Герб і сцяг Беларусі – увасабленне незалежнасці і нацыянальнага духу
Такія складаныя паняцці дзецям усвядоміць цяжкавата, таму на дапамогу прыйшла легенда, якая вельмі зацікавіла школьнікаў. У ёй сцяг, герб і гімн паказаны як тры сыны маці. Аднаму сыну – гербу – маці даверыла насіць карону з жытняга калосся, ільну і канюшыны, якімі квітнее беларуская зямля. Другому сыну – сцягу – пашыла чырвона-зялёна-белую вопратку, па якой людзі цяпер пазнаюць нашу мужную зямлю. А трэцяга сына папрасіла спяваць яе самую любімую і дарагую песню – гімн Беларусі. Праз такую паралель са зразумелымі для дзяцей сямейнымі адносінамі вучні ўбачылі, якое важнае значэнне дзяржаўныя сімвалы маюць для краіны.
Навучэнцы ўважліва разгледзелі Дзяржаўны герб, выказалі свае меркаванні пра тое, як кожны элемент апісвае нашу краіну і народ. Падчас гульні “Самы ўважлівы” дзеці параўналі ранейшы варыянт герба з абноўленым у 2021 годзе і адзначылі змены ў форме каласоў, кветачак ільну і канюшыны. Таксама вучні заўважылі, што змяніўся колер контуру Рэспублікі Беларусь і мацерыкоў на зямным шары.
Пасля трэцякласнікі разабраліся, што сімвалізуюць колеры Дзяржаўнага сцяга, асабліва іх зацікавіў арнамент. Яны даведаліся, што ў кожны сімвалічны малюнак укладаецца пэўны сэнс, узор можа абазначаць прадмет або з’яву. Арнамент на сцягу расказвае пра майстэрства і працалюбства – галоўныя якасці беларусаў.
Пад канец занятку вучні ўзгадалі, як трэба сябе паводзіць у час гучання Дзяржаўнага гімна, і ўсім класам праспявалі яго. Гэтая класная гадзіна стала своеасаблівай падрыхтоўкай школьнікаў да Дня Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь, які ў гэтым годзе будзе адзначацца 8 мая.
Наталля ПАРЖОН,
настаўнік пачатковых класаў
Асінаўшчызненскіх ясляў-сада - пачатковай школы.