакратар ЦК КПСС Леанід Брэжнеў, пасля яго выступіў першы сакратар ЦК УЛКСМ Барыс Пастухоў. “Калі ў залу ўваходзілі члены палітбюро, уся публіка ўзрывалася апладысментамі. Гэта было нешта нерэальнае, - успамінае мая суразмоўца. - Мы шчыра верылі ў ідэалы камсамола. Мы ганарыліся сваёй дзяржавай.

Потым было спартыўнае свята ў Лужніках, канцэрт “зорак” савецкай эстрады. Там дзяўчына падарыла букет аднаму з любімых артыстаў – Мусліму Магамаеву, пазнаёмілася з вядомым земляком  – касманаўтам Пятром Клімуком, пабывала на сустрэчы з Міністрам асветы СССР Міхаілам Пракоф’евым”. Дома дзяўчына адразу стала “зоркай”: на працягу некалькіх месяцаў ездзіла не толькі па Ляхавіцкім, але і суседніх раёнах, дзялілася ўспамінамі і ўражаннямі ад паездкі.

“Умець саступіць адно аднаму”

Сваё прафесійнае жыццё Тамара планавала звязаць з медыцынай. Скарэктавала планы сваячка, якая пераканала дзяўчыну, што варта ісці ў політэхнічны інстытут, на будаўніча-тэхналагічны факультэт. Так і зрабіла. Пра што не пашкадавала, бо тут не толькі было цікава вучыцца. У інстытуце яна  неўзабаве знайшла свайго чалавека: на першым курсе пазнаёмілася з Іванам, які вучыўся на машынабудаўнічым факультэце. На другім курсе Тамара выйшла за яго замуж. І вось ужо 41 год гэтыя людзі разам. “У нас было камсамольскае, студэнцкае вяселле, - кажа Тамара Аляксееўна. - Пасля першамайскай дэманстрацыі мае і мужавы аднагрупнікі паехалі да мяне дадому. У нашым вясковым клубе, дзе пастаянна праводзіў рэпетыцыі хору Генадзь Цітовіч, нас урачыста распісалі. Гулялі вяселле на два бакі. З Ляхавіцкага мы адразу паехалі на радзіму мужа ў Лунінецкі раён. Наша вяселле студэнцкія сябры ўспамінаюць і па сённяшні дзень”.   

“Галоўнае ў сям’і – умець саступіць адно аднаму. Вось такі просты “сакрэт даўгалецця” любой сям’і, - лічыць Тамара Аляксееўна. - Добра, калі з гадамі людзі пачынаюць усведамляць каштоўнасць сям’і, цаніць адно аднаго. Праблем хапае і па-за межамі дома. І калі дом з’яўляецца сапраўды крэпасцю, а муж, дзеці, унукі падтрымліваюць, саграваюць і словам, і сэрцам,  то гэта шчасце. Мы з мужам заўсёды разам – і ў горы, і ў радасці”.

Прадказанне ад Ганчарова

Пасля заканчэння ВНУ Рамановічы  паехалі па размеркаванні ў Гродна. Тамара стала працаваць інжынерам па рацыяналізацыі на заводзе карданных валаў, а муж за тры гады “даслужыўся” да намесніка галоўнага тэхнолага. Гродна маляваў для Рамановічаў прыемныя прафесійныя перспектывы, а вось жыллёвае пытанне ў абласным цэнтры вырашалася складана. І тут на вочы Тамары трапілася інфармацыя ў газеце “Знамя юности” пра тое, што ў Смаргоні  аб’яўлена ўсесаюзная камсамольская будоўля. З усіх саюзных рэспублік запрашалі людзей на работу ў невялікі райцэнтр Беларусі і абяцалі жыллё.  Тамара рашылася паехаць у Смаргонь, пабачыць і пачуць інфармацыю з першых вуснаў, сустрэлася з намеснікам дырэктара завода па кадрах Дзмітрыем Ганчаровым, які, развітваючыся з новай знаёмай, прадказаў, што яе “муж яшчэ стане дырэктарам завода” (і не памыліўся).  

Пасля пэўных сумненняў і ваганняў Рамановічы рушылі ў Смаргонь. Тамара Аляксееўна адпрацавала на заводзе 13 гадоў. Была інжынерам праектна-каштарысных работ, начальнікам бюро рэкламы ў аддзеле маркетынгу і начальнікам аддзела знешне-эканамічнай дзейнасці.

 “Я люблю творчую работу, люблю працаваць з людзьмі. Калі б я засела толькі за паперы, мне было б вельмі складана”, - прызнаецца мая гераіня. У паслужным спісе Тамары Рамановіч – намеснікам дырэктара гандлёвага цэнтра “Смаргонскі агрэгатны завод”, дырэктар магазіна “Праінтэкс”, начальнік ЖЭУ будтрэста.

Жыць для людзей

На працягу апошніх 20 гадоў яе дзейнасць звязана з беспрацоўнымі. У ліпені 2002 года Тамара Аляксееўна стала дырэктарам Смаргонскага раённага цэнтра занятасці. На той час Смаргонь была горадам з самым высокім узроўнем беспрацоўных (на ўліку стаяла больш за 1300 чалавек). Вельмі складана было з працаўладкаваннем жанчын. “Цяпер сітуацыя іншая, - кажа мая субяседніца. - Цяпер у нас на ўліку 50 – 60 чалавек. На аднаго беспрацоўнага – 10 вакансій, а раней было 20 – 30 чалавек – на адну вакансію. Эканоміка раёна стала нашмат мацнейшай, увесь час з’яўляюцца новыя працоўныя месцы, і мы стараемся ісці ў нагу з часам, стараемся рыхтаваць з ліку беспрацоўных запатрабаваных спецыялістаў.

Работу сваю люблю. Многія мае равеснікі ўжо заслужана адпачываюць, а я пакуль яшчэ працую і радуюся ад таго, што магу прыносіць карысць грамадству.

Аглядаючыся на пражытыя гады, магу сказаць, што я – шчаслівы чалавек. Мае родныя – маё жыццё, мае гонар і радасць. Калі задаць пытанне: “Для чаго і для каго чалавек жыве?”, то можна адназначна адказаць: “Не для сябе”. Ён жыве для людзей – родных, блізкіх і нават незнаёмых. І адносіцца адно да аднаго мы павінны, як вучаць запаведзі Божыя.  Знаходзіць моманты для яднання і любові.

…Былі складаныя гады ў маім жыцці, калі мы жылі сціпла ў матэрыяльным плане, але паміж людзьмі панавалі вельмі шчырыя, цёплыя, сяброўскія стасункі. І гэта вышэй за любы дастатак. Тое, чаго так не хапае ў сучасным свеце. Але гэта трэба шукаць і знаходзіць. Дабрыня выратуе свет”.

IMG_1091.JPG

IMG_1098.JPG

IMG_1112.JPG

4 чэрвеня Тамара Аляксееўна  адзначыла свой чарговы жыццёвы юбілей. З гэтай нагоды павіншавалі калегі і намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Шчэберака, якая ўручыла юбілярцы Ганаровую грамату райвыканкама. З задавальненнем і мы далучаемся да віншаванняў.

Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара.